У адрозьненьне ад іншых жонак прэзыдэнтаў, Сылію Флёрэс не называлі першай лэдзі. У Вэнэсуэле яе лічылі першай баявой паплечніцай прэзыдэнта, а таксама адной з самых уплывовых фігураў рэжыму Мадура, апавядае тэлеканал «Настоящее время».
Палітычная кар’ера юрыста Сыліі Флёрэс пачалася з далучэньня да каманды Уга Чавэса. Пасьля таго як Чавэс у 1992 годзе пачаў няўдалую спробу дзяржаўнага перавароту, Флёрэс увайшла ў каманду яго адвакатаў. А з часам далучылася і да палітычнага праекту Чавэса.
У камандзе Чавэса карʼера Флёрэс імкліва набірала абароты. У 2000 годзе яе абралі ў Нацыянальную асамблею, а праз шэсьць гадоў яна стала першай жанчынай-сьпікерам парлямэнту Вэнэсуэлы. На гэтай пасадзе яна зьмяніла Нікаляса Мадура, зь якім ужо тады была ў адносінах.
Калі Флёрэс была старшынёй парлямэнту, крытыкі пачалі абвінавачваць яе ў абмежаваньні працы незалежных СМІ і нэпатызьме: яна нібыта ўладкоўвала на працу людзей з свайго атачэньня і сямʼі. Флёрэс адказвала, што ганарыцца сваімі сваякамі, а прэтэнзіі называла кампаніяй дыскрэдытацыі.
У 2012 годзе Флёрэс стала генэральным пракурорам і займала гэтую пасаду да самай сьмерці Уга Чавэса ў сакавіку 2013-га.
Мадура і Флёрэс пажаніліся ў 2013 годзе, празь некалькі месяцаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Да таго іх адносіны працягваліся ўжо шмат гадоў. З моманту прыходу да ўлады Мадура Флёрэс актыўна ўдзельнічала разам з мужам у публічных імпрэзах.
А каб прадэманстраваць блізкасьць улады да народу, запусьціла сямейнае шоў на вэнэсуэльскай тэлевізіі пад назвай «З Сыліяй па-сямейнаму».
Увага да сямʼі Флёрэс была прыцягнута ня толькі ўнутры краіны, але і за мяжой. У 2017-м двое яе пляменьнікаў былі арыштаваныя на Гаіці з падазрэньнем у кантрабандзе наркотыкаў. Суд у Нью-Ёрку пакараў кожнага 18 гадамі турмы. У 2022 годзе іх вызвалілі ў рамках абмену вязьнямі.
Флёрэс з 2018 году знаходзіцца пад амэрыканскімі санкцыямі — як частка бліжэйшага асяродзьдзя Мадура. Праваабаронцы ўскладаюць на ягоны рэжым адказнасьць за пазасудовыя пакараньні, адвольныя затрыманьні і палітычны перасьлед.
Зараз амэрыканская пракуратура абвінавачвае Флёрэс у датычнасьці да міжнароднага наркагандлю і незаконнага абароту зброі. Сама яна гэтыя абвінавачаньні адмаўляе.