Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольскі, Варашкевіч, Вайцюшкевіч і Аракелян затрыманыя ў Менску на Рэвалюцыйнай


Лявон Вольскі перад затрыманьнем
Лявон Вольскі перад затрыманьнем

Лявон Вольскі, Ігар Варашкевіч, Зьміцер Вайцюшкевіч і Павал Аракелян анансавалі, што зьбіраюцца прагуляцца па пешаходных вуліцах Менску, могуць мець пры сабе музычныя інструмэнты. Але яны не заяўлялі пра акцыі пратэсту або іншыя несанкцыянаваныя мерапрыемствы.

Абноўлена 21:00: З Цэнтральнага РАУС вызвалілі ўсіх затрыманых музыкаў і Мар'яну Вольскую.

​Вольскі арыентаваў сваіх сяброў на сустрэчу а 18:30 на скрыжаваньні Рэвалюцыйнай і Камсамольскай. «Людзі ў цывільным» і супрацоўнікі АМАП затрымалі Лявона Вольскага і яго жонку Мар’яну Вольскую, Ігара Варашкевіча, Зьмітра Вайцюшкевіча і Паўла Аракеляна за пяць хвілінаў да заплянаванай сустрэчы, пасадзілі ў чорны Ford Transit.

Мужчына, які дзейнічаў як начальнік «людзей у цывільным», папярэджваў Вольскага аб адказнасьці за арганізацыю несанкцыянаванага мерапрыемства.

На скрыжаваньні засталіся дзясяткі чалавек, якія хорам прасьпявалі гіты Вольскага і гурту N.R.M «Тры чарапахі», «Паветраны шар» і «Простыя словы» і іншыя песьні.

Прадстаўнік міліцыі праз гукаўзмацняльнік прыгразіў ім затрыманьнямі і гвалтам — на скрыжаваньне пад’яжджаюць аўтазакі.

Адзін з арганізатараў канцэрту #БНР101 Антон Матолька запусьціў на Petitions.by збор подпісаў пад зваротам да Менгарвыканкаму і Міністэрству ўнутраных справаў з патрабаваньнем растлумачыць, чаму затрымалі музыкаў.

Тым часам на Кастрычніцкай плошчы затрымліваюць людзей, якія пазначаюць сябе нацыянальнай сымболікай.

Вуліца Валадарскага застаўленая аўтазакамі ад праспэкту Незалежнасьці.

Аўтазакі на вуліцы Валадарскага
Аўтазакі на вуліцы Валадарскага

Што важна ведаць пра Дзень Волі — 2019

  • 1 сакавіка — Аляксандар Лукашэнка вусна забараніў сьвяткаваць Дзень Волі канцэртам на стадыёне «Дынама», як таго хацелі арганізатары #БНР100 — кажа: «Ідзіце на Бангалёр».
  • 23 сакавіка ў Горадні — канцэрт у Калоскім парку з удзелам Зьмітра Вайцюшкевіча, Лявона Вольскага, гуртоў Nizkiz, «Крама», «Дай дарогу!» і Dzieciuki. Ад 3 да 5 тысяч гледачоў.
  • 23–24 сакавіка — акцыі беларусаў у Варшаве, Вільні, Кіеве, Нью-Ёрку, Празе ды іншых гарадах.
  • 24 сакавіка ў Менску — мітынг-канцэрт у Кіеўскім сквэры з удзелам «Дай дарогу», N.R.M., «Разьбітага сэрца пацана» ды іншых. Ад 1500 (паводле міліцыі) да 5–7 тысячаў (паводле арганізатараў) гледачоў. Затрыманыя Натальля Басалыга-Гарачка і Зьміцер Дашкевіч.
  • 25 сакавіка ў Гомлі — акцыя памяці герояў БНР.
  • 25 сакавіка ў Віцебску — адзіночны пікет Барыса Хамайды, які расцанілі як «парушэньне парадку ўтрыманьня населеных пунктаў».
  • 25 сакавіка ў розных гарадах — людзі вывешвалі бел-чырвона-белыя сьцягі на заклік арганізатараў #БНР101, уладам не спадабалася.
  • 25 сакавіка ў Менску на Кастрычніцкай плошчы — акцыя Алены Талстой (прыкавала сябе да слупа), затрыманьні палітыкаў і мінакоў. Праз тры гадзіны вызваленыя ўсе, акрамя Талстой, пратаколаў аб парушэньнях не складалі.
  • 25 сакавіка ў Менску на пешаходных вуліцах — затрыманьні музыкаў (Аракелян, Вайцюшкевіч, Варашкевіч і Вольскі), якія анансавалі, што зьбіраюцца прагуляцца і ўзяць з сабой музычныя інструмэнты. Пасьля затрыманьня дзясяткі людзей сьпявалі хорам песьні Вольскага, міліцыя пагражала затрыманьнямі і гвалтам. Праз тры гадзіны музыкі вызваленыя.
  • 25 сакавіка ў розных гарадах — салюты ў гонар Дня Волі.

Што яшчэ пачытаць, паслухаць, паглядзець пра БНР

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG