Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар эканомікі растлумачыў правал плянаў росту эканомікі


Аляксандар Чарвякоў, міністар эканомікі Беларусі, 2017 год

Тэмпы росту валавога ўнутранага прадукту ў Беларусі за 2019 год склалі толькі 1,2%, а Аляксандар Лукашэнка ставіў задачу 4%. Міністар эканомікі Аляксандар Чарвякоў вінаваціць «адкрытасьць беларускай эканомікі» — залежнасьць ад гандлёвых партнэраў.

У лістападзе 2019 году Міністэрства фінансаў прадказвала правал выкананьня задачы Лукашэнкі, але не такі вялікі. Плянавалі, што па выніках году ВУП вырасьце толькі на 2,9%, а той вырас яшчэ менш.

Як перадае БелТА заяву Чарвякова, праз «адкрытасьць» беларуская эканоміка ўразьлівая да зьнешніх шокаў: звужэньня рынкаў збыту, усталяваньня гандлёвых бар’ераў і абмежаваньняў.

Праз гэта, кажа міністар, Беларусь «недаатрымала ў зьнешнім гандлі 2,5 млрд даляраў, што і стала асноўнай прычынай невыкананьня прагнозных паказьнікаў».

Паводле Белстату, за 2019 год імпарт у Беларусь павялічыўся на 2,3%, а экспарт зьменшыўся на 2,9% — у выніку абарот склаў 99,9% ад леташняга. Прычым істотна ўпаў экспарт у Эўразьвяз (на 17,5%), а экспарт у Расею павялічыўся (на 4,4%).

Да росту ВУП прычыніліся ўнутранае спажываньне і інвэстыцыі, праз раздробны таваразварот спажываньне вырасла на 4% за год. А гэта, у сваю чаргу, было забясьпечана ростам заробкаў і даходаў — і заробкі расьлі хутчэй за тэмпы спажываньня. Інвэстыцыі вырасьлі на 5%.

У першым квартале 2020 году беларуская эканоміка, дадаў міністар, будзе пад уплывам фактараў, улічаных у «бюджэтным» (пэсымістычным) сцэнары прагнозаў, пры якім па выніках цэлага году чакаецца рост ВУП на 1,9%.

За першы квартал, прагназуе Чарвякоў, ВУП складзе «99–100% ад узроўню аналягічнага пэрыяду 2018 году». Гэта значыць, што ВУП упадзе (за І квартал 2019-га ВУП вырас да І кварталу 2018-га на 1,1% у рэальным выражэньні).

Каб «выйсьці на прагнозны паказьнік», на паседжаньні Савету міністраў прапануюць зрабіць акцэнт на рост сфэры паслугаў, падвышэньне эфэктыўнасьці дзяржаўнага сэктару, разьвіцьцё свабодных эканамічных зонаў, Парку высокіх тэхналёгій і Кітайска-беларускага парку.

У 2018 годзе ВУП Беларусі вырас на 3%, у 2017–м — на 2,4%. У 2015 і 2016 годзе ВУП падаў на 3,8% і 2,5% адпаведна. За мінулую «пяцігодку» (2011–2015 гады) былі праваленыя абсалютна ўсе прагнозныя паказьнікі.

На 2020 год беларускія ўлады спачатку заплянавалі рост ВУП на 2,5%, але пасьля крытыкі Лукашэнкі павялічылі гэтую лічбу да 2,8%. Бюджэт на 2020 год разьлічылі на рост ВУП усяго на 1,9%. Паводле прагнозу Ўсясьветнага банку, беларускі ВУП за 2020 год вырасьце на 0,9%, за 2021 і 2022 — на 0,5% за год. МВФ прагназуе рост у 2020 годзе ўсяго на 0,3%.

Усясьветны банк адзначаў сярод праблемаў беларускай эканомікі:

  • адсутнасьць кампэнсацыі расейскага падатковага манэўру;
  • абмежаваныя магчымасьці стымуляваньня ўнутранага попыту;
  • захаваньне структурных праблемаў;
  • аслабленьне зьнешняга попыту;
  • пагаршэньне ўмоваў гандлю пры захаваньні цяперашняга ўзроўню дзярждоўгу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG