Уладзімер Глод, Менск 7 сакавіка ў кнігарнях Беларусі зьявіцца прыгодніцка-гістарычная аповесьць вядомага літаратара і публіцыста Сямёна Букчына “Скарб Напалеона”. Яна прысьвечаная адной з самых таямнічых загадак нашай гісторыі – скарбу, які, паводле загада францускага імпэратара, быў схаваны дзесьці каля Барысава, калі адступаючае з Расеі войска пераходзіла праз раку Бярэзіну. У мэмуарах удзельнікаў той вайны, розных гістарычных творах сьцьвярджаецца, што Напалеон вёз з сабою велізарную колькасьць нарабаванага ў Расейскай імпэрыі золата, срэбра, каштоўных камянёў ды іншага дабра, якое ня знойдзена аж да гэтага часу. Вось яшчэ адна, калі не самая галоўная, з прычынаў таго, што любыя згадкі пра скарб Напалеона выклікаюць падвышаную цікавасьць.