Лінкі ўнівэрсальнага доступу

8 сакавіка ў Варшаве адбыўся канцэрт Лявона Вольскага


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Беларускія незалежныя музыкі ўсё часьцей выступаюць у Польшчы. Паводле іхных словаў, гэта зьвязанае з сытуацыяй у Беларусі, дзе яны практычна ня маюць магчымасьцяў канцэртаваць.

Варшаўскія слухачы рэагуюць на беларускую музыку, як на мой погляд, дык цалкам нармальна, бо паслухаць Лявона Вольскага, які сьпяваў адзін пад гітару, прыйшло вельмі шмат людзей. У Варшаве, дзе штовечар ёсьць даволі шмат прапановаў што да ўсемагчымых канцэртаў, у клюбе “Пункт” не было дзе ўціснуцца – гэта, па-мойму, найлепшы доказ таго, што беларуская музыка можа разьлічваць на свайго слухача ў польскай сталіцы. Вось што сказаў нашаму радыё сам Лявон Вольскі:

(Вольскі: ) “Гэта шмат у чым тлумачыцца тым, што ў нас няма зараз дзе выступаць. І застаецца ехаць на Ўкраіну, сюды, неяк раскрывацца для вузкіх колаў па-іншаму. Таму што ў нас зараз з гэтым гастрольна-канцэртным заканадаўствам, з гэтымі забаронамі ў дзяржаўных FM-аўскіх этэрах даволі цяжкая сытуацыя”.

Апошнім часам у Варшаве сьпявалі таксама “Крама”, Віктар Шалкевіч, Кася Камоцкая. Я запытаўся ва Ўладзі Міхневіча (прадстаўніка згуртаваньня “Беларуская інніцыятыва” – аднаго з арганізатараў гэтых канцэртаў), ці гэта ўвогуле аплочваецца – арганізоўваць такія канцэрты? Аказалася, што так. Гаворыць спадар Міхневіч:

(Міхневіч: ) “Гэтыя канцэрты робяцца за грошы ініцыятараў, і пакуль што калі ёсьць нейкая дадатковая спонсарская падтрымка, дык яна абсалютна мінімальная”.

Зразумела, што на беларускія канцэрты прыходзяць перадусім беларусы, якія жывуць у Варшаве – але ці мае беларуская незалежная музыка шанец каб, прыкладам, зьявіцца на польскім музычным рынку?

На канцэрце Лявона Вольскага я пабачыў вельмі вядомага ў Польшчы музычнага крытыка і прадусара Робэрта Ляшчыньскага, да якога і зьвярнуўся з гэтым пытаньнем.

(Ляшчынскі: ) “Ведаеце, калі ў Польшчы жывуць некалькі сотняў тысячаў беларусаў, а ў Варшаве таксама іх шмат, дык мяне зьдзіўляе, што на канцэрце Лявона Вольскага ня ўсе яны ёсьць. Разумею, што пасьля прэзыдэнцкіх выбараў і візыту ў Кіеве Вольскі мае забарону на канцэрты на радзіме. Але мы цяпер плянуем зь Лявонам шэраг праектаў – ён будзе больш зьяўляцца на польскім тэлебачаньні і радыё, нешта будзем у гэтай справе рабіць”.

Тут дадам, што ў адным са спадаром Ляшчынскім я б не пагадзіўся, бо людзей на канцэрце Лявона Вольскага было сапраўды шмат.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG