Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінюст вынес папярэджаньне Таварыству беларускай мовы


Альгерд Невяроўскі, Менск Міністэрства юстыцыі вынесла афіцыйнае папярэджаньне Таварыству беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Папярэджаньне вынесенае за тое, што шэраг рэгіянальных структураў таварыства мае юрыдычныя адрасу ў жылых памяшканьнях. Кіраўніцтва ТБМ лічыць папярэджаньне неабгрунтаваным і не справядлівым і зьбіраецца абскарджваць яго ў судзе.

Міністэрства юстыцыі патрабуе, каб палітычныя партыі й грамадзкія арганізацыі, што маюць зарэгістраваныя структуры па юрыдычных адрасах у жылым фондзе, перавялі гэтыя свае аддзяленьні ў офісныя памяшканьні.

Напрыканцы мінулага тыдня такія самыя папярэджаньні ад Мінюсту атрымалі Партыя БНФ, Аб’яднаная грамадзянская партыя, Партыя камуністаў Беларуская, Сацыял-дэмакратычная грамада, Партыя жанчынаў “Надзея”, а таксама “Народная грамада”. Цяпер дайшла чарга й да Таварыства беларускай мовы.

Старшыня таварыства Алег Трусаў так тлумачыць дзеяньні ўладаў супраць яго арганізацыі:

(Трусаў: ) “Мы – самая масавая арганізацыя. У нас стаіць на ўліку больш за 60 арганізацыяў. Значна больш, чым у партыяў і рухаў. Дарэчы, большасьць зь іх не знаходзіцца на кватэрах. Гэтыя юрыдычна зарэгістраваныя арганізацыі могуць быць назіральнікамі на выбарах. Могуць самастойна выступаць як суб’ект у сваім горадзе, засноўваць свае газэты, бюлетэні і г.д. Таму ў нас заўжды так бывае. Гэта ж ня першы й не апошні раз, пакуль існуе гэтая ўлада, мы атрымліваем папярэджаньні”.

Старшыня Таварыства беларускай мовы гаворыць, што яны накіруюць ліст міністру юстыцыі з прапановай адмяніць папярэджаньне, бо структуры таварыства былі зарэгістраваныя ў адпаведнасьці зь дзеючым на той час законам, які ня мае адваротнай сілы. Калі Мінюст не адменіць папярэджаньне таварыства абскардзіць яго ў судзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG