Два разы на год Аляксандар Лукашэнка ўзгадвае пра Бога, рэлігію, наведвае царкву: на Раство і Вялікдзень. Прычым, як правіла, прыходзіць толькі ў праваслаўную царкву. Усяго пару разоў за час свайго кіраваньня ён наведаў каталіцкую — у момант, калі імкнуўся наводзіць масты з Ватыканам. Уласна, ад «праваслаўнага атэіста», як ён калісьці сам сябе назваў, больш нічога і не патрабуецца. Лукашэнка прызнаваў, што ў савецкі час, будучы адказным сакратаром таварыства «Веды», чытаў лекцыі ў «навуковым атэізьме».
Цяпер Лукашэнка выконвае рытуал. Гэта як выступ з навагоднім віншаваньнем. Надыходзіць каляндарная дата, трэба прыйсьці ў царкву. Ягоныя прамовы таксама рытуальныя, дзяжурныя, стандартныя. Гэта ня выступы прапаведніка, а настаўленьне Галоўнага начальніка ў дзяржаве. То бок яны носяць сьвецкі характар.
Напрыклад, пра што казаў Лукашэнка гэтым разам? Колькі неабходных фраз з нагоды сьвята, усяго сакральнага сэнсу якога ён, гледзячы па ўсім, не разумее. Там амаль няма зьвяртаньня да духоўнасьці. Ягоныя заклікі даволі прыземленыя: трэба больш працаваць, каб карміць свае сем’і; правільна выхоўваць моладзь; добра што выпаў сьнег, будзе добры ўраджай; «патэнцыйных нашых нейкіх праціўнікаў вы павінны бачыць»; як важна, што ёсьць мірнае неба над галавой і інш.
У гэтым выступе пэўным чынам выяўляецца ягоная палітычная філязофія. Да чаго начальнік заклікае народ? Да мабілізацыі працаваць. Ён кажа: «Зрабіце толькі тое, што вы павінны зрабіць на сваім працоўным месцы. Доктар у сябе ў шпіталі, настаўнік у школе, выкладчык у ВНУ, дзяржаўны службоўца, сьвятар на сваіх месцах. І ўсё ў нас будзе нармальна. Усё астатняе за мной».
Гэта не размова з грамадзянамі. Гэта наказ уладара дзяржаўным падданым. Маўляў, вашая задача — упарта працаваць, а «ўсё астатняе», уся разнастайнасьць грамадзка-палітычнага жыцьця — «за мной», гэта ня ваша справа.
Прычым, зьвярніце ўвагу, ніякай асобай місіі царквы ў жыцьці грамадзтва ён ня бачыць. Яна такія ж колцы і шрубкі, як і іншыя. Сьвятар, як доктар ці настаўнік, павінен працаваць на дзяржаву, выконваць загад галоўнага начальніка.
Пасьля 2020 году царква стала цалкам адзяржаўленай. На паседжаньні Ўсебеларускага народнага сходу кіраўнікі ўсіх канфэсій сядзелі ў прэзыдыюме, недалёка ад Лукашэнкі, пляскалі кожнаму ягонаму слову.
Аднак нават такой адзяржаўленай царкве Лукашэнка цяпер ня надта давярае. Таму не гучыць заклікаў да канфэсій змагацца за захаваньне маральных устояў грамадзтва. Бо цяпер тэма маралі стала небясьпечнай. Яна нагадвае пра агульначалавечыя каштоўнасьці. Пра абарону пакрыўджаных, прыніжаных і абражаных, што ва ўсе часы зьяўлялася місіяй царквы. Нават калі вынесьці за дужкі палітычных вязьняў, дык усё роўна Беларусь ужо шмат гадоў зьяўляецца адным з сусьветных лідэраў у колькасьці зьняволеных на душу насельніцтва. Як так магло стацца, што беларусы сталі адной з самых «злачынных» нацый?
Ці вось задача захаваньня «традыцыйных каштоўнасьцяў», пра што шмат кажа дзяржаўная прапаганда. Тут якраз вялікае поле для супрацы з царквой. Але гэтая тэма непазьбежна выводзіць на пытаньне нацыянальных каштоўнасьцяў. Бо нацыянальная ідэнтычнасьць — гэта неабходная складовая частка традыцыйных каштоўнасьцяў. Аднак тут адразу ўзьнікае канфлікт з ідэалёгіяй «русского мира», якая запаланіла Беларусь.
Здаўна вядомая ісьціна: чым бліжэй царква да ўлады, тым далей ад Бога і паствы. І ня гэтая дарога вядзе да Храму.
Форум