Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску плянуецца чарговая акцыя ў падтрымку беларускіх выканаўцаў


Севярын Квяткоўскі, Менск Актуалізаваць праблему забароненых для эфіру гуртоў “Палац”, “Drum Ecstasy”, “NeuroDubel”, “NRM”, “Zet”, “Pomidor/OFF” і музыкі Зьмітра Вайцюшкевіча закліканы флэш-моб, заплянаваны сёньня ў цэнтры Менску. Названыя выканаўцы патрапілі ў дзяржаўны “чорны сьпіс” пасьля 21 ліпеня мінулага году, калі выступілі на акцыі, дзе крытыкавалася дзесяцігодзьдзе кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі.

Ангельскае слова “флэш-моб” значыць зьяўленьне натоўпу ў пэўным месцы. Людзі адначасова выконваюць дзеяньні, ці шэраг дзеяньняў, і разыходзяцца. Ідэя ўзьнікла як жаданьне супольнага жарту. Але ў сучаснай Беларусі ідэя разьвіваецца ў грамадзка-палітычным кірунку. Напрыклад, у гэтым годзе ўжо быў флэш-моб у цэнтры Менску, прысьвечаны зьменам у FM-эфіры, калі 75 адсоткаў песьняў мусяць мець беларускае паходжаньне. Людзі хадзілі па праспэкце Скарыны з прымачамі, павязанымі чорнымі стужкамі. Як вядома, новыя правілы зьменшылі колькасьць якаснай заходняй музыкі і павялічылі колькасьць няякаснай расейскамоўнай беларускай музыкі. Тым часам, забароненыя пасьля 21 ліпеня 2004 году папулярныя беларускія гурты практычна не гучаць у тэле- і FM-эфіры.

Першай ахвярай стаўся гурт “Палац”, які на наступны дзень пасьля канцэрта быў звольнены з працы ў Дзяржфілярмоніі. Прапаную кавалак размовы з лідарам гурту Алегам Хаменкам:

(Хаменка: ) “Канешне, канцэрты былі, але гэта ўсё канцэрты, на якія квіткі не прадаваліся. А тое, што мы цяпер не запрошаныя ні ў ніякія праграмы, ні ў якія афіцыйныя мерапрыемствы, ну што зробіш: можа, камусьці ад гэтага лепш”.

(Карэспандэнт: ) “А што гавораць людзі, ад якіх штосьці залежыць у прыватных размовах, яны як-небудзь тлумачаць сытуацыю?”

(Хаменка: ) “Кажуць, што гэта дзікунства”.

(Карэспандэнт: ) “Нават “папартызаніць” баяцца, каб увечары запусьціць што-небудзь?”

(Хаменка: ) “Канешне “партызаняць”, але не на ўсіх станцыях”.

Патлумачу: пад словам “партызаніць” маецца на ўвазе парушэньне забароны. Якое выйсьце з сытуацыі бачаць музыкі? Зразумела, рукі ніхто не складае. гурты выступаюць на закрытых пляцоўках, у клюбах. Праўда, у Менску даступных для апальных выканаўцаў клюбаў засталося адзін-два. Музыкі пэрыядычна выступаюць за мяжой. “Палац” сёлета ўжо адыграў у Варшаве,і зьбіраецца ў Маскву. Лявон Вольскі з “Крамбамбуляй” заўчора выступаў у Кіеве, і зьбіраецца ў Варшаву, а сьледам у Злучаныя Штаты.

Што да прысутнасьці гуртоў у эфіры, гэта справа найперш слухачоў. Напрыклад, у краіне дзейнічае моладзевая ініцыятыва “Вока”. Мінулай восеньню маладыя людзі ладзілі акцыю “Штурм FM”. Цягам месяцу больш за сотня людзей замаўлялі ў эфір беларускамоўныя кампазыцыі, але безь вялікіх вынікаў. Цяпер ладзіцца акцыя за беларусізацыю беларускіх тэлеканалаў. Тлумачыць актывіст “Вока” Віталь Дабранач:

(Дабранач: ) “Цяпер ладзім маштабны збор подпісаў з патрабаваньнем 50% беларускай мовы ў TV-эфіры. Першы этап: мы плянуем сабраць каля дзесяці тысячаў подпісаў за месяц-паўтара”.

Магчыма, падобныя акцыі, а таксама флэш-мобы, падобныя да заплянаванага на сёньня, пераломяць сытуацыю. Але ўсё залежыць ад грамадзянскай сьмеласьці працоўнікаў радыёстанцыяў і тэлеканалаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG