Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мне здаецца, я падобны да Сталіна»: ці падобныя Нікаляс Мадура і Аляксандр Лукашэнка


Хто такі Нікаляс Мадура, што ўяўляюць сабой цяпер Вэнэсуэла і двухбаковыя беларуска-вэнэсуэльскія адносіны?

5 кастрычніка ў Беларусь прыяжджае зь візытам прэзыдэнт Вэнэсуэлы Нікаляс Мадура. Папярэднік Мадуры — харызматычны Уга Чавэс неаднаразова прыяжджаў у Беларусь, як і Лукашэнка — да свайго «сябра Уга». Мадура ж наведаў раней Беларусь толькі адзін раз, неўзабаве пасьля сьмерці папярэдніка.

Хто такі Нікаляс Мадура, што ўяўляюць сабой цяпер Вэнэсуэла і двухбаковыя адносіны?

Акадэмія жыцьця

Нікаляс Мадура скончыў ліцэй Авалі і грамадзкую сярэднюю школу. Вышэйшай адукацыі ня мае. У юнацтве працаваў кіроўцам аўтобуса ў сыстэме мэтрапалітэну Каракасу, сталіцы Вэнэсуэлы.

Палітык і дэпутат

Арганізаваў прафсаюз работнікаў мэтрапалітэну Каракасу. У 1994-97 гадах уваходзіў у кіраўніцтва Баліварыянскага рэвалюцыйнага руху. Адзін з заснавальнікаў руху «Пятая Рэспубліка», ад якога ў 1998 годзе абіраўся ў палату дэпутатаў Нацыянальнай асамблеі Вэнэсуэлы. У 2005-2006 гадах — прэзыдэнт Нацыянальнай асамблеі Вэнэсуэлы.

Міністар і віцэ-прэзыдэнт

У 2006-2013 гадах — міністар замежных спраў. У 2012 года прэзыдэнт Вэнэсуэлы Уга Чавэс прызначыў Мадуру віцэ-прэзыдэнтам. 5 сакавіка 2013 года, пасьля сьмерці Уга Чавэса, Мадура стаў выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта Вэнэсуэлы.

Прэзыдэнт без «элегантнай перамогі»

На выбарах 14 красавіка 2013 году быў абраны прэзыдэнтам, на выбарах набраў 50,76%, яго канкурэнт, кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі, Энрыке Капрылес — 49,07%.

Выстаяў супраць імпічмэнту

24 кастрычніка 2016 году Нацыянальная асамблея абвінаваціла прэзыдэнта ў «дзяржаўным перавароце» на той падставе, што Нацыянальная выбарчая рада адклала правядзеньне ініцыяванага апазыцыяй рэфэрэндуму. На рэфэрэндуме, у ліку іншых, мелася быць пастаўленае пытаньне аб адстаўцы прэзыдэнта Мадуры.

25 кастрычніка 2016 году Нацыянальная асамблея Вэнэсуэлы прагаласавала за пачатак працэсу імпічмэнту прэзыдэнта. Аднак Мадура наведаў Ватыкан, дзе сустрэўся з папам рымскім Францыскам і папрасіў пантыфіка накіраваць на перамовы з вэнэсуэльскай апазыцыяй дзяржаўнага сакратара Ватыкану. Пасьля гэтага працэдура імпічмэнту была прыпыненая.

Дэманстрацыя супраць Мадуры ў Каракасе у красавіку 2017 году
Дэманстрацыя супраць Мадуры ў Каракасе у красавіку 2017 году

9 студзеня 2017 года большасьць Нацыянальнай Асамблеі прагаласавала за рашэньне абвясьціць Мадуру асобай, якая пакінула пасаду кіраўніка дзяржавы. 10 студзеня 2017 года Вярхоўны Суд прызнаў рашэньне парлямэнту антыканстытуцыйным.

Свой шлях зьмены Канстытуцыі і дзяржаўнага ладу

У ліпені 2017 годзе адбыліся выбары ва Ўстаноўчую Асамблею, арганізаваныя паводле ініцыятывы прэзыдэнта. Мэта сходу — выпрацоўка праекту новай Канстытуцыі краіны.

Усе дэлегаты Асамблеі — чальцы Патрыятычнага цэнтру — альянсу партыяў і рухаў, якія падтрымліваюць прэзыдэнта Мадуру. Апазыцыя ўдзельнічаць у выбарах Асамблеі адмовілася.

19 жніўня 2017 году Асамблея аднагалосна прагаласавала за прыняцьцё на сябе паўнамоцтваў парлямэнту. Парлямэнт, большасьць у якім належыць апазыцыі, адхіліў гэтае рашэньне.

29 верасьня 2017 году Асамблея прагаласавала за пачатак суду над лідэрамі апазыцыі паводле абвінавачваньня ў дзяржаўнай здрадзе. Асамблея заявіла, што пад суд пойдуць тыя, хто падтрымаў эканамічныя санкцыі з боку ЗША.

«Вэнэсуэльская Крупская»

Мадура з жонкай
Мадура з жонкай

Жонка прэзыдэнта Вэнэсуэлы Сілія Флёрэс — вядомы ў краіне левы палітык, у 2006 годзе яна зьмяніла мужа на пасадзе сьпікэра парлямэнту. Яны пазнаёміліся ў 1994 годзе, калі Флёрэс была адвакатам Уга Чавэса, які тады сядзеў у турме за спробу ваеннага перавароту. Флёрэс на 10 гадоў старэйшая за свайго мужа. Нікаляс і Сілія маюць аднаго сына, якога завуць як і бацьку Нікаляс.

«Калі б на Вэнэсуэлу быў учынены напад, вы б пабачылі стрэльбы ў Нью-Ёрку, спадар Трамп. Мы б захапілі Белы дом».

Нікаляс Мадура-малодшы, палітык

Эканамічнае становішча краіны — свабоднае падзеньне ў бездань

У канцы 2016 году ў эканоміцы Вэнэсуэлы адбылося скарачэньне ВУП на 12%, інфляцыя перавысіла 500%.

У студзені-чэрвені 2017 году інфляцыя склала 249 %.

Паводле дадзеных МВФ, ВУП Вэнэсуэлы ў 2017 годзе на 35% ніжэй за ўзровень 2013 году, за гэты ж час нацыянальны даход зьнізіўся на 51%.

Ліпень 2017 году. Пратэсты на вуліцах Каракасу.
Ліпень 2017 году. Пратэсты на вуліцах Каракасу.

У траўні 2017 году мінімальная заработная плата у краіне складала 50 даляраў.

Паводле дадзеных апытаньня, праведзенага трыма найбольш прэстыжнымі ўнівэрсытэтамі Вэнэсуэлы, 74% вэнэсуэльцаў з 2014 па 2016 год страцілі ў сярэднім 8,6 кіляграмаў вагі.

Мільёны вэнэсуэльцаў пакутуюць ад недахопу харчаваньня, шалёнай інфляцыі і чэргаў за самымі неабходнымі рэчамі.

Санкцыі, як супраць Лукашэнкі да 2015 году

29 траўня 2014 году ЗША прынялі закон, які прадугледжвае ўвядзеньне санкцыяў адносна некаторых вэнэсуэльскіх палітыкаў і ўрадоўцаў, якія мелі дачыненьне да парушэньня правоў чалавека. Да іх была ўжытая забарона на ўезд на тэрыторыю Злучаных Штатаў, а іх рахункі ў амэрыканскіх банках былі замарожаныя.

У сакавіку 2015 году ЗША ўвялі новыя санкцыі супраць вэнэсуэльскіх чыноўнікаў. 26 ліпеня 2017 году былі ўведзеныя дадатковыя санкцыі супраць 13 грамадзянаў Вэнэсуэлы (сярод іх — міністар унутраных спраў, кіраўнікі арміі, паліцыі і нацыянальнай гвардыі).

26 жніўня 2017 года прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указ, якім увёў супраць Вэнэсуэлы новыя санкцыі, у тым ліку забарону зьдзелак з новымі даўгавымі абавязаньнямі і каштоўнымі паперамі, якія выпускае ўрад Вэнэсуэлы і дзяржаўная нафтавая кампанія PDVSA.

Свой Майдан

Толькі падчас масавых акцый пратэсту ў траўні-ліпені 2017 году больш за 90 чалавек былі забітыя, сотні арыштаваныя і тысячы атрымалі раненьні.

Беларуска-вэнэсуэльскае эканамічнае супрацоўніцтва: помнік мінуламу

На тэрыторыі Вэнэсуэлы пры ўдзеле беларускіх спэцыялістаў збудаваны шэраг аб’ектаў, у тым ліку жылы мікрараён на 2520 кватэраў у горадзе Маракай, жылы мікрараён на 4448 кватэр у раёне ваеннай базы «Лібэртадор», 8 дамоў у раёне ваеннай базы «Фуэрте цівун», завод па вытворчасьці керамічных блёкаў магутнасьцю 25 млн. блокаў у год у Гуарэнас-Гуаціры, завод па зборцы трактароў «Беларус» у прамысловай зоне «Санта Інэс», штат Барынас, завод па зборцы грузавых аўтамабіляў «МАЗ» ў прамысловай зоне «Санта Інэс», завод па зборцы дарожна-будаўнічай тэхнікі ў прамысловай зоне «Санта Інэс».

Рэзкі рост двухбаковага таваразвароту адбыўся ў 2006-2008 гадах, калі беларускія пастаўкі ў Вэнэсуэлу павялічыліся з 6 млн даляраў у год да 173 млн даляраў у год. Пік двухбаковага гандлю прыйшоўся на 2010-2011 гады, пэрыяд росквіту палітычнага альянсу паміж Аляксандрам Лукашэнкам і вэнэсуэльскім лідэрам Уга Чавэсам і маштабных паставак у Беларусь нафты з Вэнэсуэлы. Аднак у наступныя гады двухбаковы тавараабарот абрынуўся.

Цытаты Нікаляса Мадуры:

У сьвеце ёсьць людзі, якія лічаць мяне Сталіным Карыбскага рэгіёну — і я падобны. Паглядзіце на профіль! Я гляджу ў люстэрка і, мне здаецца, я падобны на Сталіна

Злучаным Штатам, на жаль, заўсёды патрэбны вораг. 200 гадоў яны шукаюць ворагаў. Дзяржава ЗША ўтварылася з 13 калёніяў Брытанскай Імпэрыі. З пачатку свайго ўтварэньня ЗША задаліся мэтай пабудаваць імпэрыю. Яны прыдумалі дактрыну, што іх прызначэньне палягае ў тым, каб кіраваць усёй Амэрыкай (Паўночнай і Паўднёвай). Калі прытрымлівацца гэтай дактрыны, мы — задворкі ЗША. Акрамя таго, іх прызначэньне — кіраваць сьветам. Яны павінныя выконваць абавязкі сусьветнага ўраду, паліцыі сьвету і сусьветнага судзьдзі. Таму яны заўсёды шукаюць ворага.

Дональд Трамп кожны дзень мне нешта кажа, Дональд Трамп апантаны Нікалясам Мадурам, гэта таму што я рабочы чалавек, а ён прывык злоўжываць ў адносінах да рабочых і жанчынаў. Гэта ўсё з-за гэтага ж, праўда.

Я поўны сілаў для барацьбы, асабліва калі Трамп называе мяне дыктатарам

Супраць мяне ўвялі санкцыі, таму што я праводжу унікальныя выбары ў гісторыі Амэрыкі. Я ганаруся тым, што гэтыя санкцыі ўведзеныя

Абвяшчаю, што Вэнэсуэла зьбіраецца ўвесьці новую міжнародную аплатную сыстэму і стварыць валютны кошык для вызваленьня ад даляру і разам з такімі свабодна канвэртаванымі валютамі, як юань, ена, рупія, міжнароднымі валютамі, вызваліцца ад абцугоў даляру, валюты, якая душыць нашую краіну

Расейскі тэлеканал Russia Today магутней, чым тысяча ядзерных ракет

Сусьветныя лідэры ўжо 10 гадоў спрабуюць абкласьці Расею з дапамогай так званых «каляровых рэвалюцыяў»

Тыя, хто стварыў канфлікт ва Ўкраіне, заахвоцілі групы нэафашыстаў і неанацыстаў

Прэм’ер Гішпаніі Рахой павінен адказаць перад сьветам за тое, што ён зрабіў сёньня (1 кастрычніка — РС) каталёнскаму народу. У Каталёніі ёсьць права на дэмакратыю, мір, свабоду і спакой. Мы выказваем поўную салідарнасьць з народам Каталёніі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG