Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супрацоўнікі Нацыянальнага акадэмічнага тэатру опэры й балета: “Нас чакаюць цяжкія часы”


Галіна Жарко, Менск Паводле рашэньня калегіі Міністэрства культуры Нацыянальны акадэмічны тэатар опэры й балета вырашана зачыніць на капітальны рамонт. Інжынэрна-будаўнічыя камунікацыі будынка вычарпальна зношаныя, а электраабсталяваньне адпрацавала ўжо некалькі нарматыўных тэрмінаў. Дый увогуле тэатар – у занядбаным стане...

Ці рыхтуецца тэатар да пераезду? За кулісамі аніякае падрыхтоўкі да пераезду не заўважана. Больш таго, працаўнікі, якія забясьпечваюць функцыянаваньне самога тэатра й бліскучага відовішча на сцэне ня ўпэўненыя ў тым, што гэта ўвогуле магчыма – перамясьціць унікальную вытворчасьць і аграмадныя тэатральныя склады. Вось што кажа галоўны інжынэр унітарнага прадпрыемства “Тэатральныя майстэрні” Паліна Міронава:

(Міронава: ) “Мая суб’ектыўная думка – людзі, якія пачалі вывучаць гэтую праблему, да канца яе не вывучылі. Вырашылі: трэба зрабіць рамонт. Але што тут, колькі працуе людзей, колькі тут усяго ёсьць і куды гэта перамясьціць, напэўна ніхто не думаў. Напэўна думалі: ну, што трэба тэатру – сцэна, глядацкая заля, аркестар, можа быць, грымёркі... А тое, што столькі людзей абслугі! Што такія склады! Тэатар – гэта ўнікальная вытворчасьць”.

У кожным спэктаклі – да 200 і болей касьцюмаў. Аграмадныя дэкарацыі. У кожным спэктаклі 2-3 акты, у кожным акце па 2-3 карціны... на складах дэкарацыяў і рэквізыту на 170 спэктакляў. Трэба вельмі шмат памяшканьняў, каб усё гэта перавезьці, захоўваць. А тэатральную вытворчасьць там, за сцэнаю, можна параўнаць з сапраўднаю фабрыкаю. Тут шыюць унікальныя касьцюмы, робяць адмысловы абутак, цэх дэкаратараў, цэх бутафораў...

Людзі могуць застацца бяз працы, калі для ўсёй гэтай тэатральнай вытворчасьці ня знойдзецца месца. А так можа здарыцца, бо сытуацыя на сёньняшні дзень няпэўная. Я размаўляла з грымёрамі, сталярамі, бутафорамі і вось якія меркаваньні яны выказвалі:

(Галасы: ) “Нас чакаюць цяжкія часы. Магчыма, давядзецца працаваць на двух пляцоўках адначасова – дзесьці балет, дзесьці опэра. Гэта цяжка, бо базы няма”.

“Дзе знойдуць спэцыялістаў пасьля 5-6 гадоў рамонту тэатра? Няма такіх прадпрыемстваў, дзе рыхтуюць унікальных тэатральных спэцыялістаў. Гэта ўвогуле трагедыя”.

“Я б сказала, што гэта надта сумнае пытаньне. Я кожны дзень іду на працу і ня думаю, што трэба будзе сыходзіць. Я не магу гэтага сабе ўявіць, альбо не хачу. Мы проста працуем у звычайным рытме”.

Кіраўнік беларускага балету Валянцін Елізар’еў працягвае пераконваць, што зачыняць тэатар на рамонт нельга. Паводле ягонага меркаваньня, рамантаваць будынак трэба без высяленьня. Валянцін Елізар’еў ня верыць, што такі буйны рамонт будзе зроблены меней чым за 8-10 гадоў, але за гэты час, кажа ён, згубім трупу.

Ці праводзіўся капітальны рамонт будынку опэрнага тэатра, пабудаванага ў 1937 годзе? Будынак аднавілі ў 1948 годзе пасьля таго, як ён часткова быў разбураны падчас Другое сусьветнае вайны. Выбарачны капітальны рамонт праводзіўся тры гады, з 1964 да 1967.

Дарэчы, тэатральная заслона вісіць у тэатры менавіта з 1967 г. – ужо амаль 40 гадоў. Што цікава: аўтарства добра вядомага палітычнага тэрміну “жалезная заслона” належыць Уінстану Чэрчылю. А вось тое, што ў сучасным тэатры і сапраўды ёсьць жалезная заслона, выклікае зьдзіўленьне.

Існуе статыстыка: зь сярэдзіны 18 ст. за 135 гадоў у сьвеце згарэла каля 700 тэатраў, загінула ў іх больш за 10 з паловаю тысяч чалавек. У мэтах супрацьпажарнае бясьпекі й зьявілася тая сапраўдная жалезная заслона, якой гледачы ніколі не бачаць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG