Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Не пісьменьнік павінен прыслухоўвацца да ўлады, а ўлада да пісьменьніка”


Іна Студзінская, Менск 3 сакавіка – Міжнародны дзень міру для пісьменьніка. Сьвята гэта заснаванае 48-м Кангрэсам Міжнароднага ПЭН-клюбу, які адбыўся ў студзені 1986 году. Ці адзначаюць беларускія пісьменьнікі гэты дзень, і колькі наагул сьвятаў міру ў календары?

Я налічыла амаль дзесятак розных сьвятаў міру. Назаву некалькі зь іх у храналягічнай пасьлядоўнасьці: 3 сакавіка – Міжнародны дзень міру для пісьменьніка, 9 жніўня – Міжнародны дзень міру карэнных народаў сьвету, 1 верасьня – Усясьветны дзень міру, 6 верасьня – Міжнародны дзень “Лекары сьвету – за мір”, 21 верасьня – Міжнародны дзень міру ААН... Сапраўды, усе Дні міру і не пералічыш.

А ці адзначаюць сёньняшні Міжнародны дзень міру беларускія пісьменьнікі? Шчыра кажучы, толькі кіраўніцтва Беларускага ПЭН-цэнтру прызналася, што ведае пра гэта сьвята. Пісьменьнікі, зь якімі я размаўляла, са зьдзіўленьнем даведаліся пра яго ад мяне. Што і казаць, беларускія пісьменьнікі перажываюць зараз ня лепшыя свае часы.

Меркаваньне пісьменьніка Валянціна Тараса:

(Тарас: ) “Гадоў 30 таму, на VІ зьезьдзе беларускіх пісьменьнікаў Васіль Быкаў сказаў: у нас выбар вельмі невялікі: альбо літаратура, альбо не літаратура. А яшчэ раней расейскі пісьменьнік Яўген Замяцін, аўтар антытаталітарнага раману “Мы”, сказаў: “Калі пісьменьнік павінен быць абачлівым, павінен быць, так бы мовіць, “благонадёжным”, то гэта не літаратура. Гэта тое, ўва што загортваецца селядзец”. У нашы дні ад пісьменьніка зноў і зноў патрабуюць менавіта чыноўніцкай абачлівасьці, паслужлівасьці. А самае галоўнае, не пісьменьнік павінен прыслухоўвацца да ўлады, а ўлада да пісьменьніка”.

З Валянцінам Тарасам нельга не пагадзіцца. На жаль, у нашай краіне гэта не заўсёды так. А вось пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч лічыць, што ў Дзень міру для пісьменьніка ўсім – і літаратарам, і чытачам – трэба задумацца, што з намі з усімі адбываецца.

(Алексіевіч: ) “Я думаю, мы павінны быць расчараваныя тым, што з намі адбываецца. Ня толькі з намі ў Беларусі, а наагул, з усім сьветам. Яшчэ гадоў 20 таму, калі пачалася перабудова, упала Бэрлінская сьцяна, узьніклі мэтафары нейкіх пераменаў. Здавалася, будзе новы сьвет. І вось што адбылося за гэтыя 20 гадоў: войны паўсюль. Сьвет зноў стаў размаўляць мовай вайны. І мы пайшлі як бы не ў 21-е стагодзьдзе, а назад. Думаю, у гэты дзень усім нам – і пісьменьнікам, і чытачам – трэба падумаць пра тое, што нешта з намі адбываецца. Я шмат ежджу па сьвеце, і я бачу гэтую разгубленасьць і ў простых людзей, і ў інтэлектуалаў – будучыню зноў немагчыма прагназаваць…”

Беларускім пісьменьнікам даводзіцца пастаянна адстойваць свае меркаваньні, свае перакананьні, свае правы. І як гэта не парадаксальна, адстойваць нават сваю маёмасьць, пабудаваную на пісьменьніцкія сродкі – Дом літаратара. Ня першы год ідзе барацьба за будынак, і цяпер у пісьменьнікаў адбіраюць апошняе. Чаму беларускім пісьменьнікам пастаянна даводзіцца змагацца, я запыталася ў Сьвятланы Алексіевіч:

(Алексіевіч: ) “Я думаю, мы проста закансэрваваліся. Мы аказаліся так заражаныя гэтым мікробам савецкім, што паралізаваныя ім. І я б не казала толькі пра будынак Саюзу пісьменьнікаў, які ў нас забіраюць несправядліва. Гэта сьведчыць пра тое, што ўлада ня лічыцца з намі, мы ёй не патрэбныя. Гэта яшчэ сьведчыць і пра іншае: энэргія даверу, энэргія асьветніцкая, энэргія палітычная – яна сышла з гэтага будынку, яна сышла, напэўна, з нашых словаў, з нашых кніг. Мы перасталі быць як раней, царквою, парлямэнтам, важным для людзей словам. Думаю, тут нашыя страты”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG