«Я ўсё яшчэ прэзыдэнт сваёй краіны», – сказаў у судзе Мадура, якога цытуе амэрыканскае выданьне The New York Times.
Судзьдзя вызначыў, што наступнае паседжаньне па справе мае адбыцца 17 сакавіка.
Бары Полак, адвакат Мадура, заявіў у судзе, што пакуль не зьвяртаецца з просьбай вызваліць яго пад заклад, але ў будучыні можа гэта зрабіць. Ён таксама паставіў пад сумнеў законнасьць затрыманьня свайго падабароннага.
Полак таксама дадаў, што Мадура мае праблемы са здароўем, якія патрабуюць неадкладнай увагі. Адвакат Сіліі Флёрэс таксама заявіў, што тая мае сур'ёзныя пашкоджаньні, якія вымагаюць мэдычнай дапамогі. Пры гэтым адвакаты не назвалі канкрэтных дэталяў наконт гэтых праблемаў і пашкоджаньняў.
Незадоўга да судовага паседжаньня ў Нью-Ёрку адбылося паседжаньне Рады Бясьпекі ААН. Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш выказаў занепакоенасьць ростам нестабільнасьці ў Вэнэсуэле, патэнцыйным уплывам на ўвесь рэгіён і тым прэцэдэнтам, які захоп Мадура можа стварыць у стасунках паміж дзяржавамі.
У ноч на 3 студзеня амэрыканскія войскі нанесьлі ўдары па ваенных аб’ектах у сталіцы Вэнэсуэлы Каракасе і захапілі Мадура і ягоную жонку. Улады ЗША ня лічаць Мадура легітымным прэзыдэнтам і абвінавачваюць яго і Флёрэс у «наркатэрарызме», захоўваньні зброі і кантрабандзе наркотыкаў.
Вайсковая апэрацыя ЗША адбылася пасьля некалькіх месяцаў нарастаньня эканамічнага і вайсковага ціску з боку Вашынгтона на Вэнэсуэлу, у прыватнасьці перахопу вэнэсуэльскіх нафтавых танкераў і забойства дзясяткаў людзей падчас удараў па караблях паблізу ейных водаў, якія нібыта перавозілі наркотыкі.
Нікаляс Мадура кіраваў Вэнэсуэлай з 2013 году, зьмяніўшы Уга Чавэса. Апазыцыя і праваабарончыя арганізацыі абвінавачвалі рэжым Мадуры ў фальшаваньні выбараў і парушэньнях правоў чалавека.