Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праз праблемы з нафтай і калійнымі ўгнаеньнямі ВУП Беларусі зьнізіўся на 2% за студзень, — Румас


Прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Румас, архіўнае фота
Прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Румас, архіўнае фота

За ўвесь год валавы ўнутраны прадукт павінен вырасьці на 2,8%, лічыў урад. Бюджэт разьлічвалі з росту на 1,9% за год. Тым часам за месяц ВУП упаў прыблізна на 2%.

Афіцыйных зьвестак пра аб’ёмы валавога ўнутранага прадукту за студзень Белстат пакуль не публікаваў. Але, як перадае Tut.by заяву прэм’ер-міністра Сяргея Румаса, урад «прагназуе ВУП на ўзроўні 98%» — то бок падзеньне на 2% да сьнежня.

Гэтае падзеньне Румас зьвязаў з «нафтахіміяй» (верагодна, маюцца на ўвазе наступствы нафтавага канфлікту з Расеяй і спыненьня паставак расейскай нафты), а таксама з вытворчасьцю калійных угнаеньняў (праз успышку каранавірусу попыт на іх скараціўся).

Пры тым, дадаў ён, «большасьць галін» эканомікі дзейнічае адпаведна прагнозным паказьнікам, а сельская гаспадарка — нават лепей за прагнозы.

Колькі мусіў быць ВУП?

На 2020 год беларускія ўлады спачатку заплянавалі рост ВУП на 2,5%, але пасьля крытыкі Лукашэнкі павялічылі гэтую лічбу да 2,8%. Бюджэт на 2020 год разьлічылі на рост ВУП усяго на 1,9% — гэта «базавы» сцэнар эканамічнага разьвіцьця.

Паводле прагнозу Ўсясьветнага банку, беларускі ВУП за 2020 год вырасьце на 0,9%, за 2021 і 2022 — на 0,5% за год. МВФ прагназуе рост у 2020 годзе ўсяго на 0,3%.

За 2019 год ВУП Беларусі вырас усяго на 1,2% — гэта было горш за кепскі прагноз уладаў і далёка ад заданьня Аляксандра Лукашэнкі «ня менш за 4%».

За першы квартал, прагназаваў раней міністар эканомікі, ВУП складзе «99–100% ад узроўню аналягічнага пэрыяду 2018 году». Гэта значыць, што ВУП упадзе (за І квартал 2019-га ВУП вырас да І кварталу 2018-га на 1,1% у рэальным выражэньні).

Стаўку рэфінансаваньня панізілі недастаткова, мяркуе Румас

З 19 лютага 2020 году стаўка рэфінансаваньня зьніжаецца з 9 да 8,75% гадавых — і ранейшая была рэкордна нізкай у гісторыі Беларусі, цяпер рэкорд абновяць.

Стаўка рэфінансаваньня вызначае адсоткі, якія трэба выплаціць галоўнаму банку краіны за крэдыты. Ад гэтай стаўкі залежыць, наколькі дарагія ці танныя крэдыты могуць даваць банкі. Чым больш надзейная фінансавая сытуацыя ў дзяржаве, тым меншая стаўка і тым больш даступныя грошы.

Прэм’ер Румас у камэнтары Tut.by заявіў, што ўрад чакаў «большага кроку ў яе зьніжэньні з улікам запаволеньня інфляцыі і тэндэнцыяў, што адбываюцца ў суседніх краінах». Інфляцыя пры тым невялікая, але памалу паскараецца: у студзені склала 0,9%, у сьнежні была 0,5%, у лістападзе — 0,2%.

Як адзначыў Румас, сытуацыя са стаўкай рэфінансаваньня такая:

🇧🇾 У Беларусі — панізілі на 0,25% да 8,75%.

🇷🇺 У Расеі — панізілі на 0,25% да 6%.

🇺🇦 Ва Ўкраіне — панізілі на 2,5% да 11%.

Стаўку рэфінансаваньня вызначае не прэм’ер ці ўрад, а Нацыянальны банк. Большае зьніжэньне стаўкі рэфінансаваньня, як мяркуе Румас,

  • «стымулявала б інвэстыцыйную актыўнасьць»;
  • «паслала б выразны сыгнал рынку, што, нягледзячы на зьнешнія выклікі, сытуацыя ў эканоміцы стабільная»;
  • «дазволіла б зэканоміць бюджэтныя сродкі пры кампэнсацыі працэнтных ставак банкам».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG