Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вільня мае шанец быць абвешчанай сталіцай эўрапейскай культуры 2009 году


Тацяна Поклад, Вільня Эўрапарлямэнт падтрымаў ідэю абвесьціць Вільню сталіцай эўрапейскай культуры 2009 году. Гэты тытул надаецца ў рамках адмысловай эўрапейскай праграмы, якая існуе ўжо 20 гадоў дзеля збліжэньня нацыяў і краінаў Эўропы.

Ліст з прапановай кандыдатуры Вільні у Эўрапейскую камісію міністар культуры Літвы Ўладзімір Пруднікаў даслаў напрыканцы сьнежня. Чаму Вільня? Зь ліку ўсіх местаў у краінах – новых сябрах Эўразьвязу менавіта Вільня, як даводзіцца, найлепш падрыхтаваная захоўваць і разьвіваць старыя традыцыі эўрапейскай культуры і гарманічна спалучаць іх з патрабаваньнямі сучаснасьці.

Вільня насамрэч можа пахваліцца сваімі гарадзкімі імпрэзамі, адноўленымі традыцыйнымі фэстамі і кірмашамі. Вільня прызнаная ў сьвеце і як адзін з найбуйнейшых цэнтраў сучаснай тэатральнай культуры. У прапанове таксама адзначаецца, што “Вільня заўсёды была домам для многіх нацыяў”.

Непаўторнасьць і багацьце культуры Вільні вызначае яе шматнацыянальнасьць – тут важная асаблівасьць, што нацыі, якія стварылі і ствараюць культурны вобраз Вільні, жывуць тут цягам стагодзьдзяў.

Чаму менавіта 2009 год? Літва ўжо падрыхтавалася ў гэты год адзначаць сваё тысячагодзьдзе – гэта сымбалічная дата першай пісьмовай згадкі аб горадзе ў дакумэнтах Заходняй Эўропы: паводле літоўскіх гісторыкаў, у 1009 годзе у аналах нямецкага места Квэдлінбурга упершыню згадваецца назва Літва. Распрацаваная і праграма адзначэньня тысячагодзьдзя, якая мае ахапіць самыя розныя сфэры – навуковыя дасьледаваньні і выданьні, архітэктуру, культурную спадчыну.

Сталіца эўрапейскай культуры –гэта, можна сказаць, ганаровы тытул, але дакладней – гэта роля, якую будзе выконваць Вільня цягам вось гэтага 2009 году. Увесь час, калі Вільня будзе сталіцай эўрапейскай культуры, тут будзе ажыцьцяўляцца адмысловая праграма. Места будзе імкнуцца аднавіць і актуалізаваць гістарычныя культурныя сувязі й разам зь іншымі краінамі Эўропы пашыраць культурны досьвед – ствараць новыя каштоўнасьці эўрапейскай культуры.

Увесь год будуць адбывацца разнастайныя імпрэзы, а Вільня мае да таго ж добрыя традыцыі вулічных фэстаў, гарадзкіх сьвятаў, вядомых далёка за яе межамі – як, да прыкладу, Казюкас, які будзе неўзабаве.

Апрача звыклага культурнага жыцьця і ўсіх традыцыйных гадавых імпрэзаў плянуецца шмат іншага, новага, цікавага. Пакуль арганізатары не абвяшчаюць падрабязнасьцяў, але праграма ужо пэўны час рыхтуецца.

Новым сябрам супольнасьці будуць вылучаныя дадатковыя сродкі дзеля ўдзелу у праграме сталіцаў эўрапейскай культуры – колькі дакладна атрымае Вільня, яшчэ не вызначана. Да таго ж, тытул эўрапейскай культурнай сталіцы прыцягвае у места новыя інвэстыцыі, ажыўляе турызм.

Эўрапейскі парлямэнт падтрымаў кандыдатуру Вільні: цяпер яна мае быць зацьверджаная яшчэ на сустрэчы міністраў культуры краінаў Эўразьвязу. Яшчэ адна асаблівасьць – паколькі ад 2007 году вырашана званьне сталіцы эўрапейскай культуры надаваць двум местам (зь ліку краінаў – старых сябраў Эўразьвязу і новых), ганаровае званьне і вылучаныя сродкі Вільні давядзецца дзяліць з аўстрыйскім местам Лінцам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG