Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Новы ўрад можа выставіць рахунак за нафту». Што засталося ад сяброўства Лукашэнкі з уладамі Вэнэсуэлы


Сустрэча Мадура і Лукашэнкі ў 2017 годзе. Архіўнае фота
Сустрэча Мадура і Лукашэнкі ў 2017 годзе. Архіўнае фота

15 гадоў таму Лукашэнка меў купу сумесных праектаў з тагачасным кіраўніком Вэнэсуэлы Уга Чавэсам. Глядзім, якія беларускія праекты засталіся ў гэтай краіне і што будзе зь імі пасьля арышту Нікаляса Мадура.

Раніцай 3 студзеня войскі ЗША нанесьлі ўдар па сталіцы Вэнэсуэлы Каракасе. Празь некалькі гадзін пасьля ўдару прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў аб затрыманьні вэнэсуэльскага лідэра Нікаляса Мадура і ягонай жонкі. Іх будуць судзіць у Нью-Ёрку паводле абвінавачаньняў у карупцыі, незаконным абарачэньні наркотыкаў і іншых злачынствах.

Беларусь і Вэнэсуэла маюць даўнія эканамічныя адносіны, якія апошнімі гадамі перажывалі не найлепшыя часы. Тым ня менш эканамічныя сувязі спрабавалі рэанімаваць. Глядзім, якія праекты зьвязвалі Беларусь з Вэнэсуэлай і што ад іх засталося.

«Цяжкая» і дарагая нафта на мільярд

У 2006 годзе ў Беларусь упершыню прыехаў Уга Чавэс, тагачасны лідэр Вэнэсуэлы, тады ж яны разам з Лукашэнкам падпісалі некалькі пагадненьняў аб стратэгічным партнэрстве, тады ж стварылася сумеснае прадпрыемства для здабычы нафты Petrolera Belovenezolana. Таксама кампанія займалася распрацоўкай радовішчаў нафты і газу.

З 2010 году Беларусь пачынае актыўна закупляць нафту ў Вэнэсуэле. Гэта адбываецца падчас абвастрэньня адносінаў з Расеяй. Аднак закупкі цягнуліся нядоўга. Вось як выглядала статыстыка беларускага імпарту з Вэнэсуэлы па гадах паводле Белстату, амаль усё тут — нафта:

  • 2010 год — імпарт нафты з Вэнэсуэлы на 1,14 мільярда даляраў
  • 2011 год — на 1,12 мільярда даляраў
  • 2012 год — 326 мільёнаў даляраў
  • 2013 год — 279 тысяч даляраў
  • 2014 год — 23 тысячы даляраў

Атрымліваецца, што за 5 гадоў імпарт скараціўся ў 46,6 раза. Нафта выявілася ня вельмі выгаднай для Беларусі. Па-першае, вэнэсуэльская нафта цяжкая і вязкая, мае ў сваім складзе шмат серы і мэталяў. Беларускія НПЗ наладжаныя пад расейскую нафту, вэнэсуэльскую могуць перарабляць, але зь меншым выхадам нафтапрадуктаў і з большым зносам абсталяваньня. Гэта выгадна, калі нафта танная, але яна аказалася ўдвая даражэйшая за расейскую (згодна з статыстыкай за 2011 год).

Уга Чавэс і Аляксандар Лукашэнка ў Каракасе, 2012 год
Уга Чавэс і Аляксандар Лукашэнка ў Каракасе, 2012 год

Пасьля сыходу Чавэса ў 2013 годзе і прыходу да ўлады Нікаляса Мадура ў Вэнэсуэле пачаўся крызіс, які закрануў амаль усе беларускія праекты. Супраць краіны, у тым ліку нафтавых кампаніяў, увялі міжнародныя санкцыі,.

Нягледзячы на тое, што Вэнэсуэла валодае найбуйнейшымі ў сьвеце даказанымі запасамі сырой нафты, у 2024 годзе яна здабыла менш за 1 мільён барэляў у дзень. Для параўнаньня — ЗША здабываюць каля 13 мільёнаў, Расея 9 мільёнаў.

Трактары, грузавікі, будаўніцтва жыльля

Апроч сумеснай здабычы нафты, улады Беларусі мелі ў Вэнэсуэле некалькі іншых буйных прадпрыемстваў.

Venezolano-Minsk Tractores — гэтае прадпрыемства мусіла займацца зборкай трактароў. Тэхніку тут пачалі выпускаць у 2012–2013 гадах сумесна з МТЗ. Аднак праектнай магутнасьці ў дзясятак тысяч трактароў гэтае прадпрыемства так і не дасягнула. Вядома, што ў 2013 годзе тут сабралі тысячу трактароў, а ў 2015 годзе — 705, гэта 9% ад магутнасьцяў заводу.

Што цяпер з гэтым заводам, у адкрытых крыніцах амаль не паведамляюць. Апошнія навіны з прадпрыемства зьвязаныя з 2022 годам. Тады паведамлялася, што на заводзе адбыўся перазапуск і сабралі 30 трактароў.

MAZVEN C.A. — сумеснае зь беларускім МАЗ прадпрыемства для вытворчасьці грузавікоў, заснавана ў 2007 годзе. Вядома, што ў 2015 годзе на гэтым заводзе сабралі толькі 13% ад заплянаванага аб’ёму — 325 грузавікоў.

Што цяпер з гэтай вытворчасьцю, у адкрытых крыніцах інфармацыі няма.

Уга Чавэс на менскім заводзе МАЗ, верасень 2009
Уга Чавэс на менскім заводзе МАЗ, верасень 2009

«Белзамежбуд» — гэтая кампанія ў Вэнэсуэле займалася будаўніцтвам як жыльля, так і індустрыяльных аб’ектаў. На піку ў кампаніі працавалі да тысячы чалавек. Заяўлялася, што кампанія пабудуе каля 20 000 кватэраў, але фактычна не ўдалося дасягнуць і паловы гэтага аб’ёму. У 2011 годзе ўзьніклі праблемы з разьлікамі ад ураду Вэнэсуэлы, кампанія прыпыняла будаўніцтва.

Апошняя інфармацыя пра збудаванае беларускімі кампаніямі жыльлё ў Вэнэсуэле зьявілася ўлетку 2022 году.

Гаварылася пра два дамы агулам на 120 кватэраў.

Што цяпер зь беларускімі праектамі ў Вэнэсуэле і якая іх будучыня

У 2017 годзе ў Беларусь прыяжджаў Нікаляс Мадура. Тады Лукашэнка прыгадваў усе рэалізаваныя ў Вэнэсуэле праекты і заяўляў, што «абодва бакі маюць намер у бліжэйшай будучыні значна нарасьціць супрацу».

Аднак ніякіх значных прарываў з таго часу не адбылося. Апошнія зьвесткі аб беларускім імпарце з Вэнэсуэлы датуюцца 2020 годам: тады Беларусь закупіла тавараў у гэтай краіне толькі на 211,7 тысяч даляраў. У наступныя гады Вэнэсуэла проста зьнікла з статыстыкі, што можа казаць аб браку закупак ці мізэрных іх паказьніках.

Беларусь жа ў 2020 годзе прадала тавараў у Вэнэсуэлу на 1 мільён даляраў. Сьвяжэйшай статыстыкі беларускія статыстычныя ведамствы не даюць.

Аляксандар Лукашэнка сустракаецца з прэзыдэнтам Вэнэсуэлы Нікалясам Мадура. Менск, 5 кастрычніка 2017 году
Аляксандар Лукашэнка сустракаецца з прэзыдэнтам Вэнэсуэлы Нікалясам Мадура. Менск, 5 кастрычніка 2017 году

Апошнімі гадамі краіны на ўзроўні МЗС і дыпляматаў пачалі заяўляць пра намеры нарошчваць эканамічную супрацу, але канкрэтных фактаў, якія б падмацоўвалі гэтыя выказваньні, няма.

Што да ўсіх мінулых праектаў, якія раней Беларусь рэалізоўвала ў Вэнэсуэле, то незразумела, у якім яны цяпер стане. Паводле эканаміста Аляксея Харкевіча, галоўны сярод іх — нафтаздабыча.

«Там вялікія запасы нафты, а міжнародныя санкцыі былі перашкодай для распрацоўкі гэтых запасаў. У Беларусі ёсьць тэхналёгіі распрацоўкі, беларусы маглі б іх пастаўляць, каб Беларусь магла зарабляць на гэтым. Гэта адзін з топавых беларускіх актываў для падрыхтоўкі экспарту і паступленьня валюты ў краіну», — даводзіць суразмоўца.

Агулам жа Вэнэсуэла доўгі час была беларускім хабам у Лацінскай Амэрыцы, працягвае эканаміст.

«Гэта быў важны стратэгічны партнэр для беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў. Цяпер для іх важна, хто застанецца ва ўладзе ў Вэнэсуэле. У Лукашэнкі былі добрыя асабістыя сувязі з Мадура, ён мог быць і ўдзельнікам перамоваў. Калі палітычны курс ня зьменіцца, то актывы могуць захавацца», — гаворыць эканаміст.

«Даўгі перад Вэнэсуэлай»

Намесьнік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту і былы дыплямат Павал Латушка ў камэнтары Свабодзе прыгадаў, што Лукашэнка застаўся вінен Вэнэсуэле за нафту, і новыя ўлады, калі яны зьявяцца, могуць папрасіць вярнуць доўг.

«Як вынікае з узаемнага гандлёвага абароту на сёньня, якіх-небудзь буйных сумесных праектаў у Беларусі і Вэнэсуэлы амаль не засталося. Гэта пацьвярджаў і сам Лукашэнка ў 2023 годзе, заяўляючы, што адносіны з Вэнэсуэлай патрабуюць перазапуску. Адзінае, што засталося, — гэта даўгі рэжыму перад Вэнэсуэлай за пастаўленую нафту. Лукашэнка шмат гадоў вадзіў Мадура за нос у гэтым пытаньні. Лічу, што новы ўрад падыдзе да гэтай праблемы больш сур’ёзна і выставіць Лукашэнку рахунак, пагатоў гэтай лацінаамерыканскай краіне патрэбныя сродкі для аднаўленьня пасьля доўгіх гадоў катастрафічнай эканамічнай палітыкі Мадура», — сказаў Латушка.

Увесну 2023 году Беларускі расьследніцкі цэнтар, вэнэсуэльскае выданьне Armando.Info і Цэнтар расьсьледаваньня карупцыі і арганізаванай злачыннасьці (OCCRP) апублікавалі матэрыял, у якім сьцьвярджалася, што Беларусь так і ня выплаціла Вэнэсуэле каля 1,5 мільярда даляраў за нафту, набытую ў 2010-я гады.

Аляксандар Лукашэнка сустракаецца з прэзыдэнтам Вэнэсуэлы Нікалясам Мадура. Менск, 5 кастрычніка 2017 году
Аляксандар Лукашэнка сустракаецца з прэзыдэнтам Вэнэсуэлы Нікалясам Мадура. Менск, 5 кастрычніка 2017 году

Павал Латушка падкрэсьлівае, што цяпер гандаль паміж краінамі знаходзіцца на ўзроўні «статыстычнай хібнасьці».

«Адносіны Лукашэнкі з Вэнэсуэлай — гэта наглядны прыклад таго, як вонкавая палітыка дыктатара будавалася на асабістых сымпатыях да такіх жа ізаляваных рэжымаў, а не на эканамічным разьліку. Мільярды даляраў, гучныя заводы ў джунглях і „стратэгічнае партнэрства“ скончыліся інвэстыцыямі, якія, хутчэй за ўсё, ня будуць вернутыя, замарожанымі праектамі і даўгамі, якія рэжым Лукашэнкі так і не вярнуў», — падсумаваў Латушка.

На прэс-канфэрэнцыі 3 студзеня прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Злучаныя Штаты часова «будуць кіраваць» Вэнэсуэлай, пакуль там ня адбудзецца «бясьпечны, належны і разумны пераход улады». Якім чынам — пакуль незразумела. Трамп толькі сказаў, што «прызначае людзей» з свайго кабінэту міністраў адказнымі ў Вэнэсуэле, не падаўшы падрабязнасьцяў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG