Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: «Новы тэрмін зьявіўся ў саюзе: прымус да інтэграцыі»

абноўлена

Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі, Уладзіміра Пуціна, беларускіх і расейскіх чыноўнікаў, 20 сьнежня 2019 году, Санкт-Пецярбург, Расея
Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі, Уладзіміра Пуціна, беларускіх і расейскіх чыноўнікаў, 20 сьнежня 2019 году, Санкт-Пецярбург, Расея

«Як заўсёды, прыхільныя да рэальнай інтэграцыі без прымусу да інтэграцыі»,—​ заявіў Лукашэнка.

Аляксандар Лукашэнка 27 лютага сустрэўся з экс-прэм’ерам Беларусі, а цяпер старшынём калегіі Эўразійскай эканамічнай камісіі Міхаілам Мясьніковічам. Як піша БелТА, Лукашэнка анансаваў падпісаньне інтэграцыйнага дакумэнту аб ЭАЭС (Эўразійскі эканамічны саюз, у які ўваходзяць Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан і Расея).

«Мы плянуем падпісаць у траўні гэтага году ў Менску стратэгію інтэграцыі да 2025 году, — казаў Лукашэнка. — Вядома, мы павінны прапанаваць сур'ёзны варыянт гэтай стратэгіі. Без усялякіх там агаворак і гэтак далей.

Калі мы хочам пабудаваць наш саюз на рэальных прынцыпах інтэграцыі, а мы іх павінны ў гэтай стратэгіі яшчэ раз нагадаць, калі хтосьці забыўся, мы павінны прапанаваць рэальную праграму гэтай інтэграцыі».

«Рэальная інтэграцыя з захаваньнем сувэрэнітэту і незалежнасьці»

У размовах пра гэтую інтэграцыю Лукашэнка ня згадваў «дарожных мапаў» інтэграцыі Беларусі і Расеі, пра якія летась былі спрэчкі між беларускімі і расейскімі ўладамі, а таксама акцыі пратэсту ў Беларусі. Але намякаў менавіта на іх:

«Мы застаемся, як заўсёды, адданыя рэальнай інтэграцыі без прымусу да інтэграцыі, — дадаў ён. — Новы тэрмін зьявіўся ў саюзе: прымус да інтэграцыі. І дзіўна, што пачалося гэта з прымусу да інтэграцыі Беларусі. Разумееце, пра што ідзе гаворка».

Лукашэнка сярод іншага згадаў, што ён яшчэ зь першым прэзыдэнтам Расеі Барысам Ельцыным падпісаў дакумэнты пра інтэграцыю Беларусі і Расеі, і там была «рэальная інтэграцыя [...] з захаваньнем сувэрэнітэту і незалежнасьці».

«Мы тады наогул не казалі пра тое, што хтосьці павінен страціць сувэрэнітэт і незалежнасьць, — згадаў Лукашэнка пра дамовы зь Ельцыным. — Пры ўсіх складанасьцях ў тыя часы мы знаходзілі рашэньні ў складаных пытаньнях. Калі разбагацелі, асабліва Расея, пачаліся незразумелыя штурханіна і валтузьня. І, як я ўжо сказаў, прымус да інтэграцыі».

Ён таксама адзначыў, што ў расейскіх СМІ адносна Беларусі цяпер «ідзе балбатня, рознага кшталту накаты і прапаганда» — маўляў, яму і Пуціну перадалі «ўсё, што пішуць пра Беларусь, беларускга прэзыдэнта і гэтак далей».

У ЭАЭС «учынілі нейкую валакіту і важданіну, мардабойства»

Лукашэнка абурыўся тым, што ў межах ЭАЭС «абсалютна няма адзінай прамысловай, аграрнай палітыкі» — замест працы, казаў ён, «учынілі нейкую валакіту і важданіну, якая даходзіць да мардабойства». Ад гэтага, адзначыў ён, «хто ж будзе хацець у такі саюз уступаць». Таму «мы мусім нарэшце пачаць будаўніцтва гэтага саюзу, калі хочам яго збудаваць».

«Калі не, ня трэба пудрыць адзін аднаму мазгі, — прапанаваў Лукашэнка. — Кожны будзе шукаць свой кірунак разьвіцьця і думаць, дзе яму быць».

Ён падкрэсьліў, што стрыжань, паказьнік і маяк ЭАЭС — стасункі Беларусі і Расеі. А некаторыя ўдзельнікі ЭАЭС, якіх Лукашэнка не назваў наўпрост, «проста тут целяпаюцца і чакаюць зручнага моманту, каб выскачыць зь яго».

Лукашэнка адзначыў, што ў ЭАЭС цяпер «пафігізм, што грунтуецца на нейкай абыякавасьці асобных дзяржаваў», а «тых свабодаў, што мы калісьці дэкляравалі, сёньня практычна няма» — ён згадаў свабоду перасоўваньня тавараў, паслугаў, працоўнай сілы і капіталу.

«Міністры па-свойму трактуюць» дамоўленасьці пра нафту

Лукашэнка таксама наракаў, што ягоныя дамоўленасьці з Пуціным пра пастаўкі нафты расейскія міністры па-свойму трактуюць. Маўляў, ён параўноўваў дакумэнты з запісамі сваёй размовы з Пуціным.

«Не пасьпелі з Пуціным дамовіцца аб тым, што яны нам за кошт прэміяў ці там чагосьці, гэта іх справа, кампэнсуюць зьніжэньне гэтага мыта, калі, напрыклад, мы мільярд даляраў ад мыту атрымлівалі ў мінулым годзе, а сёння 700 млн, то 300 млн Расея кампэнсуе, увечары ўжо міністры па-свойму трактуюць нашыя дамоўленасьці — двух прэзыдэнтаў», — адзначыў Лукашэнка, але не ўдакладніў, як да міністраў даносілі дэталі перамоваў з Пуціным.

Акрамя таго, на думку Лукашэнкі, расейскія кампаніі «неабгрунтавана настойваюць» на дадатковых умовах, на прэміях, калі Расея прадае нафту нібыта па сусьветнай цане.

«Так прэмію плацяць тым, хто купляе, — заявіў ён. — Калі мы купляем тавар, матывуйце, вы нам прэмію дайце. Няма. Чаму — таму што няма нармальных правілаў. Права сілы: нахіліць, прымусіць. Гэта не нармальна».

«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
  • Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
  • Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
  • Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
  • У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
  • Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
  • 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
  • 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
  • Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
  • Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску ​7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
  • Агульная сума штрафаў пратэстоўцам — каля 65 тысяч даляраў. Таксама ўдзельнікам акцый прысудзілі агулам 375 сутак арышту.

  • 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».

Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG