Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мадура даставілі ў турму ў Нью-Ёрку


Нікаляса Мадуру суправаджаюць фэдэральныя агенты на базе Ўпраўленьня па барацьбе з наркотыкамі ЗША ў Нью-Ёрку (стоп-кадар зь відэа)
Нікаляса Мадуру суправаджаюць фэдэральныя агенты на базе Ўпраўленьня па барацьбе з наркотыкамі ЗША ў Нью-Ёрку (стоп-кадар зь відэа)

Вэнэсуэльскага лідэра Нікаляса Мадура зьмясьцілі ў цэнтар строгага рэжыму ўтрыманьня ў нью-ёрскім раёне Бруклін.

На відэа, апублікаваным Fox News у сацыяльных сетках, відаць, як 63-гадовага Мадура суправаджаюць фэдэральныя агенты, і ён кажа журналістам: «Дабранач, з Новым годам».

На прэс-канфэрэнцыі 3 студзеня прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Злучаныя Штаты часова «будуць кіраваць» Вэнэсуэлай, пакуль там ня адбудзецца «бясьпечны, належны і разумны пераход улады». Якім чынам — пакуль незразумела. Трамп толькі сказаў, што «прызначае людзей» са свайго кабінэта міністраў адказнымі ў Вэнэсуэле, ня даўшы падрабязнасьцяў.

Галоўныя памочнікі Мадуры, падобна, усё яшчэ знаходзяцца пры ўладзе, уключна зь віцэ-прэзыдэнткай Дэлсі Радрыгес. Трамп сказаў, што «яна па сутнасьці гатовая зрабіць тое, што мы лічым неабходным, каб Вэнэсуэла зноў стала вялікай». Аднак Радрыгес назвала Мадура «адзіным прэзыдэнтам» Вэнэсуэлы і заявіла, што ўдар ЗША стаўся «жахлівай плямай» на адносінах паміж краінамі.

Таксама пад пытаньнем статус апазыцыйных дзеячаў Вэнэсуэлы на чале з падтрыманай ЗША Марыяй Карынай Мачада, якая летась атрымала Нобэлеўскую прэмію міру. Яна напісала ў сацыяльных сетках, што «настаў час свабоды».

Міністар юстыцыі ЗША Пэм Бондзі заявіла, што Мадура і ягонай жонцы, якую таксама арыштавалі, выставяць крымінальныя абвінавачаньні ў Нью-Ёрку за злачынствы, зьвязаныя з гандлем наркотыкамі.

Удары ЗША ў Вэнэсуэле і захоп Мадуры былі рашуча асуджаныя некаторымі саюзьнікамі Каракаса, а таксама генэральным сакратаром ААН Антоніу Гутэрышам, які заявіў, што ваенныя дзеяньні ЗША ствараюць «небясьпечны прэцэдэнт».

Інфармацыйныя агенцтвы, спасылаючыся на свае крыніцы, паведамілі, што Рада Бясьпекі ААН зьбярэцца на пасяджэньне а 10-й раніцы 5 студзеня, каб абмеркаваць апэрацыю ЗША. Пасяджэньне ініцыявала Калюмбія, якую падтрымалі Расея і Кітай, паведамілі дыпляматы.

Масква, якая падтрымлівае цесныя сувязі з Вэнэсуэлай, заявіла, што надзвычай занепакоеная паведамленьнямі гвалтоўны вываз з краіны Мадуры і ягонай жонкі, і заклікала Злучаныя Штаты вызваліць іх.

Іран таксама асудзіў ваенную атаку ЗША, паведаміла іранскае дзяржаўнае мэдыя Press TV. Тэгеран заявіў, што гэтыя дзеяньні парушаюць сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Вэнэсуэлы, а таксама Статут ААН.

Венесуэльцы Калюмбіі святкуюць арышт Мадуры
Венесуэльцы Калюмбіі святкуюць арышт Мадуры

На вуліцы гарадоў Лацінскай Амэрыкі і Гішпаніі выйшлі тамтэйшыя вэнэсуэльцы, каб адсьвяткаваць захоп Мадуры.

«Мы вольныя. Мы ўсе радыя, што дыктатура зрынутая і што ў нас ёсьць свабодная краіна», — цытуе агенцтва Reuters вэнэсуэльскую жанчыну з Сантʼяга Хаці Яньес, якая правяла сем гадоў у Чылі.

У сталіцы Пэру, Ліме, мігрантка Міляграс Артэга, бацькі якой усё яшчэ знаходзяцца ў Вэнэсуэле, сказала, што спадзяецца вярнуцца.

«Веданьне таго, што мой бацька быў жывы і бачыў падзеньне Нікаляса Мадуры, вельмі эмацыйнае. Я хацела б убачыць ягоны твар», — сказала яна.

Многія саюзьнікі Вашынгтона, хоць і не выказвалі сымпатыі да рэжыму Мадуры, тым ня менш адзначылі неабходнасьць пільнавацца міжнароднага права.

Прэмʼер-міністар Вялікабрытаніі Кір Стармэр сказаў, што «мы лічылі Мадура незаконным прэзыдэнтам і не ліём сьлёзаў з нагоды канца ягонага рэжыму», — і дадаў: «Я пацьвердзіў сваю падтрымку міжнароднага права гэтай раніцай».

Францыя заявіла, што ўдар ЗША падрывае міжнароднае права, падкрэсьліўшы, што крызіс у Вэнэсуэле ня можа быць вырашаны зьнешнімі гульцамі.

Канцлер Нямеччыны Фрыдрых Мэрц заявіў, што Мадура «прывёў сваю краіну да разбурэньня», але назваў дзеяньні ЗША юрыдычна «складанымі».

Аднак ультраправая прэмʼер-міністарка Італіі Джорджа Мэлёні, саюзьніца Трампа, назвала дзеяньні ЗША «легітымнымі» і «абарончымі».

Прадстаўнікі іншых краін, у прыватнасьці Ўкраіны, Паўночнай Македоніі, Альбаніі і Косава, пасьля ўдараў заявілі, што яны падтрымліваюць Вашынгтон і ягоную наўпроставую апэрацыю ў Лацінскай Амэрыцы, першую з часоў уварваньня ў Панаму ў 1989 годзе.

Вайсковая апэрацыя ЗША адбылася пасьля некалькіх месяцаў нарастаньня эканамічнага і вайсковага ціску з боку Вашынгтона на Вэнэсуэлу, у прыватнасьці перахопу вэнэсуэльскіх нафтавых танкераў і забойства дзясяткаў людзей падчас удараў па караблях паблізу ейных водаў, якія нібыта перавозілі наркотыкі.

Нікаляс Мадура кіраваў Вэнэсуэлай з 2013 году, зьмяніўшы Уга Чавэса. Апазыцыя і праваабарончыя арганізацыі абвінавачваюць рэжым Мадуры ў фальшаваньні выбараў і парушэньнях правоў чалавека.

У 2020 годзе Злучаныя Штаты абвінавацілі Мадура ў карупцыі, незаконным абароце наркотыкаў і іншых злачынствах, а Дзяржаўны дэпартамэнт прапанаваў узнагароду ў 50 мільёнаў долараў за інфармацыю, якая прывядзе да ягонага арышту і суду над ім.

Паводле паведамленьняў Reuters і AFP

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG