Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На беларускае шэсьце ў гонар Каліноўскага ў Вільні прыйшлі прапраўнук Міцкевіча і першы лідэр вольнай Літвы. ФОТА і ВІДЭА


Lithuania - Freedom Day in Vilnius, 23 March 2019
Lithuania - Freedom Day in Vilnius, 23 March 2019

Цэнтрам Вільні прайшла калёна зь беларускімі, літоўскімі, польскімі і ўкраінскімі сьцягамі. Акцыю зладзілі з ініцыятывы беларускіх арганізацыяў Літвы. Удзельнікі шэсьця рушылі з вуліцы Сьвятога Ігната на Лукіскі пляц —​ менавіта там 155 гадоў таму быў пакараны сьмерцю нацыянальны герой Беларусі.

Паўстаньне Кастуся Каліноўскага 1863-1864 году было скіраванае супраць Расейскай імпэрыі і за аднаўленьне Рэчы Паспалітай. 22 сакавіка 1864 году Кастусь Каліноўскі быў павешаны ў Вільні.

Апошняй дарогай лідэра паўстанцаў

Спачатку ў жалобны дзень плянавалася перапахаваць парэшткі, якія выпадкова знайшлі пазалетась на гары Гедыміна. Аднак канчаткова апазнаньне пакуль не завершанае, да таго ж узьніклі моўныя спрэчкі вакол мэмарыялізацыі — цырымонію адклалі на восень.

Напярэдадні на Лукіскім пляцы званы касьцёлу Сьвятых апосталаў Піліпа і Якуба 155 разоў прабілі ў гонар Каліноўскага, былі зачытаныя імёны паўстанцаў і запаленыя 26 паходняў — па колькасьці гадоў, пражытых Каліноўскім.

У суботу да ўшанаваньня далучыліся некалькі сотняў гасьцей зь Беларусі — палітыкі, грамадзкія дзеячы, гісторыкі, літаратары, навучэнцы і выкладчыкі Беларускага гуманітарнага ліцэя. З сабой яны прывезьлі бел-чырвона-белыя сьцягі, а таксама жывапісны партрэт Кастуся Каліноўскага працы Алеся Пушкіна — на чале працэсіі яго пранёс сын мастака Мікола.​ Побач быў і найбольш вядомы прыжыцьцёвы здымак лідэра паўстанцаў.

Дэпутат літоўскага Сэйму Эмануэліс Зінгерыс
Дэпутат літоўскага Сэйму Эмануэліс Зінгерыс

Агульны збор быў прызначаны на цяперашняй вуліцы Сьвятога Ігната, 11 — менавіта тут лідэр паўстаньня ўтрымліваўся ў вязьніцы і адсюль пачаўся ягоны шлях на шыбеніцу. Удзельнікі паўтарылі гэты жалобны маршрут да Лукіскага пляцу, дзе расейская адміністрацыя прывяла сьмяротны прысуд у выкананьне.

У галаве калёны — сьцягі Літвы, Польшчы, Украіны і бел-чырвона-белы беларускі. Яны сымбалізуюць удзел у паўстаньні прадстаўнікоў народаў, якія змагаліся супраць расейскай акупацыі.

Калёну суправаджала паліцыя, па дарозе гісторык Язэп Янушкевіч называў герояў тагачасных падзеяў, бальшыня якіх напаткаў трагічны лёс, удзельнікі шэсьць адказвалі на кожнае прозьвішча воклічам «Вечная памяць!». Агулам у дзеі брала ўдзел блізу тысячы чалавек. Таксама зь пераносных дынамікаў гучалі сьпевы з «паўстанцкага цыклю» Сяржука Сокалава-Воюша.

Ля крыжа на Лукіскай плошчы прайшоў імправізаваны мітынг. Слова ўзяў першы лідэр Літвы Вітаўтас Ландсбергіс. Ён адзначыў, што па-сутнасьці Каліноўскі стаў правадыром касінераў — людзей, якія былі гатовы змагацца за сваю свабоду літаральна голымі рукамі: з «косамі» ды іншым гаспадарскім інструмэнтам. І гэта стала выдатным прыкладам для тых іх пасьлядоўнікаў, якія здабывалі незалежнасьць ад Расеі ўжо ў канцы ХХ стагодзьдзя.

Вітаўтас Ландсбергіс
Вітаўтас Ландсбергіс

Не за такую Беларусь змагаўся Каліноўскі

Дэпутат літоўскага Сэйму Эмануэліс Зінгерыс падтрымаў агульную танальнасьць прамовы, прысьвяціўшы яе Беларусі. Ён панаракаў, што, відавочна, не за такую Беларусь змагаўся Кастусь Каліноўскі больш чым 150 гадоў таму — дзяржаву, якая сёньня вынішчае беларускія школы, на тэрыторыі якой расейскія спэцслужбы выкрадаюць замежных грамадзянаў (гаворка пра ўкраінца Паўла Грыба — РС) і якой так карціць паставіць атамную станцыю побач зь Вільняй. Парлямэнтар выказаў спадзяваньне, што раней ці пазьней суседняя краіна скажа «так» Эўропе, бо беларусы — эўрапейскі народ.

Гэтаксама ён паведаміў, што Сэйм Літвы рыхтуе адмысловы акт пра перазахаваньне парэшткаў паўстанцаў, якое папярэдне прызначанае на сёлетнюю восень. Беларускія афіцыйныя асобы пакуль ня выявілі інтарэсу да падзеі, затое высокую актыўнасьць дэманструе грамадзянская супольнасьць.


Быў ля крыжа паўстанцам заўважаны і вядомы літоўскі паэт, публіцыст, дысыдэнт і праваабаронца Томас Вянцлава. Сказаў, што не рыхтаваўся да выступу, але падкрэсьліў, што постаць Каліноўскага лішніх словаў і не вымагае.

На Лукіскай плошчы прысутнічалі актывісты і неабыякавыя людзі зь Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны. Сярод іх — арганізатары мэмарыяльных імпрэзаў зь беларускіх нацыянальных суполак Анатоль Міхнавец, Аляксандар Адамковіч, Валянціх Стэх, Людвіка Кардзіс; гісторыкі Алесь Смалянчук, Язэп Янушкевіч, Васіль Герасімчык; палітыкі Вячаслаў Сіўчык, Алена Талстая, Сяргей Высоцкі; заснавальнікі руху адраджэньня «Саюдзіс», прадстаўнікі польскай і ўкраінскай грамады ў Літве.

Намесьнік амбасадара Польшчы ў Літве Гжэгаж Пазнаньскі, у прыватнасьці, што свабода і незалежнасьць — галоўныя каштоўнасьці, за якія паўстанцы былі гатовыя ахвяраваць сваім жыцьцём. І нагадаў лейтматыў Кастусёвых «Лістоў з-пад шыбеніцы»: «Народзе! Тады толькі зажывеш шчасьліва, калі над табою маскаля ўжо ня будзе».

А Раман Гарэцкі-Міцкевіч, прапраўнук «паэта трох народаў» Адама Міцкевіча, чарговым разам падкрэсьліў, як праз лёс выбітных асобаў свайго часу шчыльна і назаўсёды пераплёўся лёс беларусаў, палякаў, літоўцаў.

Раман Гарэцкі-Міцкевіч, прапраўнук Адама Міцкевіча
Раман Гарэцкі-Міцкевіч, прапраўнук Адама Міцкевіча

На завяршэньне перад крыжом на Лукіскім пляцы прайшоў малебен па загінулых змагарах з царскім рэжымам.

Моўная спрэчка вакол мэмарыялізацыі

Адразу пасьля таго, як паўстаньне ў 1864 годзе было здушана, на Лукіскай плошчы ў Вільні пакаралі сьмерцю больш за два дзясяткі яго лідэраў і ўдзельнікаў. Наступныя паўтара стагодзьдзя месца пахаваньня заставалася невядомым.

Дапамагло надзвычайнае здарэньне — апоўзень на Замкавай гары. Падчас умацаваньня схілу будаўнікі наткнуліся на чалавечыя фрагмэнты — яны ляжалі акурат у месцы, дзе ў другой палове XIX стагодзьдзя стаяў гарнізон расейскага акупацыйнага войска.

13 чалавек ідэнтыфікавалі, у некаторых выяўленыя прыкметы павешаньня, у іншых — расстрэлу. Сярод ахвяраў царскага рэжыму Зыгмунт Серакоўскі, браты Рэўкоўскія, зь вялікай доляй верагоднасьці там і Кастусь Каліноўскі. Прынамсі дасьледнікі Віленскага ўнівэрсытэту даюць гарантыю на 95%. Паколькі ў Каліноўскага не засталося нашчадкаў па мужчынскай лініі, генэтычная экспэртыза нічога не давала.

Шыльда ў гонар Кастуся Каліноўскага на былой вязьніцы
Шыльда ў гонар Кастуся Каліноўскага на былой вязьніцы

Давялося рабіць ідэнтыфікацыю мэтадам выключэньня астатніх, а таксама праз супастаўленьне ўзросту, мэтаду сьмяротнага пакараньня і параўнаньня чэрапу з фатаздымкам. Цяпер парэшткі знаходзяцца на факультэце мэдыцыны Віленскага ўнівэрсытэту, пазьней іх перададуць дзяржаўнай камісіі і перапахаваюць на могілках Росы ў капліцы — яе рэстаўрацыя павінна завершыцца цягам паўгода.

Пасьля сэнсацыйнай знаходкі была ўтвораная дзяржаўная камісія ў справе перапахаваньня парэшткаў паўстанцаў, якую ўзначаліў прэм’ер-міністар Літвы Саўлюс Сквярняліс. Падчас аднаго з паседжаньняў было вырашана ўсталяваць на магілах мэмарыяльныя надпісы, што выклікала вострыя спрэчкі.

Сёлета напачатку сакавіка стала вядома пра варыянт афармленьня пахаваньняў па-польску і па-літоўску, безь беларускай мовы. Гэта стала вынікам інэртнасьці афіцыйнага Менску — беларускія чыноўнікі ніяк не адрэагавалі на знаходку, мала за тое якраз у гэты час у афіцыйных СМІ пачалі тыражавацца зьвесткі, што Кастусь Каліноўскі — кіраўнік «польскага паўстаньня».

Адзін з арганізатараў Анатоль Міхнавец (справа)
Адзін з арганізатараў Анатоль Міхнавец (справа)

У выніку выключэньне зрабілі толькі для Каліноўскага, нараджэнца Гарадзеншчыны — на ягонай магіле пагадзіліся дадаць інфармацыю і па-беларуску. Аднак на іншых надмагільлях пакінуць толькі дзьве мовы — літоўскую і польскую.

З гэтай прычыны беларускія арганізацыі Літвы накіравалі шэраг зваротаў у зацікаўленыя дзяржаўныя органы, іх падтрымала і грамадзкасьць у Беларусі — больш за паўтысячы лідэраў думкі настойваюць на ўшанаваньні па-беларуску ўсіх ахвяраў царскага рэжыму.

Афіцыйны Менск ды спэцыялізаваныя інстытуты стаўленьня да праблемы так і не акрэсьлілі.

Крыж у памяць пра паўстанцаў 1863-1864 гадоў
Крыж у памяць пра паўстанцаў 1863-1864 гадоў

​Героі зь нетраў Замкавай гары

Станіслаў Ішора

Раймунд Зямацкі

Альберт Лясковіч

Баляслаў Калышка

Юльян Ляшнеўскі

Зыгмунт Серакоўскі

Ян Бянькоўскі

Аляксандар Рэўкоўскі

Юзаф Рэўкоўскі

Караль Сіповіч

Юзаф Яблонскі

Эдвард Чаплінскі

Ян Марчэўскі

Генрык Макавецкі

Уладыслаў Нікаляй

Мечыслаў Дарманоўскі

Ігнат Здановіч

Ціт Далеўскі

Якуб Чэхан

Кастусь Каліноўскі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG