Ігар Карней, Менск Міністэрства інфармацыі вынесла чарговыя папярэджаньні FM-станцыям за недастатковы аб’ём беларускай музыкі ў эфіры. Шэраг пакараных у мінулым месяцы радыёстанцый, сярод якіх “Юністар”, “Новае радыё” і “Хіт-FM”, зараз папоўнілі “Радыё Рокс”, “Пілот-FM” і “Альфа-Радыё”. Пасьля двух такіх папярэджаньняў, атрыманых на працягу году, рэдакцыя можа быць пазбаўленая ліцэнзіі на права вяшчаньня. Адметна, што цяпер прысутнасьць беларускіх музыкаў у эфіры адсочваюць не супрацоўнікі міністэрства, а адмыслова нанятая група маніторынгу Цэнтру сацыялягічных і палітычных дасьледаваньняў Белдзяржуніверсытэту.