Вэнэсуэльская апазыцыянэрка Марыя Карына Мачада выказала гатоўнасьць аддаць Дональду Трампу сваю Нобэлеўскую прэмію міру:
«Гэтага яшчэ не адбылося, але я б з радасьцю асабіста сказала яму, што вэнэсуэльскі народ хоча аддаць яму і падзяліць зь ім [з Трампам] гэтую прэмію», — сказала Мачада ў інтэрвію Fox News.
Раней Дональд Трамп заявіў, што не разглядае Марыю Карыну Мачада як будучага кіраўніка Вэнэсуэлы.
Паводле Трампа, «ёй будзе вельмі цяжка быць лідэрам», бо яна «ня мае падтрымкі і павагі ў краіне».
The Washington Post з спасылкай на дзьве крыніцы ў Белым доме пісала, што Трамп нібыта не падтрымаў Мачада празь яе рашэньне прыняць Нобэлеўскую прэмію міру, якую хацеў атрымаць амэрыканскі прэзыдэнт.
Дональд Трамп заявіў на прэс-канфэрэнцыі 3 студзеня пасьля арышту Нікаляса Мадура, што Злучаныя Штаты часова «будуць кіраваць» Вэнэсуэлай, пакуль там не адбудзецца «бясьпечны, належны і разумны пераход улады».
Застаецца пад пытаньнем статус апазыцыйных дзеячоў Вэнэсуэлы на чале з падтрыманай ЗША Марыяй Карынай Мачада, якая летась атрымала Нобэлеўскую прэмію міру. Яна напісала ў сацыяльных сетках, што «настаў час свабоды».
Міністар юстыцыі ЗША Пэм Бондзі заявіла, што Мадура і ягонай жонцы, якую таксама арыштавалі, у Нью-Ёрку выставяць крымінальныя абвінавачаньні за злачынствы, зьвязаныя з гандлем наркотыкамі.
Форум