Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: 60 год Яраславу Раманчуку, эканамісту і палітыку


Яраслаў Раманчук, 2018
Яраслаў Раманчук, 2018

Падзеі 10 студзеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

60 год спаўняецца Яраславу Раманчуку. Беларускі эканаміст, аўтар 13 кніг па эканоміцы і рэформах у краінах постсавецкай прасторы.

Спэцыялізуецца па рэформах эканомікі на постсацыялістычнай прасторы. Ляўрэат міжнародных прэмій за кнігі аб фэномэне эканамічнага цуду і сыстэмных рынкавых рэформаў для пераходных краін. Аўтар звыш 6500 публікацый на эканамічную тэму ў розных друкаваных і электронных выданьнях Беларусі, Расеі, Украіны, ЗША, Польшчы ды іншых краін.

Шмат гадоў быў чальцом Аб’яднанай грамадзянскай партыі. На выбарах 2002 году быў кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі. Паводле афіцыйных зьвестак заняў 3-е месца.

У 2021 годзе вымушаны пакінуць Беларусь і з таго часу стала пражывае і працуе ва Украіне.

Дзень у гісторыі

1569 — у Люблінскім замку пачалося паседжаньне сэйму, якое папярэднічала Люблінскай уніі.

1863 — у Лёндане пачало працаваць першае ў сьвеце мэтро.

Лёнданскае мэтро, станцыя «Бэйкер-стрыт», літаграфія
Лёнданскае мэтро, станцыя «Бэйкер-стрыт», літаграфія

1946 — у Лёндане пачалася першая сэсія Генэральнай асамблеі ААН.

1989 — пасьля 72-гадовага перапынку пачала працаваць Менская духоўная вучэльня — спачатку як аднагадовыя курсы псаломшчыкаў.

1991 — прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў запатрабаваў ад Вярхоўнага Савету Літвы адмены акту аб незалежнасьці і аднаўленьня савецкай Канстытуцыі. Гэтае патрабаваньне было падмацавана вайсковай сілай, што скончылася штурмам віленскага тэлецэнтру і ахвярамі сярод цывільных асобаў. Пазьней літоўскі суд асудзіў шэраг вінаватых у гэтай справе, некаторыя дагэтуль у міжнародным вышуку. Генэрала Ўладзімера Ўсхопчыка, які камандаваў віленскім гарнізонам, а пазьней быў намесьнікам міністра абароны Беларусі, Менск адмовіўся выдаць Літве.

Вільня ў студзені 1991 году
Вільня ў студзені 1991 году

2023 — Радыё Свабода адкрыла новы офіс у Вільні.

У гэты дзень нарадзіліся

1892Мэльхіёр Ваньковіч, польскі пісьменьнік, родам зь Беларусі. Дзяцінства правёў у Менску, шмат падарожнічаў па Беларусі, сябраваў зь беларускімі літаратарамі ды шмат рабіў дзеля пашырэньня беларускае літаратуры ў Польшчы. Пра сваё менскае дзяцінства Ваньковіч напісаў кнігу «Шчанячыя гады», што выйшла ў канцы 30-х гадоў.

1896 Георгі Лаўроў, архітэктар знакавых будынкаў у Беларусі.

1905 Тацяна Бірыч, беларускі афтальмоляг, доктар мэдычных навук.

1930 Фёдар Капуцкі, хімік, рэктар БДУ ў 1990–1996 гадах.

1934Леанід Краўчук, першы прэзыдэнт Украіны.

Леанід Краўчук
Леанід Краўчук

У памяці

1684 Крыштаф Жыгімонт Пац, вялікі канцлер літоўскі.

1778 Карл Лінэй, швэдзкі прыродазнавец, стваральнік адзінай сыстэмы расьліннага і жывёльнага сьвету.

1907 Цэлястын Цеханоўскі, лекар, паплечнік Каліноўскага (памёр на катарзе).

2004Алесь Усюкевіч, сакратар падпольнага Саюзу вызваленьня Беларусі, які дзейнічаў у Наваградку ў 1946–1947 гг. Памёр у ссылцы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG