Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АПК заклікаў Лукашэнку да дыялёгу: «Прыклад Каракасу паказвае, што вокны магчымасьцяў закрываюцца хутка»


Кіраўніца АПК Сьвятлана Ціханоўская з намесьнікам Паўлам Латушкам
Кіраўніца АПК Сьвятлана Ціханоўская з намесьнікам Паўлам Латушкам

Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі апублікаваў зварот да «дэ-факта ўладаў Рэспублікі Беларусь» у сувязі з затрыманьнем кіраўніка Вэнэсуэлы Нікаляса Мадура амэрыканскімі вайскоўцамі.

У звароце зазначаецца, што «арышт Нікаляса Мадура 3 студзеня 2026 году стаў у новай глябальнай палітыцы паказальным сыгналам кожнаму аўтарытарнаму рэжыму: ні гады кіраваньня дзяржаўным апаратам, ні кантроль над войскам, ні вонкавая падтрымка паплечнікаў ня будуць гарантыямі захаваньня ўлады».

АПК адзначае, што «Мадура адмовіўся ад дыялёгу з апазыцыяй, выбраў рэпрэсіі замест легітымнасьці, лічыў сілавыя структуры сваёй непрабіўнай аховай — і жорстка памыліўся. У выніку лёс Вэнэсуэлы зараз будзе залежыць у значнай ступені ад вонкавых чыньнікаў».

Далей АПК чарговы раз заклікаў да агульнанацыянальнага дыялёгу.

«Усьведамляючы сваю адказнасьць за захаваньне сувэрэнітэту Беларусі, Кабінэт пацьвярджае ініцыятыву ў правядзеньні нацыянальнага дыялёгу, выкладзеную ў Заяве ад 9 жніўня 2025 году. Мы настойваем на тым, што адзіным сродкам перадухіленьня каляпсу дзяржаўнасьці зьяўляецца арганізацыя Круглага стала для выхаду з палітычнага крызісу ў Беларусі.

На думку АПК, «ўнутранае грамадзкае паразуменьне патрэбнае, каб забясьпечыць стабільнасьць у час патрэбнай нашай краіне палітычнай трансфармацыі, выхад на цывілізаванае разьвязаньне ўнутраных праблем, зьняцьце санкцый, вяртаньне інвэстыцый і аднаўленьне канструктыўнай міжнароднай супрацы».

«Прыклад Каракасу паказвае, што вокны магчымасьцяў закрываюцца хутка, таму ігнараваньне ініцыятывы Круглага стала можа прывесьці да сцэнароў, дзе цывілізаваны грамадзкі дыялёг будзе заменены іншымі некантраляванымі працэдурамі, якія могуць ствараць пагрозы незалежнасьці Рэспублікі Беларусь.

Беларусы заслугоўваюць дэмакратычнага кіраваньня, устойлівага эканамічнага разьвіцьця і нармалізацыі міжнародных адносінаў. Кожная службовая асоба мусіць несьці адказнасьць за выбар аптымальных шляхоў для пасьпяховага разьвіцьця нашай краіны», гаволрыцца ў заяве.

Апэрацыя ЗША ў Вэнэсуэле

Раніцай 3 студзеня армія ЗША парвяла апэрацыю ў Вэнэсуэле. Па яе выніку Дональд Трамп заявіў аб затрыманьні вэнэсуэльскага кіраўніка Нікаляса Мадура. Разам з сваёй жонкай ён быў схоплены і дастаўлены ў амэрыканскі суд.

Трамп раней выказваўся, што лічыць Мадура не прэзыдэнтам, а «кіраўніком наркакартэлю».

У сьвеце неадназначная рэакцыя на дзеяньні Злучаных Штатаў і асабіста Трампа. Частка крытыкуе яго за ўмяшаньне ва ўнутраныя справы Вэнэсуэлы і сілавое разьвязаньне справы, частка сьвяткуе пазбаўленьне Вэнэсуэлы ад дыктатуры, якая працягвалася не адзін дзясятак гадоў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG