Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія літаратары вырашаюць, як жыць пасьля страты маёмасьці


Ігар Карней, Менск 22 лютага на паседжаньні Рады Саюзу беларускіх пісьменьнікаў будзе разгледжанае пытаньне дзейнасьці творчага аб’яднаньня ў зьвязку з магчымым высяленьнем з Дому літаратара па вуліцы Фрунзэ, 5, што ў цэнтры Менску.

Пра што плянуюць сёньня гаварыць пісьменьнікі на адмысловым паседжаньні? У парадку дня некалькі пытаньняў, уключна з прыёмам у Саюз новых сябраў, аднак самае галоўнае пытаньне, безумоўна – як працаваць надалей?

Сытуацыя такая, што ўжо цягам бліжэйшага часу ёсьць вялікая верагоднасьць апынуцца фактычна на вуліцы. Падрабязьней пра гэта – старшыня Саюзу пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч. На пачатку я пацікавіўся, ці запрошаныя на паседжаньне дзяржаўныя чыноўнікі, якія маглі б яшчэ неяк паўплываць на рашэньне пазбавіць пісьменьнікаў свайго творчага Дому?

(Пашкевіч: ) “Калі кіраўнік справамі (былы ўжо, дарэчы) падпісаў ліст, ад адміністрацыі прэзыдэнта Праляскоўскі ўжо падпісаў; калі вышэйшыя чыноўнікі ўсё вырашылі, то запрашаць ніжэйшых нямэтазгодна…”

(Карэспандэнт: ) “Калі ўсё ж здарыцца горшы варыянт разьвіцьця падзеяў, якія шляхі вы сабе акрэсьлілі?”

(Пашкевіч: ) “Мы да апошняга будзем адстойваць“Танкаў кабінэт”… Гэта, па сутнасьці, момант ісьціны. Я хачу пераканацца: ці гатовая Рада, бальшыня пісьменьнікаў ісьці да канца ў адстойваньні сваіх грамадзянскіх правоў і, у прыватнасьці, права працаваць у Доме літаратара?”

(Карэспандэнт: ) “Які тэрмін для вас акрэсьлены?”

(Пашкевіч: ) “Тэрмін не акрэсьлены. Але, па сутнасьці – ад моманту атрыманьня гэтых ультыматыўных лістоў…”

Варта нагадаць, што кроніка актыўнага змаганьня за Дом літаратара бярэ пачатак ад 1997 году, калі ўказам Лукашэнкі пісьменьніцкая маёмасьць была перададзеная на балянс кіраўніцтву справамі прэзыдэнта.

Што сталася падставай для таго, што пісьменьнікаў цяпер пазбаўляюць нават права арэнды ў гэтым будынку? Цягам мінулага году Саюз пісьменьнікаў атрымаў два папярэджаньні ад Міністэрства юстыцыі, за што законам прадугледжаныя пэўныя санкцыі. У сваю чаргу, калі Саюз пазбавіцца памяшканьня, а значыць, і юрыдычнага адрасу, гэта пагражае ліквідацыяй грамадзкага аб’яднаньня – у тым выпадку, калі ня будзе знойдзены новы юрыдычны адрас.

Як мы ўжо чулі, ісьці на кампрамісы з пошукам нейкага памяшканьня пісьменьнікі таксама ня хочуць, паколькі справа тут прынцыповая. Адзін з колішніх кіраўнікоў Саюзу пісьменьнікаў, паэт Васіль Зуёнак, кажа, што няма словаў, каб перадаць гэтую крыўду:

(Зуёнак: ) “Крыкнуць іншы раз хочацца, як Багдановіч крыкнуў: “Не дзякуй казаць, а “ратуйце” крычаць…” Цяжка ў творчай справе, як у застольлі, за чаркай мірыцца і цалавацца. Кожны творца глядзіць трошкі па-свойму, але адзінае, што нас павінна весьці, як паходня – гэта наша Беларусь, яе будучыня”.

Але падаецца, што будучыня беларускіх літаратараў хвалюе ня ўсіх аднолькава. Пісьменьнік Эдуард Скобелеў, больш вядомы як адзін з прэзыдэнцкіх ідэолягаў, нават лічыць, што цяпер у пісьменьнікаў зьявіцца больш часу, каб задумацца над сэнсам жыцьця.

(Скобелеў: ) “Даць трэба час таварышам абдумацца, прыстасавацца. І я думаю, што можа нават зараз надыдзе момант, калі крышачку іх за ногі зь нябёсаў і сьцягнуць…”

У кіраўніцтве Рады пісьменьнікаў існуе такое меркаваньне: улады імкнуцца ліквідаваць грамадзкае аб’яднаньне, каб замяніць паслухмяным Саюзам на базе створанай некалькі гадоў таму Мінскай пісьменьніцкай арганізацыі. Праўда, ад часу свайго заснаваньня арганізацыя так і ня здолела абрасьці “талентамі”, што робіць справу спадкаемства досыць праблематычнай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG