Гэты здымак Трамп разьмясьціў у сваёй сацыяльнай сетцы Truth Social. На ім Мадура стаіць у спартовым касьцюме з завязанымі вачыма і ў навушніках.
«Нікаляс Мадура на борце амэрыканскага вайсковага карабля Iwo Jima», — напісаў Трамп.
На прэсавай канфэрэнцыі ў Флорыдзе Дональд Трамп заявіў, што ЗША будуць часова кіраваць Вэнэсуэлай, пакуль не адбудзецца «бясьпечны, належны і разумны пераход», паведаміла агенцтва DPA.
«Такім чынам, мы будзем кіраваць краінай да таго часу, пакуль ня зможам зрабіць бясьпечны, належны і разумны пераход улады, і ён павінен быць разумным, таму што гэта тое, што мы хочам. Мы хочам міру, свабоды і справядлівасьці для выдатнага народа Вэнэсуэлы», — працытавала Трампа агенцтва.
Прэзыдэнт ЗША меркаваў, што спатрэбіцца другая больш маштабная атака, але цяпер у гэтым няма неабходнасьці. «Першы напад быў настолькі пасьпяховым, што нам, імаверна, ня трэба рабіць другі, але мы гатовыя зрабіць другую хвалю, насамрэч значна большую хвалю», — сказаў ён.
Трамп таксама дадаў, што Куба можа стаць тэмай абмеркаваньня ў рамках больш шырокай палітыкі ЗША ў рэгіёне і падкрэсьліў, што Вашынгтон пашырыць сваю ўвагу за межы Вэнэсуэлы на тле ўзмацненьня напружанасьці ў Лацінскай Амэрыцы, паведаміла агенцтва Reuters.
У ноч на 3 студзеня ЗША нанесьлі ўдары па аб’ектах на тэрыторыі Вэнэсуэлы. Празь некалькі гадзін пасьля ўдару прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў аб затрыманьні вэнэсуэльскага лідэра Нікаляса Мадура разам зь ягонай жонкай і іх вывазе з Вэнэсуэлы.
Пазьней генэральны пракурор ЗША Пэм Бондзі заявіла, што Мадуры і ягонай жонцы Сілія Флорэс выставілі абвінавачаньні ў Паўднёвай акрузе Нью-Ёрка ў карупцыі, незаконным абарачэньні наркотыкаў і іншых злачынствах. У 2020 годзе Дзяржаўны дэпартамэнт абвясьціў аб узнагародзе ў 50 мільёнаў даляраў за інфармацыю, якая дапаможа яго арыштаваць і засудзіць.
Форум