Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэмію “Гліняны Вялес” атрымала маладая пісьменьніца з Барысава Алена Брава


Вінцэсь Мудроў, Полацак Вызначыўся ляўрэат штогадовай літаратурнай прэміі Таварыства Вольных Літаратараў “Гліняны Вялес” за 2004 год. Гэтым разам стод крывіцкага божышча Вялеса атрымае малады празаік Алена Брава за сваю кнігу “Камэнданцкі час для ластавак”, што выйшла летась у выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Надоечы наш полацкі карэспандэнт сустрэўся з галоўным каардынатарам згаданага Таварыства Алесем Аркушам.

Прэмія “Гліняны Вялес” заснаваная дванаццаць гадоў таму і ёю ганаруюцца аўтары лепшых кніг паэзіі, прозы і крытыкі. Свойчас ляўрэатамі сталі такія вядомыя літаратары, як Уладзімер Арлоў, Алесь Разанаў, Сяргей Астраўцоў, Лявон Вашко, Юры Гумянюк ды іншыя. Даволі арыгінальным выглядае сам працэс вызначэньня ляўрэата, якому папярэднічае шырокая дыскусія на літаратурных інтэрнэт-сайтах”.

Гаворыць галоўны каардынатар Таварыства Вольных Літаратараў і заснавальнік прэміі Алесь Аркуш:

(Аркуш: ) “Літаратурная прэмія “Гліняны Вялес” была заснаваная ў 1993 годзе. За гэты час сфармаваліся правілы вызначэньня ляўрэатаў і форма правядзеньня іх ганараваньня. Напачатку ў Інтэрнэце ладзіцца абмеркаваньне кніг, якія пабачылі сьвет за апошні год; затым ствараецца шорт-ліст зь пяцёх лепшых кніг. Ну а непасрэдна вызначаюць ляўрэата 12 экспэртаў: галасаваньне пачынаецца 1 лютага і адбываецца цягам двух тыдняў, прычым кожнага дня ў Інтэрнэце зьяўляецца меркаваньне аднаго з экспэртаў”.

Алена Брава – імя малавядомае ў літаратурных колах. У пэрыёдыцы дагэтуль, наколькі мне вядома, зьявілася ўсяго некалькі празаічных твораў гэтага аўтара. Чым прывабіла экспэртаў ад літаратуры творчасьць пісьменьніцы?

Ужо першая яе аповесьць, што зьявілася на старонках часопіса “Маладосьць”, прыцягнула да сябе ўвагу як паспалітых чытачоў, так і літаратурных крытыкаў. Сярод іншых відавочных адметнасьцяў, варта згадаць магістральную тэму творчасьці Алены Брава: жыцьцё простага чалавека ў таталітарным грамадзтве. У сёньняшняй сытуацыі, што склалася ў краіне, тэма гэтая ня можа не імпанаваць.

Мушу таксама адцеміць, што ранейшым часам кнігі абсалютнай большасьці ляўрэатаў выходзілі ў незалежных выдавецтвах. Гэтым разам стод Вялеса, апекуна мастацтваў, атрымае аўтарка кнігі, што выйшла ў дзяржаўным выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Сярод тых экспэртаў, што аддалі свой голас на карысьць Алены Брава, быў і Алесь Аркуш. Яму слова:

(Аркуш: ) “Ляўрэатамі Вялеса почасту станавіліся маладыя літаратары, аўтары першых кніг. Сёлета менавіта так і атрымалася – ляўрэатам стала празаік з Барысава Алена Брава за кнігу “Камэнданцкі час для ластавак”. Гэтая кніга засьведчыла, што ў беларускую літаратуру прыйшла адметная, таленавітая пісьменьніца, са сваім уласным стылем і жыцьцёвым досьведам”.

Па старой завядзёнцы, прэмія ўручаецца ў Полацку, у музэі беларускага кнігадрукаваньня. Па часе Вялесаваньне прымяркоўваецца да чарговай гадавіны абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Думаю, традыцыя гэтая захаваецца і сёлета.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG