Лідэры дэмакратычных партый і рухаў, якія зьбіраюцца ладзіць 24 сакавіка мітынг і канцэрт у Кіеўскім сквэры Менску, наведалі Менгарвыканкам, каб узгадніць захады бясьпекі на імпрэзе.
Як расказаў Свабодзе па выніках візыту старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў, сярод іншага абмяркоўвалі магчымасьць павелічэньня колькасьці месцаў для правядзення масавых акцый у горадзе.
Паводле Барысава, чыноўнікі пагадзіліся, што ў кожным раёне Менску мусіць быць адкрытая пляцоўка, дзе зборы, пікеты ды іншыя акцыі змогуць адбывацца паводле паведамляльнага прынцыпу ў мясцовыя органы ўлады.
Пры гэтым апазыцыянэрам прапанавалі падаць свае варыянты адрасоў, якія, зь іхнага гледзішча, найбольш пасуюць на той ці іншай тэрыторыі.
Прадстаўнікі апазыцыі падавалі заяўкі на адзначэньне чарговай гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці БНР на стадыёне «Дынама», ля Опэрнага тэатру, на пляцоўцы перад Палацам спорту.
Аднак кіраўніцтва Менгарвыканкаму ўсе варыянты адпрэчыла, параіўшы зьбірацца ў месцах, вызначаных пад гэтыя мэты. У выніку арганізатары менскага канцэрту на Дзень Волі-2019 пагадзіліся на Кіеўскі сквэр.
Што важна ведаць пра Дзень Волі-2019
- 1 сакавіка — Аляксандар Лукашэнка вусна забараніў сьвяткаваць Дзень Волі канцэртам на стадыёне «Дынама», як таго хацелі арганізатары #БНР100 — кажа: «Ідзіце на Бангалёр».
- 23 сакавіка ў Горадні — канцэрт у Калоскім парку з удзелам Зьмітра Вайцюшкевіча, Лявона Вольскага, гуртоў Nizkiz, «Крама», «Дай дарогу!» і Dzieciuki. Ад 3 да 5 тысяч гледачоў.
- 23–24 сакавіка — акцыі беларусаў у Варшаве, Вільні, Кіеве, Нью-Ёрку, Празе ды іншых гарадах.
- 24 сакавіка ў Менску — мітынг-канцэрт у Кіеўскім сквэры з удзелам «Дай дарогу», N.R.M., «Разьбітага сэрца пацана» ды іншых. Ад 1500 (паводле міліцыі) да 5–7 тысячаў (паводле арганізатараў) гледачоў. Затрыманыя Натальля Басалыга-Гарачка і Зьміцер Дашкевіч.
- 25 сакавіка ў Гомлі — акцыя памяці герояў БНР.
- 25 сакавіка ў Віцебску — адзіночны пікет Барыса Хамайды, які расцанілі як «парушэньне парадку ўтрыманьня населеных пунктаў».
- 25 сакавіка ў розных гарадах — людзі вывешвалі бел-чырвона-белыя сьцягі на заклік арганізатараў #БНР101, уладам не спадабалася.
- 25 сакавіка ў Менску на Кастрычніцкай плошчы — акцыя Алены Талстой (прыкавала сябе да слупа), затрыманьні палітыкаў і мінакоў. Праз тры гадзіны вызваленыя ўсе, акрамя Талстой, пратаколаў аб парушэньнях не складалі.
- 25 сакавіка ў Менску на пешаходных вуліцах — затрыманьні музыкаў (Аракелян, Вайцюшкевіч, Варашкевіч і Вольскі), якія анансавалі, што зьбіраюцца прагуляцца і ўзяць з сабой музычныя інструмэнты. Пасьля затрыманьня дзясяткі людзей сьпявалі хорам песьні Вольскага, міліцыя пагражала затрыманьнямі і гвалтам. Праз тры гадзіны музыкі вызваленыя.
- 25 сакавіка ў розных гарадах — салюты ў гонар Дня Волі.
Што яшчэ пачытаць, паслухаць, паглядзець пра БНР
- Праект Сяргея Шупы «Падарожжа ў БНР» (тэкст + аўдыёпадкасты) і аднайменная кніга (PDF)
- 10 малавядомых месцаў на мапе Беларусі, зьвязаных з БНР
- Беларускае «Слова 2018 году» — БНР
- Дзень Волі — 2018 стаў самым масавым у 21 стагодзьдзі. ІНФАГРАФІКА