Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер Румас незадаволены беларускай эканомікай. Што зь ёй ня так і як гэта адаб’ецца на людзях


Сяргей Румас

Кіраўнік беларускага ўраду Сяргей Румас занепакоены падзеньнем экспарту зь Беларусі — у параўнаньні зь мінулым годам маем зьмяншэньне на 3,1%. МВФ наогул прагназуе запавольваньне росту эканомікі на 7%. Свабода даведалася, што гэта значыць і ці будзе дэвальвацыя.

«Ва ўсім вінаватая расейская нафта»

Па выніках васьмі месяцаў гэтага году экспарт зь Беларусі адстае ад леташняга — тэмпы росту 96,9%. У гэтым Сяргей Румас вінаваціць міністраў, губэрнатараў і Міністэрства замежных спраў. Вялікі ўплыў на гэта, паводле прэм’ера, зрабіла нафта. Сяргей Румас мае на ўвазе пастаўкі няякаснай расейскай нафты на беларускія НПЗ, што запаволіла іх працу, паведамляе БелТА.

Гэта адбілася на пастаўцы нафтапрадуктаў у эўрапейскія краіны. Калі нафту ня ўлічваць, экспарт вырас на 100,9% у параўнаньні зь мінулым годам.

Згодна зь Белстатам, за студзень-ліпень гэтага году экспарт вырас, напрыклад, у Лібан, Армэнію, Туніс, Гану, Ірак ды іншыя краіны, якія не ўваходзяць у ЭЗ. А вось экспарт у ЭЗ, наадварот прасеў. Экспарт у Расею вырас нязначна — 101,7% да мінулага году. Глядзім, як падзеньне экспарту адаб’ецца на людзях.

«Ня выключаная дэвальвацыя і рост цэнаў»

Дэвальвацыя і рост цэнаў пры падзеньні даходаў людзей — такі прагноз дае эканаміст Яраслаў Раманчук, бо чакае, што да выбараў улады будуць штучна ўздымаць даходы грамадзян.

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

«Эканоміку накачваюць, даходы насельніцтва намінальна растуць амаль на 14%, гэта закладае падставы для вельмі небясьпечнай бурбалкі, якая можа абярнуцца дэвальвацыяй і інфляцыяй у 2020 годзе. Гэта адаб’ецца на людзях. Залежыць ад таго, колькі бязглузьдзіцы ўлады наробяць, каб атрымаць палітычны вынік падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў у лістападзе і ў наступным годзе на прэзыдэнцкіх выбарах», — кажа Яраслаў Раманчук.

Эканаміст дадае, што прэтэнзіі Румаса да міністраў неаб’ектыўныя, бо пры цяперашняй эканамічнай мадэлі рост амаль немагчымы.

«Румас хацеў бы, каб яму паверылі, што ўсё праз нафту. Але мы ня бачым канкрэтных стратаў. Расейцы кажуць адно, беларускі бок іншае. Ён мусіў сказаць, што пры такой мадэлі рост на 4%, як яны плянавалі, немагчымы», — упэўнівае Яраслаў Раманчук.

«Рост эканомікі запавольваецца зь мінулага году»

Пры адсутнасьці рэформаў рост у 1% — гэта адзінае, на што здольная беларуская эканоміка, мяркуе старшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб. Калі ўлады ня будуць штучна ўздымаць даходы, цяжкіх наступстваў ня будзе, упэўнены эканаміст.

Вадзім Іосуб
Вадзім Іосуб

«Цяпер адбываецца заканамерны, чаканы вынік, які нікога ня можа зьдзівіць. Заявы нашага ўраду палітычныя, у нас жа ёсьць прагноз росту ў 4%, таму трэба даваць нейкія тлумачэньні. Рост эканомікі запавольваецца яшчэ зь мінулага году. У нас доўга было павышэньне цэнаў, што суправаджалася ростам заробкаў. Цяпер, нягледзячы на нізкія тэмпы росту, у нас назіраецца фінансавая стабільнасьць. Наступствамі можа быць толькі запавольваньне ростаў даходаў людзей. Але ня факт, што будзе нейкае падзеньне даходаў», — кажа Вадзім Іосуб.

Што да штучнага падняцьця даходаў да выбараў, то Вадзім Іосуб спадзяецца, што гэтага ня будзе. Бо ёсьць прыклад 2015 году, калі таксама былі прэзыдэнцкія выбары, а штучнага росту даходаў не адбылося.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG