Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Музэй Касьцюшкі атрымаў з ЗША 130 копіяў арыгінальных гістарычных дакумэнтаў


Вячаслаў Кулік, Менск Злучаныя Штаты Амэрыкі будуць і надалей падтрымліваць праект аднаўленьня фальварку Тадэвуша Касьцюшкі ў вёсцы Мерачоўшчына на Берасьцейшчыне. У Дзярждэпартамэнце гэтай краіны прыняты кіраўнік грамадзкага фонду Касьцюшкі спадар Леанід Несьцярчук. Па выніках сустрэчы, Беларусь пачала атрымліваць гістарычныя дакумэнты, фотакопіі й іншыя матэрыялы, датычныя лёсу нацыянальнага героя.

Перадусім Леанід Несьцярчук гаворыць пра ўжо атрыманыя ад Злучаных Штатаў Амэрыкі дакумэнты для экспазыцыі музэя Тадэвуша Касьцюшкі на яго радзіме.

(Несьцярчук: ) “Гэта копіі з арыгіналаў лістоў Касьцюшкі прэзыдэнтам ЗША Джэфэрсану, Вашынгтону, іншым генэралам. Шмат літаратуры, буклетаў, ілюстраваных выданьняў, плякатаў”.

Спадар Несьцярчук кажа, што паводле годнага ўшанаваньня Касьцюшкі ў Амэрыцы, Беларусь усё яшчэ выглядае краінай са згубленай пра яго памяцьцю.

(Несьцярчук: ) “Мы нічога ня маем. Амэрыканцы першыя адгукнуліся на нашыя просьбы. Я пабываў у публічнай бібліятэцы Кангрэса ЗША, у гістарычным архіве Нью-Ёрка, у Амэрыканскім фондзе Тадэвуша Касьцюшкі, у Цэнтры ваеннай гісторыі ў Вашынгтоне, у Ваеннай акадэміі ЗША ў Вэст-Пойнце, у аддзелах рукапісаў вядучых бібліятэкаў Амэрыкі. Да сьвятая сьвятых дакрануўся – арыгіналаў ліставаньня Касьцюшкі ў Амэрыцы. Ну, а самае каштоўнае ад паездкі, што я прывёз 130 копій з арыгінальных дакумэнтаў”.

Злучаныя Штаты Амэрыкі былі першай краінай, якая ў 2003 годзе пачала рэальнае фінансаваньне праекта па аднаўленьню сядзібы, дзе нарадзіўся славуты змагар за свабоду. Празь некаторы час у Мерачоўшчыне быў збудаваны драўляны дом пад дахам зь чароту. Аднак абяцаньне беларускай улады амэрыканскім дыпляматам, што паўнавартаснае адкрыцьцё музэя Тадэвуша Касьцюшкі адбудзецца да зімы, ня спраўдзілася. Гаворыць тутэйшая жыхарка Вікторыя Савосьціна:

(Савосьціна: ) “У будынку гэтым холадна, вельмі холадна. Там людзі – ў холадзе. Там працуе мая вучаніца. У валёнках стаіць, у шубе”.

Будучы нацыянальны герой Беларусі, Польшчы, Францыі і ЗША нарадзіўся ў фальварку Мерачоўшчына 4 лютага 1746 года. Менш як год застаецца да 260-гадовага юбілею Тадэвуша Касьцюшкі. Па словах Леаніда Несьцярчука, амэрыканцы выказваюць шчырыя спадзяваньні, што праект аднаўленьня фальварку будзе нарэшце выкананы.

(Несьцярчук: ) “Прыём у Дзярждэпартамэнце доўжыўся каля адной гадзіны, і гаворка вялася толькі аб адраджэньні сядзібы Тадэвуша Касьцюшкі. Гэта справа іх гонару. Амэрыканцы ня спыняюцца. Ад іх ёсьць прапановы і яны будуць удзельнічаць у фінансавай дапамозе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG