Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці “адваююць” рыцары зямлю ля Мірскага замка?


Вячаслаў Кулік, Менск Рыцарскі рух Беларусі пачынае сёлета яшчэ адну патрыятычную справу. Ля Мірскага замка плянуецца заснаваць так званы княскі двор. Тут стане мажлівым прымераць панцырнік і латы, папрактыкавацца ў валоданьні шабляй ці мячом й нават паўдзельнічаць у паядынку.

Заўсёдны арганізатар рыцарскіх турніраў Ігар Міхно паведаміў радыё Свабода, што не пазьней як у траўні прыме наведнікаў першы ў Беларусі княскі двор. Заснаваць яго ля Мірскага замка падштурхнуў папярэдні ўласны досьвед.

(Міхно: ) “Паспрабавалі папрацаваць з турыстамі: сфатаграфавацца, пераапрануцца. Дзеці з дасьпехаў не вылазілі. А паколькі ў Мір не наезьдзісься, таму ўзьнікла ідэя заснаваць рыцарскі стан. Я ўвогуле лічу, што, як у самога дачка расьце, то гісторыю паказваць трэба, інтарэс жа вялікі”.

Паводле гісторыка рыцарскага руху Арыны Вячоркі, у Беларусі дзейнічае ня менш як 50 аматарскіх клюбаў. Ім ужо цесна на рысталішчах рэгіянальных фэстаў. Таму спроба стварыць княскі двор у Міры – гэта, як гаворыцца, першая ластаўка вясны чаканых пераменаў.

(Вячорка: ) “Гэта форма камэрцыйная. Яна якраз тая, што могуць рабіць сталыя рыцары, якія гадоў 10 у рыцарскім руху. Гэтым маладым людзям даўно за 30. Ім ужо трэба разьвіваць такі накірунак: свае кавярні, свае крамы, выкупаць маёмасьць. Трэба каб рыцарам выдзялялі зямлю для будаўніцтва гульнёвых комплексаў, куды б маглі прыходзіць дзеці, бо нашае грамадзтва не спарадзіла лепшай формы працы менавіта з хлопцамі. Рыцарскія клюбы – гэта крышачку элітная справа, яка не дазваляе маладым людзям апускацца, а, наадварот, дапамагае ўзвышацца і адначасова несьці радасьць людзям”.

“Адваяваць” зямлю для княскага двара рыцарам дапамагае унітарнае прадпрыемства “Белінтурыст”. Дырэктарка яго Марыя Філіповіч ахвотна гаворыць пра станоўчы на сёньня вынік.

(Філіповіч: ) “Было прапанавана пасялковай уладай узяць любы кавалак зямлі, які мы жадаем. Мы папрасілі гектар”.

Каб была зразумелай салідарнасьць з рыцарскай марай кіраўніка дзяржпрадпрыемства й ачольцаў мясцовай улады, зноў зьвернемся за камэнтаром да Арыны Вячоркі.

(Вячорка: ) “Зараз дзяржаўныя чыноўнікі вельмі розныя. Асабліва мясцовыя, зь якімі будуць працаваць рыцарскія клюбы. Яны такія ж людзі, як і мы. І ім хочацца прыгожага, цікавага, незвычайнага. Усё ж яны не такія залежныя. Я лічу, што трэба супрацоўнічаць зь мясцовымі ўладамі. Аб’ектам гэтай працы ёсьць нашыя жывыя людзі”.

Ці ўдасца рыцарам заняць сталае месца ля Мірскага замка – пакажа час.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG