Сярод іншага, у інтэрвію Алесь Бяляцкі адказаў,
- чаму ў 2021 годзе вырашыў заставацца ў Беларусі, разумеючы маштаб рэпрэсіяў і маючы папярэдні досьвед палітвязьня;
- як даведаўся аб прысуджэньні яму Нобэлеўскай прэміі,
- ці паўплывала гэта на ягоны побыт у турме;
- як даведаўся пра напад Расеі на Ўкраіну і ці ўсе вязьні разумелі, хто ў гэтай вайне агрэсар.
- Алесь Бяляцкі таксама выказаў зычэньні тым, хто застаецца ў турмах, тым, хто ў эміграцыі і надалей чакае пераменаў да лепшага ў Беларусі.
У трэцяй публікацыі прапануем аповед Алеся Бяляцкага пра тое, чаму ён зь іншымі лідэрамі «Вясны» Ўладзем Лабковічам і Валянцінам Стэфановічам ня выехаў зь Беларусі перад арыштам.
— Хочам пагаварыць з вамі, Алесь, як з праваабаронцам у турме, набэлістам у турме: што вы бачылі, што перажылі асабіста, у чым удзельнічалі, у чыім лёсе і якія высновы з гэта зрабілі, якою пабачылі Беларусь з таго боку кратаў.
І перш за ўсё хацеў бы спытаць, чаму ў 2021 годзе вы вырашылі заставацца ў Беларусі, разумеючы, як тое было папярэднім разам, калі вас арыштоўвалі, разумеючы маштаб рэпрэсіяў, якія на той момант ужо разгарнуліся. І ці абмяркоўвалі вы гэта з калегамі Стэфановічам і Лабковічам?
— Сапраўды, мы былі ў гушчы падзеяў 2020 і 2021 году, хоць і ў ня першых радох, але што тычылася дапамогі рэпрэсаваным, збору інфармацыі, распаўсюду інфармацыі — «Вясна» рабіла ўсё дзеля таго, каб сабраць інфармацыю пра людзей, якіх тады масава білі і саджалі, якія невядома куды дзяваліся, і пра іхныя лёсы.
Шукалі магчымасьці для дапамогі. І напачатку, калі ўдар ўладаў прыходзіўся па шырокіх колах актывістаў, палітычных актывістаў, нас дзесьці не заўважалі: відавочна, што ў КДБ, міліцыі проста не хапала на ўсіх сілаў. Але ў 2021 годзе, калі яны паступова-паступова пашыралі абсяг рэпрэсіяў, стала зразумела, што і мы знаходзімся пад пільнай увагай.
У верасьні 2020 году ў нас была арыштаваная Марфа Рабкова, сяброўка «Вясны». У студзені 2021 году прайшлі першыя вобшукі ў нашых вясноўскіх сяброў, на офісах «Вясны». І пасьля гэтага стала зразумела, што неўзабаве могуць быць і рэпрэсіі непасрэдна, пэрсанальна супраць тых, хто працаваў у «Вясьне» ўжо вельмі даўно, хто вядомы, хто даваў інтэрвію, хто працаваў у розных кірунках праваабарончай дзейнасьці ў Беларусі.
Мае калегі ў гэты час выяжджалі на канфэрэнцыю за мяжу, і калі яны вярталіся ў Беларусь у ліпені 2021 году, то на мяжы іх спынілі, быў вельмі дэталёвы вобшук. Гэта быў яшчэ адзін трывожны званок, пасьля якога мы сустракаліся з Уладзем Лабковічам і з Валянцінам Стэфановічам. Нагадаю, гэта быў час ковіду. Памятаю як зараз, як мы сядзелі ў розных кутах пакою і размаўлялі пра нашыя будучыя пляны, пра тое, што можа адбыцца.
І я тады сказаў, што мне як старшыню арганізацыі, якая ўжо цярпіць ад рэпрэсіяў — а нашыя валянтэры і Марфа Рабкова ўжо тады сядзелі ў турме — не выпадае зараз уцякаць на эміграцыю, сыходзіць, зьяжджаць зь Беларусі, бо гэта будзе выглядаць не зусім слушна. Тым больш што на вядомасьць нашай арганізацыі, «Вясны», зважалі, безумоўна, і беларускія ўлады, і міжнародная супольнасьць. Мы павінны былі трымаць гэты ўдар і быць разам з ахвярамі палітычных рэпрэсіяў, увогуле з шырокім колам людзей, якія працягвалі супраціў, мы мусілі дапамагаць, мы дапамагалі ў Беларусі да апошняй хвіліны, знаходзячыся там, тым, хто ўжо зьняволены. Гэта была дапамога самага рознага віду: і перадачы ў турмы, і маральная дапамога сем’ям, і збор інфармацыі, прысутнасьць на судах, маніторынг гэтых палітычных судоў. Мы рабілі гэтую працу, пытаньне, ці зьехаць, мы абмяркоўвалі і вырашылі — не, застаемся.
І літаральна праз пару дзён пасьля гэта абмеркаваньня адбыліся арышты, затрымалі нас і таксама шэраг нашых сяброў зь «Вясны». Былі масавыя вобшукі, усяго больш за 120 вобшукаў па ўсёй Беларусі, датычных «Вясны». Гэта былі і рэгіянальныя офісы «Вясны», і менскія офісы, і нашы кватэры, куды ўломвалася міліцыя — апэратыўнікі праводзілі гэтыя вобшукі, гэта было вельмі маштабна, шырока. У СІЗА на Валадарцы засталіся мы ўтрох — Уладзь Лабковіч, Валянцін Стэфановіч і я. Пэўны час там знаходзілася і жонка Ўладзя Лабковіча, але праз 10 дзён, дзякуй Богу, яе выпусьцілі, і мы засталіся ўтрох у такой сытуацыі, разам з сотнямі іншых палітвязьняў, якія на той час былі ў Беларусі.
Маральна я быў гатовы, для мяне гэта было дэжавю, як быццам бы я вярнуўся, адкруціўшы 8 гадоў, у той час, калі я сядзеў на Валадарцы. У 2021 годзе я зноў апынуўся там, толькі ў суседніх ўжо «хатах», у суседніх камэрах.
Было адчуваньне, што вось усё тут знаёмае, што машына правярнула нейкі кавалак жыцьця, і ты зноў вярнуўся ў гэтыя не зусім, я сказаў бы, нармальныя ўмовы. Бо там заўсёды перанаселена, заўсёды праблемы з мэдыцынай, усялякія іншыя праблемы. Вярнуўся ў гэтае цяжкае становішча.
Мы засталіся, іншая справа, што, можа быць, мы не спадзяваліся, не разьлічвалі, што наша зьняволеньне будзе такім доўгім. З моманту затрыманьня да моманту вызваленьня мяне і Ўладзя Лабковіча, якое адбылося 13 сьнежня 2025 году, прайшло 4 гады і 5 месяцаў, лічы 4 з паловай году. А Валянцін Стэфановіч дасюль працягвае сядзець, у яго гэты турэмны лічыльнік, таймэр не спыніўся, ён працягвае цікаць дзень за днём, зьняволеньне працягваецца.
Што паўплывала на такое доўгае, працяглае зьняволеньне — тэрміны ў нас былі даволі вялікія, мне далі 10 гадоў зняволеньня, Валянціну — 9, Уладзю — 7 гадоў? Паўплывала, безумоўна, сытуацыя з вайной ва Ўкраіне, якая раптам і саму тэматыку і праблематыку Беларусі адсунула на задні плян, і тое, што ў нас пачалося фактычна ваеннае становішча. Беларусь вельмі моцна была ўцягнутая ў гэтую ваенную кампанію, ня трэба казаць, колькі расейскай вайсковай тэхнікі праехала празь Беларусь. Зь Беларусі пачалася ўвогуле ўся вайна: расейскія войскі ўвайшлі ва Ўкраіну зь беларускай тэрыторыі.
І, безумоўна, трагедыя, што наша знаходжаньне ў турме ў нейкай ступені абясцэненае, мы сталі закладнікамі, мы сталі ў вялікім сэнсе, можна сказаць, палоннымі, якімі былі фактычна до апошняга дня зьняволеньня, да нашага вызваленьня.
— Алесь, мы яшчэ вернемся до гэтых балючых тэмаў — тэмы вайны і тэмы вашага ўтрыманьня ў турме — але я зараз хацеў бы вярнуцца да той вашай сустрэчы трох, яшчэ на волі, у розных кутках аднаго памяшканьня. Гэта значыць, вы распрацавалі нейкі «плян Б» на выпадак арышту ўсяго кіраўніцтва «Вясны»?
— Паступова нашы сябры, іншыя сябры арганізацыі пасьля арышту Марфы і пасьля першых вобшукаў у студзені 2021-га году фактычна выехалі зь Беларусі. Мы арганізавалі гэты выезд нашых сяброў. Валянцін Стэфановіч так і сказаў пра гэта на судзе ў сваёй апошняй прамове: мы гатовыя сядзець у турме, бо сама «Вясна», наша маладзейшае пакаленьне, якое вырасла за 25 гадоў існаваньня «Вясны» (дарэчы, у наступным годзе будзе ўжо 30 гадоў), выехала за межы, і «Вясна» працягне жыць і працаваць далей, нягледзячы на тое, што мы, заснавальнікі «Вясны», якія працавалі там па 20 гадоў, знаходзімся ў няволі.
— Мы бачылі, як плённа працуе «Вясна», як яна робіць неймаверныя справы, а вам было вядома пра гэта там?
— Я быў адзін раз у Вільні пасьля выезду «Вясны» зь Беларусі, нягледзячы на ковід. Мы ня проста плянавалі эвакуацыю, каб людзі зьехалі, сядзелі там і чакалі, пакуль зьменіцца сытуацыя, а каб яны, зьехаўшы, адразу падключаліся да працы і працягвалі фактычна ўсе кірункі, якімі займаецца праваабарончы цэнтар «Вясна».
Таму праца не спынялася, яна адразу была працягнутая. Мне ўдалося пабываць тут, у Вільні, напачатку 2021 году, калі тут быў адчынены першы офіс «Вясны» і яго праца, дзякуй Богу, пачалася. Я вярнуўся ў Менск. Некалькі месяцаў як ужо пачалося гэтае іхнае асобнае жыцьцё ад нас. Хоць трэба сказаць, што калі праваабаронцы знаходзяцца ў турме, сытуацыя парадаксальная — там ты не займаесься праваабаронай, бо ў цябе няма такіх магчымасьцяў. Але сам факт знаходжаньня праваабаронцы ў турме фактычна зьяўляецца працягам нашай працы, нашай дзейнасьці, проста што ў іншай форме.
Нашы сябры за мяжой працавалі ў нашых традыцыйных кірунках. А мы сядзелі і гэтым сваім сядзеньнем сьведчылі — у Беларусі ўзровень дэмакратыі нулявы ці адмоўны, як і ўзровень захаваньня правоў чалавека, і стаўленьня ўладаў да грамадзянскай супольнасьці. Бо знаходжаньне правабаронцы ў турме любой краіны — гэта самы першы маркер, які паказвае, што адбываецца з правамі чалавека ў гэтай краіне. Тое ж самае ў Беларусі. Знаходжаньне ў турме праваабаронцаў, журналістаў ярка паказвае, што ў краінах ідуць масавыя рэпрэсіі, адсутнічае дэмакратыя, адсутныя правы чалавека. Краіна знаходзіцца ў крытычным, ненармальным стане.
Мы праходзілі ўсё гэта 100 гадоў таму. Самае цікавае, што гісторыя зрабіла кола. У 1920-30-я гады ў Беларусі адбываліся масавыя рэпрэсіі супраць беларускай інтэлігенцыі, супраць моладзевых актывістаў, супраць пісьменнікаў, гісторыкаў, дзеячоў культуры, увогуле тых людзей, якія стваралі незалежную Беларусь, але не былі камуністамі па сваіх перакананьнях. Яны ўсе былі пасаджаныя, рэпрэсаваныя. І кола гэтае правярнулася.
Хто такі Алесь Бяляцкі
Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.
- Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
- У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
- Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
- У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
- У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
- З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
- У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
- У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
- 4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
- У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
- 21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
- За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
- Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
- Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
- 14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
- Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
- 7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.
- 3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. Яго асудзілі разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
- З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі меў вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам.
- Адбываў пакараньне ў папраўчай калёніі нумар 9 у Горках.
- Датэрміновы вызвалены і вывезены ў Літву 13 сьнежня 2025 году.