Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На чым Беларусі зарабляць, апроч нафтапрадуктаў? Разам з экспэртам шукаем альтэрнатыву ў малацэ і ІТ


Ілюстратыўнае фота
Ілюстратыўнае фота

На фоне чарговых нафтавых спрэчак паміж Расеяй і Беларусьсю спыталі ў экспэрта, чым замяніць прыбытак ад нафтаперапрацоўкі.

1 студзеня 2020 году Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь, але расейская нафта працягвае паступаць транзытам празь Беларусь у Эўропу. Беларусь і Расея дагэтуль не дамовіліся пра пастаўкі нафты ў 2020 годзе, хоць Лукашэнка і Пуцін вялі перамовы 30 і 31 сьнежня. Ці можна нечым замяніць такую прыбытковую сфэру, як нафтаперапрацоўка?

Малако прыносіць на мільярд менш, чым нафтапрадукты

Са студзеня па кастрычнік мінулага году Беларусь прадала малака і малочных прадуктаў на 1,9 мільярда даляраў. Пры гэтым за ўвесь 2018 год экспарт малочных прадуктаў агулам складаў крыху больш за 2 мільярды даляраў. Год за годам пастаўкі гэтай прадукцыі зь Беларусі растуць.

Экспарт нафтапрадуктаў зь Беларусі за такі ж пэрыяд у некалькі разоў большы ў грашовым вымярэньні. Але, каб атрымаць нафтапрадукты, трэба закупіць сырую нафту ў Расеі і перапрацаваць.

За студзень–кастрычнік мінулага году Беларусь прадала нафтапрадуктаў (бэнзіну і дыстылятаў) на 8,4 мільярда даляраў, паводле Белстату.

А закупіла ў Расеі сырой нафты на 5,3 мільярда даляраў. Выходзіць, прыбытак — 3,1 мільярда. Экспарт малака — 1,9 мільярда, на 1 мільярд меншы.


«За экспартам нафтапрадуктаў сапраўды стаіць імпарт нафты. Але ў сельскай гаспадарцы таксама экспартуюцца арганічныя ўгнаеньні, за выключэньнем калійных. Экспартуецца, зразумела, і энэргія. Зьніжаць залежнасьць эканомікі краіны ад экспарту энэрганосьбітаў, бясспрэчна, трэба. Але ня факт, што за кошт сельскай гаспадаркі. Ёсьць шмат сфэраў — ад ПВТ да турызму», — лічыць Вадзім Іосуб, старшы аналітык «Альпары».

Рынак і нафты, і малака завязаны на Расею

Абодва рынкі — і нафтавы, і малочны — цесна завязаныя на Расею. У першым выпадку, каб атрымаць нафтапрадукты, Беларусь купляе ў Расеі сырую нафту, а ў другім — прадае туды прадукцыю. Пры гэтым Расея — асноўны пакупнік беларускага малака і іншых малочных прадуктаў (да 95% па асобных таварах).

Ствараць перашкоды для экспарту можа Рассельгаснагляд Расеі, які час ад часу забараняе пастаўкі беларускай малочнай прадукцыі зь некаторых прадпрыемстваў. Пра гэта кажа Вадзім Іосуб.

«Праблема там падобная, як і з нафтай — завязка на Расею. Калі Беларусь наросьціць аб’ёмы сельскагаспадарчай прадукцыі, Расея можа пачаць выкарыстоўваць гандлёвыя войны. З пункту гледжаньня дывэрсыфікацыі эканомікі трэба геаграфічна мяняць рынкі збыту», — тлумачыць аналітык.

А што зь іншымі сфэрамі?

Адна з самых пэрспэктыўных сфэр для Беларусі — ІТ. У ПВТ прагназавалі, што ў 2019-м экспарт паслуг дасягне адзнакі ў 2 мільярды даляраў. Гэта столькі, як экспарт малочнай прадукцыі. Летась экспарт толькі ад кампаній-рэзыдэнтаў ПВТ прынёс 1,4 мільярды даляраў.

Такім чынам, дзьве сфэры — ІТ і «малочка» — даюць у 2018 годзе Беларусі больш, чым яна зарабляе на экспарце нафтапрадуктаў.

«Трэба прыдумляць нешта са зьмяншэньнем залежнасьці ад адной краіны, бо гэта вельмі сурʼёзны пункт ціску», — падсумоўвае Вадзім Іосуб.

Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь. Што здарылася

  • 1 студзеня 2020 году Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь, але расейская нафта працягвае паступаць транзытам празь Беларусь у Эўропу.
  • Беларусь і Расея дагэтуль не дамовіліся пра пастаўкі нафты ў 2020 годзе, хоць Лукашэнка і Пуцін вялі перамовы 30 і 31 сьнежня.
  • Прыняты толькі «індыкатыўны балянс»: Расея можа паставіць 24 млн тонаў нафты на год. У 2019-м столькі і паставілі: 18 млн т пайшлі на перапрацоўку, яшчэ 6 млн т на «перамытненьне». Паводле эканаміста Яраслава Раманчука, Беларусі на ўласныя патрэбы хапае 6–7 млн тонаў — астатняе ішло на нафтапрадукты для экспарту або на «перамытненьне».
  • 31 сьнежня 2019 году Лукашэнка даручыў завозіць нафту з партоў Балтыі і залучыць альтэрнатыўныя пастаўкі праз магістральны нафтаправод «Дружба».
  • Пакуль Мазырскі НПЗ пачаў атрымліваць нафту толькі ад кампаніі расейскага алігарха Гуцэрыева — чакаецца пастаўка ўсяго 750 тысячаў тонаў.
  • Беларусь дамовілася пра імпарт 80 тонаў нарвэскай нафты Johan Sverdrup з пастаўкай у літоўскі порт Клайпеда. У Беларусі чакаюць пачатку разгрузкі ўвечары 22 студзеня. Перавалка і транспарт да НПЗ чыгункай будуць каштаваць больш за 20 даляраў за тону.
  • Гатоўнасьць транспартаваць нафту ў Беларусь на пастаяннай аснове ўжо выказалі суседнія Латвія (магчымыя аб’ёмы не абвяшчаліся) і Літва (да 3 млн тонаў на год​). Пры чым Літва гатовая дастаўляць і газ. Па стане на 21 студзеня «Белнафтахім» мае «практычна гатовыя кантракты» на альтэрнатыўныя пастаўкі.
  • Беларускія НПЗ у першай палове студзеня працавалі на леташніх запасах, аб’ёму якіх хапала прыкладна на 20 дзён працы. Экспарт нафтапрадуктаў Беларусь часова прыпыняла ад 1 студзеня, аднавіла ад 21-га.
  • Паводле неафіцыйных зьвестак «Інтэрфаксу», Беларусь прапанавала рэалізаваць варыянт разавай пастаўкі нафты з рэсурсаў незалежных пастаўшчыкоў з мэтай павелічэньня запасаў сыравіны на НПЗ на час правядзеньня перамоваў.
  • Публічна ж Лукашэнка 21 студзеня паставіў задачу зьнізіць пастаўкі нафты з Расеі да 30-40% ад неабходных аб’ёмаў: «працэнтаў 30 мы павінны з Балтыкі завозіць і працэнтаў 30 праз Украіну». Пастаўкі з Казахстану, заявіў ён, заблякавала Расея.
  • Менск і Масква дасюль не ўзгаднілі кампэнсацыю за расейскі падатковы манэўр. У беларускі бюджэт-2020 закладзеныя страты ў памеры 951 млн рублёў.
  • Расея дагэтуль не кампэнсавала Беларусі страты за пастаўкі бруднай нафты ў красавіку 2019 году — толькі 20 студзеня 2020-га дамовіліся пра падыходы і мэтодыку кампэнсацыі.

Беларусь — адзіная краіна ў сьвеце, якая багацее на суседзкай нафце, — эканаміст

Дзе браць нафту, калі не ў Расеі, і колькі страчвае Беларусь ад прыпыненьня паставак? Тлумачым разам з экспэртам

Усё пачалося з Пуціна. Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі

Ці ўратуе Беларусь эўрапейская нафта? Разьбіраемся з экспэртамі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG