Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У цэнтры Менску запусьцілі фаервэркі з нагоды Дня Волі. ФОТА і ВІДЭА


Салют у цэнтры Менску на Дзень Волі, 25 сакавіка 2019 году
Салют у цэнтры Менску на Дзень Волі, 25 сакавіка 2019 году

А 21-й гадзіне 25 сакавіка ў цэнтры Менску зладзілі салюты, прысьвечаныя 101-й гадавіне абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі — Дню Волі.

Да такой формы сьвяткаваньня заклікалі арганізатары канцэртаў #БНР100 у Менску і #БНР101 у Горадні — каманда на чале з Паўлам Белавусам, Антонам Матолькам і Эдуардам Пальчысам. Пасьля канцэртаў яны прапаноўвалі «дэцэнтралізаванае» сьвяткаваньне, у тым ліку вывешваньне бел-чырвона-белых сьцягоў і ўскладаньне кветак да дому, дзе была абвешчаная незалежнасьць БНР (вул. Валадарскага, 9 у Менску).

Тымчасам увечары ў цэнтры Менску адбываліся затрыманьні, хоць ніякіх акцыяў пратэсту не было анансавана. На Кастрычніцкай плошчы затрымлівалі людзей, якія пазначалі сябе нацыянальнай сымболікай або гутарылі з журналістамі. На скрыжаваньні Рэвалюцыйнай і Камсамольскай затрымалі музыкаў (Лявона Вольскага з жонкай, Ігара Варашкевіча, Зьмітра Вайцюшкевіча і Паўла Аракеляна), якія абвясьцілі, што зьбіраліся прагуляцца, і ўзялі з сабой музычныя інструмэнты.

Што важна ведаць пра Дзень Волі — 2019

  • 1 сакавіка — Аляксандар Лукашэнка вусна забараніў сьвяткаваць Дзень Волі канцэртам на стадыёне «Дынама», як таго хацелі арганізатары #БНР100 — кажа: «Ідзіце на Бангалёр».
  • 23 сакавіка ў Горадні — канцэрт у Калоскім парку з удзелам Зьмітра Вайцюшкевіча, Лявона Вольскага, гуртоў Nizkiz, «Крама», «Дай дарогу!» і Dzieciuki. Ад 3 да 5 тысяч гледачоў.
  • 23–24 сакавіка — акцыі беларусаў у Варшаве, Вільні, Кіеве, Нью-Ёрку, Празе ды іншых гарадах.
  • 24 сакавіка ў Менску — мітынг-канцэрт у Кіеўскім сквэры з удзелам «Дай дарогу», N.R.M., «Разьбітага сэрца пацана» ды іншых. Ад 1500 (паводле міліцыі) да 5–7 тысячаў (паводле арганізатараў) гледачоў. Затрыманыя Натальля Басалыга-Гарачка і Зьміцер Дашкевіч.
  • 25 сакавіка ў Гомлі — акцыя памяці герояў БНР.
  • 25 сакавіка ў Віцебску — адзіночны пікет Барыса Хамайды, які расцанілі як «парушэньне парадку ўтрыманьня населеных пунктаў».
  • 25 сакавіка ў розных гарадах — людзі вывешвалі бел-чырвона-белыя сьцягі на заклік арганізатараў #БНР101, уладам не спадабалася.
  • 25 сакавіка ў Менску на Кастрычніцкай плошчы — акцыя Алены Талстой (прыкавала сябе да слупа), затрыманьні палітыкаў і мінакоў. Праз тры гадзіны вызваленыя ўсе, акрамя Талстой, пратаколаў аб парушэньнях не складалі.
  • 25 сакавіка ў Менску на пешаходных вуліцах — затрыманьні музыкаў (Аракелян, Вайцюшкевіч, Варашкевіч і Вольскі), якія анансавалі, што зьбіраюцца прагуляцца і ўзяць з сабой музычныя інструмэнты. Пасьля затрыманьня дзясяткі людзей сьпявалі хорам песьні Вольскага, міліцыя пагражала затрыманьнямі і гвалтам. Праз тры гадзіны музыкі вызваленыя.
  • 25 сакавіка ў розных гарадах — салюты ў гонар Дня Волі.

Што яшчэ пачытаць, паслухаць, паглядзець пра БНР

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG