Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Недзяржаўныя выдаўцы беларускіх кніг лічаць удзел у XII-й Міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы бессэнсоўным


Валянціна Аксак, Менск 15 лютага ў Менску ў нацыянальным выставачным цэнтры “Белэкспа”, што на вуліцы Янкі Купалы, 27, адкрываецца XII Міжнародная кніжная выстава-кірмаш. Як стала вядома нашай менскай карэспандэнтцы, амаль усе недзяржаўныя выдавецтвы краіны, якія выпускаюць кнігі на беларускай мове, ня маюць на гэтай выставе сваіх стэндаў.

Сёлетнюю, як і адзінаццаць папярэдніх падобных міжнародных менскіх кніжных выставаў-кірмашоў, арганізоўвае камэрцыйная кампанія “МакБел” пры актыўным спрыяньні адпаведных дзяржаўных структураў, у прыватнасьці, міністэрства інфармацыі і кнігагандлёвых прадпрыемстваў.

Якія краіны прадстаўленыя на гэтай выставе і колькі беларускіх выдавецтваў бярэ ў ёй удзел? Арганізатары ад самага пачатку з’арыентаваныя на расейскі кніжны рынак. Таму асноўны ўдзельнік – Расея. Бяруць удзел таксама і ўкраінскія выдавецкія структуры, якія спэцыялізуюцца на камэрцыйнай расейскамоўнай літаратуры.

Дырэктарка “МакБелу” Эльвіра Макарава сказала, што сёлета на іхным кірмашы будзе прадстаўлена больш за паўтысячы экспанэнтаў. Зь іх – 93 выдавецтвы і друкарні Беларусі. У тым ліку – шэсьць буйнейшых дзяржаўных выдавецтваў, менскія Паліграфкамбінат, Фабрыка каляровага друку, Белкартаграфія, Дом друку і дзьве абласныя друкарні. Астатнія ўдзельнікі – 71 выдавецтва, якія таксама спэцыялізуюцца пераважна на камэрцыйнай расейскамоўнай літаратуры. Недзяржаўныя выдаўцы беларускіх кнігаў удзел у выставе лічаць бессэнсоўным.

Чаму так? Вось як мне адказаў на гэтае пытаньне выканаўчы дырэктар незалежнага выдавецтва “Беларускі кнігазбор” Генадзь Вінярскі:

(Вінярскі: ) “Замоўцы на рэалізацыю нашых кніг ужо ня зьявяцца, таму што, на жаль, у нас кнігагандаль манапалізаваны Белкнігай і абласнымі структурамі. Незалежных кнігарняў, на жаль, вельмі мала, і ў асноўным яны не зацікаўленыя ў распаўсюдзе беларускамоўнай кнігі. Што тычыцца замоўцаў з-за мяжы, дык у нас не такое буйное выдавецтва, каб нам займацца пастаўкай пачка ці двух на Ўкраіну ці куды, займацца мытнымі дакумэнтамі – для нас гэта проста ня мае сэнсу”.

Наогул, незалежныя выдаўцы беларускае кнігі характарызуюць гэтую выставу як старую савецкую выставу “дасягненьняў народнае гаспадаркі”, а не сучаснае рынкавае кніжнае шоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG