Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вэнэсуэла заявіла пра вызваленьне шэрагу зьняволеных, а Сэнат ЗША выступіў супраць працягу апэрацыі Трампа ў гэтай краіне


Сьцяг Вэнэсуэлы на адным з урадавых будынкаў у Каракасе, сталіцы краіны
Сьцяг Вэнэсуэлы на адным з урадавых будынкаў у Каракасе, сталіцы краіны

Улады Вэнэсуэлы абвясьцілі пра вызваленьне «вялікай колькасьці» зьняволеных, некаторыя зь іх иншаземцы. Экспэрты палічылі гэта саступкай Злучаным Штатам пасьля зрынаньня кіраўніка краіны Нікаляса Мадура.

Гэта першы выпадак вызваленьня з таго часу, як былая намесьніца Мадура Дэльсі Радрыгес стала часовай прэзыдэнткай краіны пры падтрымцы прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, які заявіў, што задаволены тым, што яна будзе кіраваць краінай, пакуль Каракас дасьць Вашынгтону доступ да сваіх багатых запасаў нафты.

Пра вызваленьне зьняволеных абвясьціў брат Радрыгес, старшыня Нацыянальнай Асамблеі Хорхе Радрыгес, ключавая фігура ў сыстэме «чавізму», антыамэрыканскім сацыялістычным руху, заснаваным папярэднікам Мадура Уга Чавэсам, паведамляе AFP.

Радрыгес заявіў, што «значная колькасьць вэнэсуэльскіх і замежных грамадзян» неадкладна вызваляецца дзеля «мірнага суіснаваньня». Ён, аднак, не сказаў, якія зьняволеныя будуць вызваленыя і колькі.

Вэнэсуэльская праваабарончая няўрадавая арганізацыя Foro Penal паведаміла, што за кратамі знаходзіцца 806 палітычных зьняволеных. Супольнасьць ўхваліла заяву Радрыгеса як «добрую навіну», але заявіла, што ўсё яшчэ правярае факт вызваленьня.

Службоўцы Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША не камэнтавалі, ці было вызваленьне патрабаваньнем адміністрацыі Трампа. Раней прэзыдэнт ЗША заявіў рэспубліканскім заканадаўцам, што адміністрацыя Радрыгеса «закрывае камэру катаваньняў пасярод Каракасу», але не паведаміў ніякіх падрабязнасьцяў.

Сэнат скрытыкаваў Трампа

Неўзабаве пасьля захопу Нікаляса Мадура ў выніку амэрыканскіх авіяўдараў і рэйду спэцназа, у выніку якога загінулі 100 чалавек, паводле зьвестак Каракасу, Трамп абвясьціў, што ЗША будуць «кіраваць» гэтай краінай на працягу пераходнага пэрыяду.

«Толькі час пакажа», як доўга Вашынгтон будзе патрабаваць простага кантролю над краінай, сказаў ён у інтэрвію The New York Times, апублікаваным 8 студзеня. На пытаньне, ці азначае гэта тры месяцы, шэсьць месяцаў ці год, ён адказаў: «Я б сказаў, значна даўжэй».

Тым часам Сэнат ЗША зрабіў важны крок да прыняцьця рэзалюцыі аб стрымліваньні ваенных дзеяньняў супраць Вэнэсуэлы. Чакаецца, што за заканадаўчы акт, прапанаваны дэмакратамі, прагаласуюць на наступным тыдні. Дакумэнт адлюстроўвае шырока распаўсюджаную занепакоенасьць заканадаўцаў з нагоды таемнага захопу Мадура, які быў праведзены бязь іх відавочнай згоды.

Аднак чакаецца, што прыхільнікі забароны далейшай апэрацыі сутыкнуцца з супрацівам у Палаце прадстаўнікоў, дзе дамінуюць рэспубліканцы.

Заканадаўства, прапанаванае дэмакратамі, забараняе далейшыя ваенныя дзеяньні ЗША супраць Вэнэсуэлы безь відавочнага дазволу на гэта Кангрэсу. Праект прайшоў ключавое працэдурнае галасаваньне пры падтрымцы пяцёх рэспубліканцаў. Галасаваньне аб канчатковым прыняцьці, якое чакаецца на наступным тыдні, цяпер разглядаецца як ня больш як фармальнасьць.

Аднак гэтыя намаганьні разглядаюцца як у значнай ступені сымбалічныя, бо рэзалюцыя амаль ня мае шанцаў перажыць праўдападобнае вэта Трампа.

Прэзыдэнт ЗША ўжо скрытыкаваў пяцёх рэспубліканскіх прадстаўнікоў, якія прагаласавалі за праект, паўшчуваў іх за «дурноту» на сваёй плятформе Truth Social і заявіў, што яны «ніколі больш не павінны быць абраныя на пасады».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG