З улікам нявызначанасьці ў нафтавай сфэры існуе рызыка, што рэцэсія (зьніжэньне ВУП цягам больш як 6 месяцаў) у Беларусі будзе назірацца ўвесь 2020 год.
Такі прагноз утрымліваецца ў квартальным аглядзе, які падрыхтаваў Беларускі эканамічны дасьледча-адукацыйны цэнтар (BEROC).
Экспэрты зьвяртаюць увагу на тое, што расейская нафта для Беларусі працягвае даражэць, а гэта пагаршае ня толькі ўмовы дзейнасьці беларускіх НПЗ, але і пэрспэктывы эканомікі ў цэлым, падкрэсьлівае БелаПАН.
«Не пазьней за 2022 год у такім выпадку Беларусь вымушана будзе альбо зьніжаць аб’ёмы нафтаперапрацоўкі, альбо прапаноўваць іншыя сыстэмныя адказы на падаражэньне сырой нафты», — лічаць аўтары агляду.
Яны адзначаюць, што доля сэктару нафтаперапрацоўкі ў ВУП складае менш за 1%, але за кошт маштабных галіновых узаемасувязяў, а таксама мультыплікатыўнага ўплыву на попыт зьмены ў гэтым сэктары могуць адбіцца на значна большай долі ВУП — да 8,5%.
Акрамя таго, сэктар нафтаперапрацоўкі адыгрывае важную ролю ў забесьпячэньні зьнешняй, фіскальнай, а таксама фінансавай стабільнасьці ва ўсёй эканоміцы, — гаворыцца ў дакумэнце.
Што такое рэцэсія?
Рэцэсія ў эканоміцы фіксуецца, калі валавы нацыянальны прадукт не расьце або падае. Прынята гаварыць пра рэцэсію, калі гэта працягваецца паўгода і больш.
ВУП Беларусі ў студзені 2020 году ўпаў амаль на 2%. Аб'ём ВУП у бягучых цэнах склаў амаль 10,4 мільярда рублёў, што на 1,9% ніжэй, чым у студзені 2019 году.
Беларускія ўлады настойваюць на атрыманьні кампэнсацыі за расейскі падатковы манэўр. Крэмль увязвае гэтае пытаньне з «паглыбленьнем інтэграцыі» паміж дзьвюма краінамі, але беларускія ўлады бачаць пагрозу страты сувэрэнітэту ў выпадку прыняцьця расейскіх прапаноў.
У студзені Расея празь неўрэгуляваныя спрэчкі ў нафтавай сфэры скараціла пастаўкі вуглевадароднай сыравіны ў Беларусь. На гэтым фоне ВУП краіны ў першы месяц новага году зьнізіўся на 1,9% у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году.