Увесь патас ягонага выступу зводзіцца да таго, што ён прымярае гэтую сытуацыю на сябе, вельмі баіцца рэалізацыі вэнэсуэльскага сцэнару ў Беларусі.
Пяць дзён увесь сьвет абмяркоўваў падзеі вакол Вэнэсуэлы. А Аляксандар Лукашэнка маўчаў. Ці то чакаў рэакцыі Масквы, ці то хацеў больш дакладна зразумець, што адбываецца, ці проста патрэбен быў час, каб выйсьці з стану шоку. Паўза зацягнулася.
Нарэшце 8 студзеня на цырымоніі ўручэньня прэміяў ён перарваў маўчаньне.
Пасьля дзяжурных фразаў пра духоўнае адраджэньне Лукашэнка загаварыў пра галоўнае, што яго найбольш хвалявала гэтыя дні. Зьмест ягонага выступу пра падзеі вакол Вэнэсуэлы сьведчыў, які ён быў усхваляваны, нэрвовы, узбуджаны. Казаў спантанна, пераскокваючы з аднаго на другое. Гаварыў тое, што набалела, што накіпела.
Пра сучасную абстаноўку ў сьвеце Лукашэнка сказаў, што яна «абсалютна заблытаная і незразумелая». Ацэньваючы апошнія падзеі, чатыры разы ўжыў слова «шаленства». Можна меркаваць, што ён сапраўды пачуваецца няўтульна, некамфортна з прычыны разбурэньня ранейшага сусьветнага парадку, міжнародных правілаў.
Але ж варта нагадаць, што сам Лукашэнка прыклаў руку да таго, каб запусьціць гэты працэс разбурэньня «парадку, заснаванага на правілах». Тут і пасадка ў менскім аэрапорце самалёта авіякампаніі Ryanair, каб затрымаць Рамана Пратасевіча. І атакі мігрантаў на суседнія краіны зь беларускай тэрыторыі. І масавыя запускі кантрабандных балёнаў з цыгарэтамі, што спынялі працу аэрапорту Вільні. І фактычны арышт літоўскіх грузавікоў. І самае галоўнае: падтрымка расейскай агрэсіі супраць Украіны.
Слухаючы развагі Лукашэнкі аб падзеях вакол Вэнэсуэлы, можна зрабіць выснову: галоўнымі фігурамі гэтай вайсковай апэрацыі былі ня Дональд Трамп і Нікаляс Мадура, а сам беларускі ўладар. Паводле Лукашэнкі, менавіта ён быў у цэнтры цяперашняй вэнэсуэльскай гісторыі. Бо дае парады амэрыканцам ужо ня толькі ў тым, як размаўляць з Уладзімірам Пуціным, але і адносна Вэнэсуэлы.
Ствараецца ўражаньне: ён сам шчыра верыць, што адыгрывае важную ролю ў сусьветнай палітыцы. Вось некалькі рэплік:
«У часы Чавэса, калі яны працавалі разам з Нікалясам Мадурам, я часта бываў там, ведаў аднаго і другога. Напярэдадні я сказаў, што калі вы, амэрыканцы, хочаце другі Віетнам, вы яго атрымаеце. Як бы там ні складалася сытуацыя, мне здаецца, яны гэта пачулі... Я вас папярэджваў заўсёды пра гэта... Я гэта з болем кажу пра тое, што быў у нейкай ступені ўцягнуты ў гэтую сытуацыю ў самым пачатку. І амэрыканцаў інфармаваў, што вэнэсуэльцы гатовыя з вамі супрацоўнічаць... Я перадаў усе мэсыджы ад Нікаляса Мадура... Я ім заўсёды казаў, але і свайго старэйшага брата папярэджваў, і проста напярэдадні гэтага агіднага мерапрыемства (гаворка пра апэрацыю ЗША для затрыманьня Мадура. — РС)».
Лукашэнка не хавае свайго абурэньня дзеяньнямі ЗША ў Вэнэсуэле. Маўляў, «ніякай праўды, ніякага правасудзьдзя ў іх не было, няма і ня будзе». Гучыць так, нібы сам ён зацяты абаронца правасудзьдзя.
«Але трэба было паказаць свой „гераізм“. На кім вы вырашылі паказаць? На безабаронным чалавеку?», — абураецца Лукашэнка дзеяньнямі супраць вэнэсуэльскага кіраўніка.
Па-першае, Мадура ня быў безабаронным. Яго ахоўвалі не толькі вэнэсуэльскія вайскоўцы, але і кубінскі спэцназ. Па-другое, ідзецца пра чалавека, які больш за дзесяць гадоў фальсыфікаваў выбары і жорстка душыў усе пратэсты, у выніку якіх пацярпелі, загінулі сотні людзей, мільёны мусілі эміграваць.
Таксама Лукашэнка абураецца арыштам жонкі Мадуры Сыліі Флёрэс. Маўляў, гэта ж негуманна. А тое, што ў Беларусі тысячы сем’яў пацярпелі толькі праз тое, што яны родныя палітвязьняў ці палітычных эмігрантаў, гэта як? Прычым Лукашэнка публічна папярэджваў апазыцыйных палітыкаў за мяжой, што, маўляў, глядзіце, тут у Беларусі засталіся вашыя сваякі.
І яшчэ адна рэпліка:
«Навошта было захопліваць зусім нядаўна парожні расейскі танкер пад сьцягам Расеі? Навошта гэта трэба было рабіць, калі вы хочаце міру ва Ўкраіне?»
То бок, паводле лёгікі Лукашэнкі, дзеля замірэньня ва Ўкраіне варта залагоджваць Расею.
Але гэтыя развагі павінны былі падвесьці да асноўнага, цэнтральнага пытаньня, якое найбольш хвалюе, баліць, трымціць. Увесь патас выступу Лукашэнкі наконт вэнэсуэльскіх падзеяў зводзіцца да таго, што ён прымярае гэтую сытуацыю на сябе. Таму акурат самае запаветнае, патаемнае, магчыма, падсьвядомае было сказана ў канцы. Вось галоўная выснова:
«Вы памятаеце летась пасяджэньне Савету бясьпекі Беларусі, дзе мы разьмеркавалі ролі на выпадак „а што, калі ня будзе прэзыдэнта“. Слухайце, як у ваду глядзелі. Таму варыянт Вэнэсуэлы ў Беларусі нерэальны. Нават калі гэта адбудзецца, у нас усё на гэты выпадак прадугледжана... Таму нам трэба быць як мага асьцеражнейшымі».
Але калі «варыянт Вэнэсуэлы ў Беларусі нерэальны», то навошта да яго рыхтавацца? Як вядома, у страху вочы па яблыку. Адсюль асьцярогі, шок і абурэньне.
Дарэчы, у Вэнэсуэле палітычныя паплечнікі Мадура абвесьцілі аб вызваленьні палітвязьняў. Добры прыклад дзеля палітычнага выжываньня роднаснага рэжыму.
Форум