Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка амаль праз тыдзень па амэрыканскай апэрацыі ў Вэнэсуэле пракамэнтаваў захоп Мадура


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Кіраўнік Беларусі шчыльна супрацоўнічаў з папярэднікам Нікаляса Мадура Уга Чавэсам. З захопленым кіраўніком Вэнэсуэлы перамовы былі ўжо не такімі частымі, але дзяржавы мелі актыўны гандаль і ўзаемныя дачыненьні.

Празь пяць дзён пасьля таго, як амэрыканскія вайскоўцы захапілі Нікаляса Мадура і ягоную жонку і даставілі іх у Злучаныя Штаты, хаўрусьнік Мадура зь Беларусі — Аляксандар Лукашэнка — пракамэнтаваў падзеі.

«Я хачу, каб вы разумелі: там было ўсё. І дамоўленасьць, і грошы, якія былі аплачаны ў тым ліку людзям у Вэнэсуэле. І вайскоўцам, і цывільным. Там была змова, і там была здрада. Усё там было», — цытуе Лукашэнку канал «Пул первого».

Лукашэнка таксама лічыць, што апэрацыя ЗША ў Вэнэсуэле — гэта саступкі Трампа вайскоўцам:

«Напярэдадні я сказаў, што калі вы, амэрыканцы, хочаце другі Віетнам, вы яго атрымаеце. Як бы тамака ні складалася сытуацыя, мне здаецца, яны гэта пачулі. І тое, што яны пагражаюць зараз Вэнэсуэле нейкай наземнай апэрацыяй, я думаю, яны цудоўна разумеюць, што гэтая апэрацыя скончыцца не на іх карысьць. Тысячы загінуць ужо. І амэрыканцы. Думаю, ні Дональд, ні іншыя гэтага не жадаюць.

Але вы павінны дакладна разумець: Амэрыка — вельмі складаная краіна. Гэта ня так, як у нас, нават у Расеі і іншых краінах. Я думаю, гэта хутчэй за ўсё саступка Дональда Трампа вайскоўцам. Памятаеце, як беглі з Афганістану, чапляючыся за шасі самалётаў, падалі на ўзьлётна-пасадачнай паласе? Ганьба! Ну трэба ж было паказаць, што на нешта здольныя», — дадаў Лукашэнка.

Таксама Лукашэнка адзначыў, што летась у Беларусі неават разьмеркавалі ролі на выпадак раптоўнага зьнікненьня самога Лукашэнкі.

«Вы памятаеце ў мінулым годзе пасяджэньне Савету Бясьпекі Беларусі, дзе мы разьмеркавалі ролі на выпадак „а што, калі ня будзе Лукашэнкі“? Слухайце, як у ваду глядзелі. Таму варыянт Вэнэсуэлы ў Беларусі нерэальны. Нават калі гэта адбудзецца, у нас усё на гэты выпадак прадугледжана», — заявіў Лукашэнка.

Апэрацыя ЗША ў Вэнэсуэле

Раніцай 3 студзеня армія ЗША парвяла апэрацыю ў Вэнэсуэле. Па яе выніку Дональд Трамп заявіў аб затрыманьні вэнэсуэльскага кіраўніка Нікаляса Мадура. Разам з сваёй жонкай ён быў схоплены і дастаўлены ў амэрыканскі суд.

Трамп раней выказваўся, што лічыць Мадура не прэзыдэнтам, а «кіраўніком наркакартэлю».

У сьвеце неадназначная рэакцыя на дзеяньні Злучаных Штатаў і асабіста Трампа. Частка крытыкуе яго за ўмяшаньне ва ўнутраныя справы Вэнэсуэлы і сілавое разьвязаньне справы, частка сьвяткуе пазбаўленьне Вэнэсуэлы ад дыктатуры, якая працягвалася не адзін дзясятак гадоў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG