Тыя беларусы, якія ўжо паспрабавалі працаваць у студыях або на пляцоўках розных украінскіх гарадоў, адзначаюць асаблівую атмасфэру, якая спрыяе творчаму ўздыму. Пра гэта падчас нядаўняга прыезду ў Менск казаў былы праграмны дырэктар “Альфа радыё”, а цяпер адзін з кіраўнікоў украінскага радыё “Хіт FM” Сяргей Кузін. Такую самую адзнаку украінскім рэаліям даў Павел Міцько – вакаліст менскага гурту “Лепрыконсы”, які досыць пасьпяхова паспрабаваў сябе ў ролі тэлевядучага. Сьпявачка Ірына Дарафеева стала супрацоўнічае зь лідэрам аднаго з самых папулярных украінскіх гуртоў “Акіян Эльзы” Вячаславам Вакарчуком, і адзін з апошніх яе альбомаў запісаны менавіта ў Кіеве. Самы апошні прыклад – чарговая “эміграцыя” ва Ўкраіну комік-дуэту “Саша і Сірожа”. Якраз летась “Саша” Аляксей Хацкевіч і “Сірожа” Сяргей Міхалок вярнуліся ў Менск, каб “асесьці” з “Новымі калыханкамі” на Першым музычным канале. Аднак папярэднія дамоўленасьці канал скасаваў, і небясьпечныя для тэлеэфіру пэрсанажы мусяць зноў зьехаць у Кіеў. Аляксей Хацкевіч кажа, што ў зусім адрознай ад украінскай – беларускай атмасфэры – у творцаў усё меней магчымасьцяў для самастойных манэўраў.
(Хацкевіч:) “Каб ведаць, каму і што не падабаецца – тады прасьцей было б вырашыць: варта штосьці зьмяняць, альбо камусьці проста не падабаецца гэта паводле вызначэньня. Тады было б зразумела: часова гэта ці ўвогуле больш нас ня будуць тут выпускаць на экраны? Але ніхто не кажа – маўляў, спыніце гэтым займацца. Пастаянна камусьці нехта звоніць. Хто – невядома. Як звычайна, хтосьці “зьверху”.
Паводле іроніі лёсу, ад’езд Хацкевіча і Міхалка супаў з прэзэнтацыяй праекту Эўрапэйскага радыё пад назвай “Калыханкі”, у якім брала ўдзел і Беларуская тэлерадыёкампанія: 15 лютага 16 краінаў сьвету прэзэнтавалі інтэрнацыянальнай аўдыторыі самыя розныя вэрсіі аўтэнтычных і сучасных варыянтаў калыханак. Але ў той час, як “Саша і Сірожа” фактычна прызнаныя непажаданымі ў Беларусі пэрсанажамі, украінскі часопіс “FHM” адзначыў іх “Новыя калыханкі” “найлепшай тэлеперадачай мінулага году”.