Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЭЗ заклікалі паважаць міжнароднае права, Расея і Беларусь катэгарычна асудзілі. Рэакцыя на падзеі ў Вэнэсуэле

абноўлена

Каракас пад час атакі ЗША раніцай 3 студзеня 2026 году
Каракас пад час атакі ЗША раніцай 3 студзеня 2026 году

Раніцай 3 студзеня войскі ЗША нанесьлі ўдар па сталіцы Вэнэсуэлы Каракасе. Ад атакі пацярпелі цывільныя і вайсковыя аб’екты. Нафтавыя аб’екты не пацярпелі.

Празь некалькі гадзін пасьля ўдару прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў аб захопе ў палон вэнэсуэльскага лідэра Нікаляса Мадура разам зь ягонай жонкай.

Свабода сабрала рэакцыю ў сьвеце на гэтыя падзеі.

Рэакцыя ў Эўропе

Вярхоўная прадстаўніца Эўразьвязу ў замежных справах Кая Калас заклікала да стрыманасьці і павагі да міжнароднага права, хоць нагадала, што Эўразьвяз не прызнаў Мадура легітымным прэзыдэнтам Вэнэсуэлы.

«Я размаўляла зь дзяржаўным сакратаром Марка Рубіё і нашым паслом у Каракасе. ЭЗ уважліва сочыць за сытуацыяй у Вэнэсуэле», — напісала Калас на плятформе Х.

«Пры любых абставінах прынцыпы міжнароднага права і Статут ААН трэба паважаць. Мы заклікаем да стрыманасьці», — дадала яна.

Гішпанія заклікала да дээскаляцыі. «Гішпанія заклікае да дээскаляцыі і ўмеранасьці, а таксама да таго, каб дзеяньні заўсёды прымаліся ў адпаведнасьці зь міжнародным правам і прынцыпамі Статута ААН», — працытавала агенцтва dpa заяву Міністэрства замежных спраў Гішпаніі.

Гішпанскі ўрад таксама прапанаваў сваю дапамогу ў дасягненьні мірнага і перамоўнага вырашэньня цяперашняга крызісу. Мадрыд назірае за сытуацыяй у каардынацыі з сваімі партнэрамі па Эўразьвязе і краінамі рэгіёну, адзначаецца ў заяве.

У Міністэрстве замежных спраў Італіі адзначылі, што працягваюць сачыць за інфармацыяй аб сытуацыі ў Вэнэсуле, канцэнтруючыся на асаблівай увазе да мясцовай італьянскай супольнасьці, паведаміла агенцтва Reuters.

Аналягічную заяву зрабілі і ў замежна-палітычным ведамстве Нямеччыны.

Прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Кір Стармэр заявіў, што Брытанія ня ўдзельнічала ў амэрыканскай апэрацыі.

«Спачатку я хачу высьветліць факты. Я хачу пагаварыць з прэзыдэнтам Трампам. Я хачу пагаварыць з хаўрусьнікамі. Я магу абсалютна выразна сказаць, што мы ня ўдзельнічалі... І я заўсёды кажу і лічу, што мы ўсе павінны выконваць міжнароднае права», — сказаў Стармэр у заяве для брытанскіх вяшчальнікаў, паведаміла агенцтва Reuters.

Як адрэагавалі хаўрусьнікі Вэнэсуэлы

Прэзыдэнт Калюмбіі Густава Пэтра загадаў разгарнуць вайсковыя сілы на мяжы з Вэнэсуэлай. Як паведаміла агенцтва AFP, Пэтра ахарактарызаваў дзеяньні Вашынгтону як «напад на сувэрэнітэт» Лацінскай Амэрыкі і заявіў, што яны прывядуць да гуманітарнага крызісу.

У Міністэрстве замежных спраў Расеі выказалі «глыбокую занепакоенасьць і асуджэньне» праз «акт узброенай агрэсіі ЗША».

«Нагоды, якімі абгрунтоўваюць такія дзеяньні, нікчэмныя. Ідэалягізаваная непрыязнасьць узяла верх над дзелавым прагматызмам, гатоўнасьцю выбудоўваць адносіны даверу і прадказальнасьці», — адзначаецца ў заяве МЗС Расеі.

У Расеі заклікалі не дапусьціць далейшай эскаляцыі і прапанавалі пасярэдніцтва ў дыялёзе. Адначасова расейскія ўлады падтрымалі заклік Вэнэсуэлы тэрмінова склікаць пасяджэньне Рады бясьпекі ААН.

Натальля Эйсмант, прэсавая сакратарка Аляксандра Лукашэнкі, заявіла, што ён «катэгарычна асуджае акт амэрыканскай агрэсіі супраць Вэнэсуэлы». Раней афіцыйны Менск падтрымліваў Каракас перад пагрозамі з боку ЗША і заклікаў амэрыканскую адміністрацыю не бамбіць караблі, якія падазраюць у дастаўцы наркотыкаў з Вэнэсуэлы. Ён таксама выказваў гатоўнасьць прыняць Нікаляса Мадура.

Іран, яшчэ адзін ключавы хаўрусьнік Вэнэсуэлы, асудзіў вайсковы напад ЗША, паведаміла іранскае дзяржаўнае тэлебачаньне Press TV.

Міністэрства замежных спраў Ірана заявіла, што меркаваны напад парушае сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Вэнэсуэлы, а таксама Статут ААН.

«Ваенная агрэсія ЗША супраць незалежнай дзяржавы, якая зьяўляецца сябрам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, зьяўляецца грубым парушэньнем рэгіянальнага і міжнароднага міру і бясьпекі, наступствы якога паўплываюць на ўсю міжнародную сыстэму», — заявілі ў міністэрстве.

Таксама рэзка на адрас адміністрацыі ЗША выказаліся Куба і Бразылія.

Прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Кітая заявіў, што «Кітай глыбока шакаваны і рашуча асуджае відавочнае прымяненьне сілы ЗША супраць суверэннай дзяржавы і супраць яе прэзыдэнта».

Хто падтрымаў дзеяньні ЗША

Прэзыдэнт Эквадору Даніэль Набоа мяркуе, што цяпер структура наркагандлю, створаная яшчэ пры Чавэсу, «нарэшце абваліцца на ўсім кантынэнце».

«Карыне Мачада, Эдмунду Гансалесу і вэнэсуэльскаму народу: час вярнуць сваю краіну. У вас ёсьць хаўрусьнік у асобе Эквадора», — напісаў ён на плятформе Х.

Яшчэ адзін рэгіянальны хаўрусьнік Дональда Трампа, прэзыдэнт Аргентыны Хавіер Мілей заявіў, што цяпер «свабода рухаецца наперад». На сваёй старонцы на плятформе Х ён апублікаваў відэазапіс свайго ранейшага выступу, у якім ён называў Мадуру пагрозай для рэгіёну і выказваў падтрымку палітыцы Дональда Трампа датычна Вэнэсуэлы.

І Даніэль Набоа, і Хавіер Мілей прысутнічалі на цырымоніі ўручэньня Нобэлеўскай прэміі міру, якую ў 2025 годзе ўручылі лідэрцы вэнэсуэльскай апазыцыі Марыі Карыне Мачада.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG