Як паведаміла агенцтва AFP, выбухі суправаджаліся гукамі, падобнымі на пралёты самалётаў. Урад Вэнэсуэлы заклікаў да мабілізацыі насельніцтва і абвінаваціў ЗША ў нападзе.
Шэраг іншых СМІ паведамляюць, што вайсковыя сілы ЗША нібыта пачалі наземную апэрацыю ў Каракасе.
Канал NTN24 Venezuela апублікаваў некалькі відэазапісаў у момант выбухаў. У подпісе да аднаго зь іх паведамляецца аб атацы на авіябазу Ла Карлота ў Каракасе.
Кіраўнік Вэнэсулы Нікаляс Мадура абвясьціў надзвычайнае становішча ў краіне і заклікаў насельніцтва да мабілізацыі супраць «агрэсіі ЗША».
Паводле амэрыканскіх СМІ, за сэрыяй удараў па сталіцы Вэнэсуэлы стаяць вайскоўцы ЗША.
Белы дом і Пэнтагон не пракамэнтавалі выбухі і паведамленьні пра самалёты над Каракасам. Тэлеканалы CBS News і Fox News паведамілі, што неназваныя чыноўнікі адміністрацыі Трампа пацьвердзілі ўдзел амэрыканскіх войскаў.
Белы дом абвінавачвае Вэнэсуэлу ў актыўным спрыяньні наркатрафіку ў ЗША, які пагражае бясьпецы амэрыканцаў. Раней Трамп узмацніў прысутнасьць вайскова-паветраных сілаў ЗША ў Карыбскім рэгіёне пад маркай барацьбы з наркагандлем.
Першыя ўдары па караблях ля берагоў Вэнэсуэлы ЗША нанесьлі летась у верасьні. 15 сьнежня амэрыканскія вайскоўцы атакавалі тры караблі ў міжнародных водах Ціхага акіяну. Паводле Ўзброеных сілаў ЗША, выведка пацьвердзіла, што яны рухаліся вядомымі маршрутамі наркатрафіку ва ўсходняй частцы Ціхага акіяну і ўдзельнічалі ў наркагандлі.
Вашынгтон узмацніў ціск на Каракас, неафіцыйна закрыўшы паветраную прастору Вэнэсуэлы, увёўшы дадатковыя санкцыі і загадаўшы канфіскаваць танкеры, загружаныя вэнэсуэльскай нафтай.
На працягу тыдняў Трамп пагражаў наземнымі ўдарамі па наркакартэлях у рэгіёне, заяўляючы, што яны пачнуцца «неўзабаве».
Аднак адміністрацыя не прадставіла ніякіх доказаў таго, што атакаваныя караблі былі ўцягнутыя ў незаконны абарот наркотыкаў, што выклікала дыскусіі аб законнасьці гэтых апэрацый.
Паводле інфармацыі, апублікаванай амэрыканскімі вайскоўцамі, у выніку апэрацыі ня менш за 107 чалавек у выніку як мінімум 30 удараў.
Форум