Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень Волі-2018 стаў самым масавым у 21 стагодзьдзі. ІНФАГРАФІКА


Колькасьць удзельнікаў і затрыманых на Днях Волі ў 2000–2018 гадах

Сьвяткаваньне стагодзьдзя незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі сабрала ў Менску да 11 000 удзельнікаў, гаворыцца ў справаздачы праваабарончага цэнтру «Вясна».

Гэта на адну тысячу чалавек больш, чым на Дні Волі-2006, калі на вуліцы Менску, паводле «Вясны», выйшлі 10 000 чалавек. Прыблізна такая ж колькасьць людзей удзельнічала ў сьвяткаваньнях угодкаў БНР у 2000 годзе.

Найбольш масавым за ўсю гісторыю сьвяткаваньня Дня Волі дагэтуль лічыцца мітынг 1996 году, калі на пляцоўцы каля Опэрнага тэатру сабралася больш за 30 000 чалавек. У міліцыю ў той дзень трапіла толькі тысячная частка ўдзельнікаў.

Дзень Волі-1996. Фота: Георгі Ліхтаровіч
Дзень Волі-1996. Фота: Георгі Ліхтаровіч

​Паводле апэратыўных падлікаў праваабаронцаў, 25 сакавіка па ўсёй Беларусі затрымалі каля 120 чалавек. Праваабаронцы «Вясны» цяпер кажуць пра затрыманьні ад 105 да 110 чалавек — адзначаючы, што гаворка ідзе толькі пра вядомыя выпадкі.

Рэкорд па колькасьці затрыманых застаецца ў Дня Волі-2017. Тады, па розных ацэнках, затрымалі ад 516 да 700 чалавек. Да 400 затрыманьняў было 25 сакавіка ў 2006 і 2000 гадах. У найбольш масавы Дзень Волі-1996 затрымалі толькі 30 чалавек.

25 сакавіка арганізатары «Сьвята Незалежнасьці» Юрась Губарэвіч і Павел Белавус казалі, што на пляцоўцы каля Опэрнага тэатру сабраліся ад 20 да 40 тысяч чалавек. Менская міліцыя афіцыйныя лічбы ўдзельнікаў не агучвала, атрымаць камэнтар Свабодзе не ўдалося.

Усё, што трэба ведаць пра Дзень Волі — 2018

2 сакавіка гарадзкія ўлады Менску далі дазвол на канцэрт і мітынг каля Опэрнага тэатру 25 сакавіка. На правядзеньне канцэрту-мітынгу талакой сабралі больш за 36 тысяч рублёў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG