Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітыкі як ...мастакі і паэты


Сяргей Навумчык, Прага Палітычныя дзеячы могуць выглядаць нецікавымі як асобы, іх заявы могуць падавацца неарыгінальнымі. Але некаторыя з палітыкаў маюць схільнасьці да творчасьці – у паэзіі, прозе, альбо нават ў музыцы. Пра такі незвычайны бок жыцьця вядомых палітыкаў распавядае Сяргей Навумчык.

Клясычным прыкладам плённай творчасьці сярод палітыкаў мінулага стагодзьдзя можа быць Уінстан Чэрчыль – у вольны ад парлямэнцкіх дэбатаў і ўрадавых пасяджэньняў час ён любіў маляваць. Некаторыя ягоныя палотны высока ацэненыя мастацтвазнаўцамі. Чэрчыль, які ў маладосьці працаваў журналістам, нават у часы прэм’ерства пісаў артыкулы, і ягоныя публікацыі выклікалі паблажлівае стаўленьне майстроў прыгожага пісьменства. Кпіны скончыліся, калі за свае мэмуары аб Другой усясьветнай вайне Чэрчыль атрымаў Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры.

Ніхто з сучасных палітыкаў ня можа пахваліцца такім посьпехам. Аднак былы міністар юстыцыі ЗША Джон Эшкрофт і не імкнецца да ўсясьветнай славы ў якасьці барда – ён складае песьні для ўласнага задавальненьня.

У гэтай песьні Эшкрофт параўноўвае Амэрыку з арлом. Мэтафара, трэба прызнаць, не надта арыгінальная. Калі ўлічыць, што выява арла – на гербе ЗША.

Два гады таму прэм’ер-міністар Італіі Сыльвіё Бэрлюсконі заявіў, што ня мае часу сачыць за сваркай паміж ягонымі прыхільнікамі і апанэнтамі. Ён быў заняты больш прыемнай справай – складаў баляду пра каханьне. Гітарыст Арыяно Алісіеса напісаў музыку, і песьні былі выдадзеныя на кампакт-дыску.

Песьні – не адзіны плён натхненьня сучасных палітыкаў. Яны пішуць і вершы, і прозу. Днямі міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў выдаў зборнік сваіх паэмаў. У ЗША Ўільям Коэн, перш чым зрабіўся міністрам абароны, выдаў зборнік вершаў. Некалькі кніг – у тым ліку і прозу – выдаў былы прэзыдэнт ЗША Джымі Картэр.

І Джымі Картэр, і нобэлеўскі ляўрэат Уінстан Чэрчыль – палітыкі дэмакратычнага накірунку. Але і палітыкі, якіх крытыкуюць за аўтарытарны сталь кіраўніцтва, не пазбаўленыя натхненьня.

Прэзыдэнт Туркмэністану Сапармурат Ніязаў піша вершы, і чытае іх па тэлебачаньні.

Натуральна, што палітычныя дзеячы маюць некаторыя перавагі ў літаратурным дэбюце – найперш аўдыторыю і, канечне, ужо вядомае імя. Але – што наконт літаратурных якасьцяў?

Туркмэнскі паэт Шыралі Нермірадаў, які жыве ў выгнаньні, ацэньваючы вершы Ніязава, лічыць, што часам яны даволі добрыя, нават вельмі неблагія. Але ён выказвае заўвагу, якая, фактычна, выглядае зьнішчальнай для таго, хто лічыць сябе майстрам слова:

(Нермірадаў: ) “Усё добра вытрымана што да паэтычных канонаў, асабліва калі гаворка ідзе пра сувязь мінулага і сёньняшняга, пра гістарычныя асобы. Вершы сапраўды робяць добрае ўражаньне. Але чалавек, які ўсё жыцьцё размаўляў па-расейску, і які ня можа скласьці нават адзін сказ ў адпаведнасьці з правільнай граматыкай туркмэнскай мовы – ня можа сам стварыць такія вершы”.

Псыхолягі лічыць, што палітыкаў у мастацтва вядзе не прага да вядомасьці – вядомасьць у іх ужо ёсьць, а імкненьне пакінуць пасьля сябе нешта больш доўгатэрміновае, чым заявы альбо законы. І таму Джон Эшкрофт ці Сыльвіё Бэрлюсконі маюць шанцы застацца ў памяці як аўтары песьняў і тады, калі іх палітычная спадчына пойдзе ў нябыт.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG