Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Венесуэлы пачаў рэпрэсіі супраць грамадзян за падтрымку апэрацыі ЗША супраць Мадура — Financial Times


Дэлсі Радрыгес
Дэлсі Радрыгес

Найперш рэпрэсіі абрынуліся на журналістаў і палітычных дзеячаў. Іх караюць за падтрымку апэрацыі ЗША, якая скончылася захопам прэзыдэнта Нікаляса Мадура і ягонай жонкі Сіліі Флорэс.

Выканальніца абавязкаў прэзыдэнта Вэнэсуэлы Дэльсі Радрыгес імкнецца ўмацаваць сваю ўладу, піша Financial Times.

Паводле звестак Нацыянальнага зьвязу работнікаў прэсы Вэнэсуэлы, 14 журналістаў і работнікаў СМІ затрыманыя на некалькі гадзін сіламі бясьпекі падчас цырымоніі прывядзеньня Радрыгес да прысягі ў Нацыянальнай асамблеі. Трынаццаць зь іх пазьней былі вызваленыя, а адзін дэпартаваны.

Калюмбійскі тэлеканал Caracol паведаміў, што адзін зь ягоных рэпартэраў, Карляс Бараган, і яго каманда былі «затрыманыя супрацоўнікамі Генэральнага ўпраўленьня вайсковай контравыведкі Вэнэсуэлы і дапытваліся амаль дзьве гадзіны».

На вуліцах сталіцы Каракасу таксама зьявіліся прадстаўнікі праўрадавых груповак, вядомых як «калектывас». Указ аб абвяшчэньні надзвычайнага становішча, паводле Financial Times, загадвае «неадкладна правесьці пошук і арышт… любой асобы, якая ўдзельнічае ў спрыяньні або падтрымцы ўзброенага нападу ЗША на тэрыторыю рэспублікі».

Праваабаронцу з Каракасу на ўмовах ананімнасьці заявіў, што рэпрэсіі значна ўзмацніліся 5 студзеня, улады правяраюць тэлефоны людзей, каб высьветліць іх месцазнаходжаньне. Улады ставяць кантрольна-прапускныя пункты па ўсёй сталіцы.

Раніцай 3 студзеня армія ЗША напала на Вэнэсуэлу. Прэзыдэнт краіны Нікаляс Мадура абвясьціў надзвычайнае становішча і заклікаў насельніцтва да мабілізацыі супраць «агрэсіі ЗША». Але гэта адбылося да заявы Дональда Трампа аб затрыманьні вэнэсуэльскага кіраўніка. Разам з сваёй жонкай ён быў схоплены і дастаўлены ў амэрыканскі суд.

У сьвеце неадназначная рэакцыя на дзеяньні Злучаных Штатаў і асабіста Трампа. Частка крытыкуе яго за ўмяшаньне ва ўнутраныя справы Вэнэсуэлы і сілавое разьвязаньне справы, частка сьвяткуе пазбаўленьне Вэнэсуэлы ад дыктатуры, якая працягвалася не адзін дзясятак гадоў.

Між іншым, Мадура, як і ягоны папярэднік Уга Чавэс, мелі добрыя дачыненьні з кіраўніком Беларусі Лукашэнкам.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG