«Злучаныя Штаты Амэрыкі пасьпяхова правялі маштабны ўдар па Вэнэсуэле і яе лідэры, прэзыдэнце Нікалясу Мадура, які разам зь яго жонкай быў захоплены ў палон і вывезены з краіны», — напісаў Дональд Трамп у сацыяльнай сетцы Truth Social.
Прэзыдэнт ЗША паабяцаў пазьней правесьці прэсавую канфэрэнцыю.
У кароткім тэлефонным інтэрвію газэце The New York Times Трамп назваў «бліскучай» апэрацыю па захопе лідэра Вэнэсуэлы, якую вельмі добра сплянавалі і правялі «шмат выдатных войскаў і выдатных людзей».
Як паведаміла агенцтва Reuters, урад Вэнэсуэлы ня ведае цяперашняга месца знаходжаньня Нікаляса Мадура.
У тэлефонным інтэрвію Fox News Дональд Трамп удакладніў, што Нікаляса Мадура і ягоную жонку на верталётах даставяць у Нью-Ёрк.
Падрабязнасьцяў іх перамяшчэньня пакуль няма, але генэральны пракурор ЗША Пэм Бондзі заявіла, што яны абвінавачаныя ў Паўднёвай акрузе Нью-Ёрка, дзе «неўзабаве сутыкнуцца з поўным гневам амэрыканскага правасудзьдзя на амэрыканскай зямлі ў амэрыканскіх судах».
У 2020 годзе ў ЗША Нікаляса Мадура абвінавацілі ў карупцыі, незаконным абарачэньні наркотыкаў і іншых злачынствах, а Дзяржаўны дэпартамэнт абвясьціў аб узнагародзе ў 50 мільёнаў даляраў за інфармацыю, якая дапаможа яго арыштаваць і засудзіць. Абвяшчаючы аб затрыманьні Мадуры, прэзыдэнт Трамп заявіў, што гэта было зроблена супольна з праваахоўнымі органамі ЗША.
Што будзе далей у Вэнэсуэле, пакуль незразумела, але ўдары ЗША і захоп Мадура ўжо былі рэзка асудзілі некаторыя з наймацнейшых партнэраў Каракаса.
Як усё пачалося
Як паведаміла агенцтва AFP, выбухі ў Каракасе пачаліся раніцай 3 студзеня і суправаджаліся гукамі, падобнымі на пралёты самалётаў. Урад Вэнэсуэлы заклікаў да мабілізацыі насельніцтва і абвінаваціў ЗША ў нападзе.
Шэраг іншых СМІ паведамілі, што вайсковыя сілы ЗША нібыта пачалі наземную апэрацыю ў Каракасе.
Канал NTN24 Venezuela апублікаваў некалькі відэазапісаў у момант выбухаў. У подпісе да аднаго зь іх паведамлялася аб атацы на авіябазу Ла Карлота ў Каракасе.
Улады Вэнэсуэла заявілі, што Нікаляс Мадура абвясьціў надзвычайнае становішча ў краіне і заклікаў насельніцтва да мабілізацыі супраць «агрэсіі ЗША». Але гэта адбылося да заявы Дональда Трампа аб затрыманьні вэнэсуэльскага лідэра.
Белы дом і Пэнтагон пакуль не пракамэнтавалі выбухі і паведамленьні пра самалёты над Каракасам. Тэлеканалы CBS News і Fox News паведамілі, што неназваныя чыноўнікі адміністрацыі Трампа пацьвердзілі ўдзел амэрыканскіх войскаў.
Па якіх аб'ектах наносілі ўдары
Прадстаўнік лідэра вэнэсуэльскай апазыцыі Марыі Карыны Мачада, якая падтрымлівае жорсткі курс ЗША датычна ўладаў у Каракасе, заявіў CBS News, што ўдары наносілі па вялікай вайсковай базе Фуэрта-Ціуна ў Каракасе, па аэрадроме Ла Карлота ў сталіцы Венэсуэлы, а таксама па порце Лараота. Па непацьверджаных паведамленьнях, удар нанесьлі таксама па парлямэнце і маўзалею Уга Чавэса.
Прадстаўнікі дзяржаўнай нафтавай кампаніі PDVSA заявілі, што, папярэдне, аб'екты нафтаздабываючага сэктару не пацярпелі.
Што папярэднічала
Белы дом абвінавачвае Вэнэсуэлу ў актыўным спрыяньні наркатрафіку ў ЗША, які пагражае бясьпецы амэрыканцаў. Раней Трамп узмацніў прысутнасьць вайскова-паветраных сілаў ЗША ў Карыбскім рэгіёне пад маркай барацьбы з наркагандлем.
Першыя ўдары па караблях ля берагоў Вэнэсуэлы ЗША нанесьлі летась у верасьні. 15 сьнежня амэрыканскія вайскоўцы атакавалі тры караблі ў міжнародных водах Ціхага акіяну. Паводле Ўзброеных сілаў ЗША, выведка пацьвердзіла, што яны рухаліся вядомымі маршрутамі наркатрафіку ва ўсходняй частцы Ціхага акіяну і ўдзельнічалі ў наркагандлі.
Вашынгтон узмацніў ціск на Каракас, неафіцыйна закрыўшы паветраную прастору Вэнэсуэлы, увёўшы дадатковыя санкцыі і загадаўшы канфіскаваць танкеры, загружаныя вэнэсуэльскай нафтай.
На працягу тыдняў Трамп пагражаў наземнымі ўдарамі па наркакартэлях у рэгіёне, заяўляючы, што яны пачнуцца «неўзабаве».
Аднак адміністрацыя не прадставіла ніякіх доказаў таго, што атакаваныя караблі былі ўцягнутыя ў незаконны абарот наркотыкаў, што выклікала дыскусіі аб законнасьці гэтых апэрацый.
Паводле інфармацыі, апублікаванай амэрыканскімі вайскоўцамі, у выніку апэрацыі ня менш за 107 чалавек у выніку як мінімум 30 удараў.
Форум