Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 малавядомых месцаў на мапе Беларусі, зьвязаных з БНР


Дом Маліна на Серпухаўскай вуліцы ў Менску. Тут была абвешчаная незалежнасьць Беларусі

Беларускія гісторыкі правялі ў Менску круглы стол, падчас якога абмеркавалі стан ведаў пра стварэньне Беларускай Народнай Рэспублікі, а таксама прэзэнтавалі свой калектыўны твор — манаграфію «Шляхамі БНР. Да стагодзьдзя абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі».

Свабода выбрала з кнігі 10 месцаў у Беларусі, зьвязаных з гісторыяй БНР — першай спробы пабудаваць беларускую дзяржаву.

1. Дом, дзе абвясьцілі незалежнасьць БНР

Існуе памылковае меркаваньне, што БНР абвясьцілі ў будынку Менскага гарадзкога тэатру, дзе цяпер тэатар імя Янкі Купалы. У сьнежні 1917 году там сапраўды праходзіў Першы Ўсебеларускі зьезд, на якім была абмеркавана і сфармулявана ідэя ўтварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі, абраны яе кіроўныя органы. Але гэты зьезд разагналі бальшавікі, якія тады трымалі ўладу ў Менску. А вось абвяшчэньне БНР незалежнай дзяржавай адбылося 25 сакавіка ў іншым будынку, які таксама дагэтуль захаваўся. Гэта дом № 9 па вуліцы Валадарскага, у канцы 20 стагодзьдзя вядомы як дом з «Чабурэчнай». Пабудавалі яго ў 1912 годзе, у 1918 ён належаў багатым менчукам Юдалю і Хаі Маліным, тут месьціўся Сялянскі пазямельны банк, здаваліся кватэры ў арэнду.

Менскі гісторык Сяргей Харэўскі ў разьдзеле, напісаным для кнігі «Шляхамі БНР», гэтак апісвае падзеі, зьвязаныя з абвяшчэньнем тут незалежнасьці.

«З 19 сакавіка 1918 г. Народны сакратарыят БНР арандаваў залю ў памяшканьні Сялянскага пазямельнага банку на трэцім паверсе для сваіх паседжаньняў. 24 сакавіка 1918 г. у кабінэце старшыні Народнага сакратарыяту Язэпа Варонкі пачалося паседжаньне Рады БНР, якое завяршылася раніцай 25 сакавіка прыняцьцем Трэцяй Устаўной граматы, у якой Беларусь абвяшчалася вольнай і незалежнай дзяржавай. Тут жа, у памяшканьні Народнага сакратарыяту, ад красавіка працавалі курсы беларусазнаўства. Цягам усяго 1918 г. на доме вісела шыльда „Народны Сакратарыят Беларускай Народнай Рэспублікі“».

Паводле гістарычных зьвестак, Трэцяя Ўстаўная грамата аб незалежнасьці была прынятая а 8 гадзіне раніцы.

2. «Юбілейны дом», дзе найдаўжэй працаваў урад БНР

Зь дзейнасьцю БНР таксама цесна зьвязаны дом № 26 па праспэкце Незалежнасьці. Гісторыкам ён больш вядома як «Юбілейны дом», а жыхары сталіцы 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя памятаюць яго па абгортцы шакалядкі «Мінск».

«У гэтым доме праходзіла праца Рады БНР зь ліпеня па жнівень 1918 г., тут увесь час засядаў Народны сакратарыят, да чарговай бальшавіцкай акупацыі. З выгнаньнем бальшавікоў беларуская праца тут была адноўленая ад верасьня 1919 г.», — піша гісторык Сяргей Харэўскі.

Чым канкрэтна тут займаўся Народны сакратарыят? Сяргей Харэўскі, прыкладам, паведамляе пра прызначэньне галоўным архітэктарам БНР Лявона Вітан-Дубейкаўскага, які пачаў распрацоўваць дзяржаўныя нацыянальныя ўзнагароды, атрымаў субсыдыю на праектаваньне першай беларускай нацыянальнай гімназіі ў Будславе і пачаў там сваю дзейнасьць.

«Па загадзе польскай адміністрацыі Будслаўская беларуская гімназія была зачынена як „прытулак бальшавізму“», — гаворыцца ў кнізе «Шляхамі БНР» пра лёс гэтага праекту.

3. Гародня як другая сталіца БНР. Дэтэктыўная гісторыя пра ўкраінскую пазыку

У сярэдзіне сьнежня 1918 году, пасьля чарговага заняцьця Менску бальшавікамі, урад БНР, які тады называўся Радай Міністраў БНР, прыяжджае ў Гародню. Свае паседжаньні Рада Міністраў на чале з Антонам Луцкевічам праводзіла ў тагачасным гатэлі «Расія». Там жа разьмяшчаліся іншыя беларускія інстытуцыі. Будынак захаваўся, ягоны сучасны адрас — вуліца Савецкая, 23.

Старонка з кнігі «Шляхамі БНР»
Старонка з кнігі «Шляхамі БНР»

Гісторык з Горадні Андрэй Чарнякевіч у горадзенскім разьдзеле кнігі «Шляхі БНР» згадвае пра амаль дэтэктыўную гісторыю з украінскім крэдытам, які ўрад БНР здолеў атрымаць у якасьці пазыкі ад Украінскай Народнай Рэспублікі. Грошы з Украіны ў суме 4 мільёны карбованцаў сябры ўраду Аляксандар Цьвікевіч, Аркадзь Смоліч і Васіль Захарка вязуць праз Бэрлін.

«Адтуль яны, падзяліўшы каштоўны груз, паасобку дабіраліся да Гародні, каб гэткім чынам зьбіць са сьледу палякаў, якія арганізавалі сапраўднае паляваньне на ўкраінскія грошы», — піша Андрэй Чарнякевіч.

Таксама ён прыводзіць зьвесткі пра пляны адкрыць консульства БНР у Варшаве, пра перамовы БНР з урадам незалежнай Літвы ў Коўне і пра прызначэньне камісара БНР па Гарадзенскай губэрні Паўла Алексюка. Пра складанасьці гэтай працы можна меркаваць па наступнай заўвазе гісторыка: «У сувязі з палітычнымі варункамі ў губэрні П. Алексюку прадпісвалася весьці працу таемна як ад акупантаў, так і ад мясцовых грамадзян».

4. Казармы Першага беларускага гарадзенскага палку

Больш за 10 адрасоў у Горадні, зьвязаных з БНР і гісторыяй змаганьня за першую беларускую дзяржаву, пазначана ў кнізе «Шляхамі БНР». Сярод іх месцы, дзе былі першыя беларускія школы, дзе ўпершыню ў горадзе залунаў бел-чырвона-белы сьцяг, дзе пазьней за польскім часам судзілі ўдзельнікаў беларускай партызанкі. Сярод адрасоў і месца вайсковай памяці — Горкага 2/2. Тут, у былым «доме расейскага пасла», была кватэра беларускай камэндатуры і стаяла частка эскадрону Першага беларускага горадзенскага палку.

Полк пачалі ствараць у сьнежні 1918 году ў Вільні як беларускую частку ў складзе літоўскага войска. Але да Вільні набліжаліся бальшавікі, і далей полк фармавалі ўжо ў Горадні. Зь дзейнасьцю гэтага палку зьвязана імя аднаго зь міністраў БНР Кастуся Езавітава.

«Своеасаблівая „беларусізацыя“ палку пачынаецца ў сярэдзіне сакавіка 1919 г. разам з прызначэньнем Кастуся Езавітава ягоным новым камандуючым. 27 сакавіка полк афіцыйна атрымаў назву Першага беларускага горадзенскага палку пяхоты. На пачатку сакавіка беларускія часткі ў горадзе налічвалі каля 500 чалавек», — паведамляе гісторык Андрэй Чарнякевіч.

Паводле яго, Першы беларускі горадзенскі полк як асобная вайсковая адзінка праіснаваў да чэрвеня 1919 году і быў расфармаваны польскімі ўладамі.

5. Магілёў мог стаць першай сталіцай БНР

Магілёўская ратуша
Магілёўская ратуша

Але сярод губэрнскіх гарадоў Беларусі менавіта Магілёў найбольш актыўна падтрымаў БНР і нават, паводле мясцовых дасьледчыкаў Аляксандра Агеева і Ігара Пушкіна, мог стаць першай сталіцай БНР.

Гэтаму спрыялі ўсе ўмовы, уключна з арганізацыйнымі. Яшчэ ў красавіку 1917 году ў Магілёве быў створаны Беларускі нацыянальны камітэт (БНК) — грамадзка-палітычная арганізацыя беларусаў, якія сярод іншых нацыянальнасьцяў у горадзе зусім не былі дамінуючай групай. Але БНК хутка стаў уплывовай, як цяпер кажуць, структурай з прадстаўніцтвам ва ўсіх гарадзкіх установах.

Як прыклад надзвычайнай ініцыятыўнасьці магілёўскіх беларусаў суаўтары адпаведнага разьдзелу кнігі «Шляхі БНР» згадваюць такі факт: ужо ў чэрвені 1917 году БНК правеў у горадзе Дні вольнай Беларусі, падчас якіх прайшлі гуляньні, чыталіся лекцыі, распаўсюджваліся ўлёткі і было сабрана больш як 2 тысячы рублёў ахвяраваньняў — вялікая, як на тыя часы, сума. Сьвяткаваньне адбылося на гарадзкім вале, непадалёк ад магілёўскай ратушы.

На пачатку 2000-х гадоў гарадзкую ратушу аднавілі. Мясцовыя актывісты лічаць яе адным з галоўных сымбаляў барацьбы за незалежнасьць.

6. Як магілёўцы падтрымалі БНР

У канцы 1917 году на Першы Ўсебеларускі зьезд у Менск магілёўцы выправілі вялікую і прадстаўнічую дэлегацыю, а да таго актыўна абмяркоўвалі магчымасьці правесьці ў сваім горадзе зьезд беларускіх арганізацый і ў выніку абраць Беларускую краёвую думу. Ня дзіва, што пасьля абвяшчэньня 25 сакавіка дзяржаўнай незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі ў Магілёве ня проста віталі гэтую падзею, а падтрымалі яе на адмысловым сходзе з удзелам больш як 400 дэлегатаў. Гісторыкі Аляксандар Агееў і Ігар Пушкін у літоўскіх архівах знайшлі доказы, што гэты сход прайшоў ужо 31 сакавіка 1918 году.

«Сябры магілёўскага Беларускага нацыянальнага камітэту актыўна падтрымалі ідэю незалежнасьці. Іх намаганьнямі дэлегаты ад земства, нацыянальных, культурных, прафсаюзных арганізацый на прадстаўнічым сходзе ўхвалілі акт абвяшчэньня незалежнасьці БНР пры двух галасах супроць і дзевяці, што ўстрымаліся», — паведамляюць дасьледчыкі ў кнізе «Шляхамі БНР». Будынак, дзе праходзіў сход магілёўскай грамадзкасьці, які падтрымаў БНР, захаваўся. Ягоны адрас — вуліца Першамайская, 24, там цяпер сярэдняя школа № 1.

Будынак, дзе праходзіў сход магілёўскай грамадзкасьці, які падтрымаў БНР
Будынак, дзе праходзіў сход магілёўскай грамадзкасьці, які падтрымаў БНР

7. Што будучы лідэр ураду БНР Цьвікевіч рабіў на перамовах з кайзэраўскай Нямеччынай у Белым палацы

У Берасьці, родным горадзе аднаго з выбітных дзеячоў БНР Аляксандра Цьвікевіча, захаваліся некалькі будынкаў, зьвязаных зь ягонай памяцьцю: дом, дзе ён жыў на вуліцы Дамброўскага, будынак Чыгуначнага шпіталя па вуліцы Кіжаватава, дзе працаваў фэльчарам ягоны бацька.

Яшчэ больш у Берасьці будынкаў, зьвязаных з падзеямі вакол заключэньня Брэст-Літоўскага міру, якія сталі дадатковым штуршком да абвяшчэньня незалежнасьці БНР. Між тым Аляксандар Цьвікевіч браў у тых перамовах непасрэдны ўдзел, але не як дзяяч БНР, якім ён стане пазьней, а як дарадца ўкраінскай дэлегацыі. Аднак тыя падзеі падштурхнулі яго да важных высноў, мяркуе аўтарка берасьцейскага разьдзелу кнігі «Шляхамі БНР» дасьледчыца Ірына Лаўроўская.

Белы палац у Берасьці
Белы палац у Берасьці

Вось што яна піша пра свайго героя:

«У родны горад А. Цвікевіч вярнуўся толькі праз тры гады ў якасьці дарадцы ўкраінскай дэлегацыі на мірных перамовах паміж прадстаўнікамі Аўстра-Вугоршчыны, Баўгарыі, Нямеччыны, Расеі і Турэччыны. Даводзячы права на незалежнасьць Беларусі, ён склаў кароткую гістарычную даведку пра становішча беларускага руху для прадстаўніка ўраду Нямеччыны. Але марна. 3 сакавіка ў Берасьці, у Белым палацы крэпасьці было падпісана мірнае пагадненьне. Інтарэсы беларускай нацыі былі цалкам праігнараваныя».

8. Як удалося захаваць могілкі байцоў Булак-Балаховіча ў Берасьці

У сучасным Паўночным гарадку пад Берасьцем захаваліся будынкі казармаў, дзе на пачатку 1920 году разьмяшчаўся асобны атрад генэрала БНР Станіслава Булак-Балаховіча.

«Ёсьць меркаваньне, што адсюль, з Граеўскіх казармаў, атрад генэрала Булак-Балаховіча выйшаў ужо як Беларуская народная армія», — піша дасьледчыца Ірына Лаўроўская і прыводзіць зьвесткі, паводле якіх паміж кастрычнікам і сьнежнем 1920 году шмат каго з загінулых і памерлых ад ран байцоў арміі Булак-Балаховіча хавалі ў Берасьці на Балахоўскіх могілках.

Вайсковыя могілкі ў Берасьці, дзе пахаваныя жаўнеры арміі Булак-Балаховіча
Вайсковыя могілкі ў Берасьці, дзе пахаваныя жаўнеры арміі Булак-Балаховіча

Усяго на могілках, што паміж сучаснымі вуліцамі Смірнова і Камбінатаўскай, захавалася каля 500 пахаваньняў жаўнераў, якія змагаліся з бальшавікамі. На пачатку 90-х гадоў гарадзкія ўлады плянавалі зьнішчыць могілкі, але намаганьнямі грамадзкасьці гэта ўдалося спыніць.

Пры фінансавай падтрымцы Польшчы ў цэнтры могілак насыпалі курган і паставілі 6-мэтровы крыж. У падножжы кургана беларуская грамада ўсталявала мэмарыяльны знак з надпісамі «Тут спачываюць беларускія жаўнеры войска ген. С. Булак-Балаховіча» і «Яны ішлі паміраць за волю Бацькаўшчыны».

9. Гамяльчанка і міністар БНР Палута Бадунова спрачалася з самім Сталіным

Палута Бадунова
Палута Бадунова

«У кагорту тых, хто самаахвярна змагаўся за правы беларускага народу, яркімі літарамі ўпісана імя гамяльчанкі Палуты Бадуновай», — піша ў кнізе «Шляхамі БНР» гомельская дасьледчыца Валянціна Лебедзева і распавядае пра гераічны і трагічны шлях сваёй гераіні.

З найбольш уражальных зьвестак пра Палуту Бадунову: у 1917 яна стала сябрам Петраградзкага савету дэпутатаў рабочых і сялян, там жа, у Петраградзе, далучаецца і да беларускага руху; вяртаецца ў Беларусь; была адной з арганізатараў Першага Ўсебеларускага зьезду, выступала на ім з дакладам пра бежанскія справы.

У першым Народным сакратарыяце БНР атрымала мандат міністра апекі, займалася арганізацыяй дзіцячых прытулкаў і школ. Узначальвала партыю беларускіх эсэраў, падчас прыходу польскіх войскаў у Беларусь працавала ў падпольлі, арганізоўвала беларускую партызанку.

У сьнежні 1919 году ў Смаленску падпісала дамову аб супрацоўніцтве з камуністамі Літвы і Беларусі, у сакавіку 1920 году ў Маскве са Сталіным, які ва ўрадзе бальшавікоў быў наркамам нацыянальнасьцяў, вяла перамовы па пытаньнях стварэньня беларускай рэспублікі. Вядома, што Сталін спачатку пагаджаўся толькі на аўтаномію для нацыянальных рэспублік, таму можна сабе ўявіць, як цяжка ішлі перамовы.

Ці адбілася асабістае знаёмства са Сталіным на далейшым лёсе гамяльчанкі Палуты Бадуновай?

У 1937 годзе яе выклікалі на допыт і арыштавалі, утрымлівалі ў турме НКУС — сёньня там, на вуліцы Білецкага, мясцовая ўправа КДБ. Далі 10 гадоў лягеру, але неўзабаве завезьлі ў менскую турму і ў 1938 годзе разам з групай беларускіх партыйна-савецкіх дзеячоў прысудзілі да расстрэлу.

10. Хто ён, першы ўдзельнік слуцкага паўстаньня, які загінуў за БНР?

Старонкі з кнігі «Шляхамі БНР»
Старонкі з кнігі «Шляхамі БНР»

Вядома, што рада Случчыны на сходзе ў доме Эдварда Вайніловіча падтрымала абвяшчэньне незалежнасьці БНР і пастанавіла сфармаваць для абароны краю вайсковыя часткі з добраахвотнікаў.

Абарона случакоў ад наступу Чырвонай арміі, якая атрымала назву Слуцкі збройны чын, стала прыкладам самаахвярнага змаганьня за Бацькаўшчыну. Колькасьць байцоў 1-га Слуцкага і 2-га Грозаўскага палкоў ацэньваецца па-рознаму — ад 1,5 да 10 тысяч чалавек. Сотні зь іх загінулі ў баях, шмат хто страціў радзіму, бо мусіў сысьці на тэрыторыю Польшчы, усіх арганізатараў збройнай барацьбы рэпрэсавалі. Каго не пакаралі ў 20-я, тых дабілі потым, у часы сталінскіх рэпрэсій. А што вядома пра першых ахвяр сярод удзельнікаў Слуцкага збройнага чыну?

Дасьледчыца Іна Соркіна піша пра Піліпа Валодзьку, які 27 лістапада 1920 году быў цяжка паранены ў баі пад вёскай Васільчыцы, цяпер гэта Капыльскі раён, і памёр на наступны дзень.

У кнізе «Шляхамі БНР» дасьледчыца прыводзіць верш з назвай «На сьмерць Піліпа Валодзькі», які быў зьмешчаны ў віленскай газэце «Наша Думка» ў красавіку 1921 году.

У Семяжове, каля цэрквы Божай,
Новы хрэст цяпер стаіць,
Абвінуты стужкаю прыгожай,
А пад ім салдат ляжыць!
На той стужцы бел-чырвона-белай
Літары напісаны крывёю...
Тут ляжыць сын Беларусі мілай,
Што пайшоў цярнёвай каляёю.

Кніга «Шляхамі БНР. Да 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі» выйшла пры падтрымцы ЭГУ і адукацыйнага цэнтру «Прапілеі».

Згаданыя ў артыкуле мясьціны, можна паглядзець на мапе, якую стварыў да 100-годзьдзя БНР блогер Максім Ляшко

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG