Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Вэнэсуэлы заявілі, што выпусьцілі з турмаў палітвязьняў, у тым ліку былога кандыдата ў прэзыдэнты


Вэнэсуэльскія ўцекачы сьвяткуюць захоп Мадура
Вэнэсуэльскія ўцекачы сьвяткуюць захоп Мадура

Выпусьцілі і былога кандыдата ў прэзыдэнты краіны.

Улады Вэнэсуэлы заявілі пра шырокамаштабнае вызваленьне з турмаў палітычных зьняволеных. Дакладнай лічбы яны не назвалі, абмежаваўшыся словамі «вялікая лічба».

Мяркуецца, што вызваленьне адбылося ў межах дамоўленасьці прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа з Дэльсі Радрыгес, якая пераняла функцыі прэзыдэнткі пасьля таго, як Нікаляса Мадура 3 студзеня схапілі і вывезьлі з краіны амэрыканскія вайскоўцы. Трамп заявіў, што вэнэсуэльскія ўлады дадуць ЗША доступ да сваёй нафты.

Найвядомейшая вэнэсуэльская праваабарончая група Foro Penal падлічыла, што ў краіне ўвязьненыя больш за 800 палітычных зьняволеных. Гэтая лічба ўключае як мінімум 86 іншаземцаў — з ЗША, Гішпаніі, іншых краін.

Аднак праваабарончая група паставіла пад сумнеў маштаб вызваленьня зьняволеных, заявіўшы, што на вечар 8 студзеня абяцанага вызваленьня не адбылося.

Гішпанскія ўлады 8 студзеня заявілі, што Вэнэсуэла вызваліла з турмы вядомую вэнэсуэльска-гішпанскую праваабаронцу Расіё Сан-Мігель і чатырох іншых гішпанцаў. Расіё вінавацілі ў замаху на Мадура.

Сярод вызваленых і былы кандыдат ад апазыцыі Энрыке Маркес, які выступаў супраць Нікаляса Мадура на непрызнаных міжнароднай супольнасьцю прэзыдэнцкіх выбарах 2024 году.

«Усё скончылася», — сказаў Маркес у відэа, зьнятым мясцовым журналістам, дзе ён і ягоная жонка разам зь іншым вызваленым сябрам апазыцыі Б’яджа Пільеры.

Выказалася пра вызваленьне і лідэрка вэнэсуэльскай апазыцыі Марыя Карына Мачада. Яна ўхваліла заяву ўладаў, заявіўшы ў аўдыёзвароце ў сацыяльных сетках:

«Несправядлівасьць ня будзе доўжыцца вечна, і… праўда, хоць і параненая, у рэшце рэшт знаходзіць свой шлях».

Дональд Трамп заявіў тэлеканалу Fox News, што плянуе сустрэцца зь ёй, ляўрэаткай Нобэлеўскай прэміі міру, «на наступным тыдні».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG