Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракапеня: Лукашэнка падтрымаў ідэю крэдытаў на адукацыю ў ІТ


Віктар Пракапеня, архіўнае фота

Беларускі бізнэсовец Віктар Пракапеня расказаў на Facebook пра свой удзел у «ІТ-нарадзе» ў Аляксандра Лукашэнкі 14 кастрычніка. Паводле яго, у Парку высокіх тэхналёгій ужо працуюць над трэцім «ІТ-дэкрэтам».

Пракапеня ня мае афіцыйных пасадаў у кіраўніцтве ПВТ, але цяпер нярэдка разважае пра функцыі і будучыню Парку. Пасьля знаёмства з Лукашэнкам ён стаў ініцыятарам другога «ІТ-дэкрэту». Стваральнік інвэстыцыйнага фонду VP Capital лічыцца найбуйнейшым падаткаплатнікам сярод беларускіх фізычных асобаў.

Пракапеня хоча, каб грошы з кампаній ПВТ ішлі на адукацыю

Пракапеня згадвае, што цяпер у фонд ПВТ паступае 1% выручкі кампаній Парку (каля 15 млн даляраў на год), і гэтыя грошы часткова ідуць на сацыяльныя праграмы.

Паводле Пракапені, грошы павінны ісьці на адукацыйныя праграмы, бо «праблемы экалёгіі, бясьпекі, мэдыцыны і г.д. вырашаюцца, калі краіна багацее, а багацее яна, калі мяняецца падыход да адукацыі і эканомікі ведаў».

На сустрэчы з Лукашэнкам, кажа ён, абмяркоўвалі падвышэньне гэтых выплатаў у фонд ПВТ да 1,25% выручкі.

ІТ-крэдыт — каму і колькі?

Цяпер у ПВТ, адзначае Пракапеня, больш як 160 курсаў па 20 напрамках, пасьля якіх амаль тры тысячы чалавек знайшлі працу ў IT-кампаніях. Але гэткія курсы «рэлевантныя для вялікіх гарадоў», у малых жа перавучыцца на «айцішніка» — гэта праблема, бо ня ў кожнага ёсьць грошы на навучаньне. Вышэйшыя навучальныя ўстановы прапануюць пашырыць ІТ-спэцыяльнасьці на 600 чалавек у год, а «галіне трэба ў 5 ці нават 10 разоў больш».

Таму, сьцьвярджае Пракапеня, Лукашэнка і Нацыянальны банк падтрымалі ідэю крэдытаў на адукацыю ў IT-галіне. Крэдыты могуць давацца пад такія ўмовы:

  • Да 6000 рублёў на 5 гадоў.
  • Крэдыт выплачваецца з адтэрміноўкай на два гады — пасьля роўнымі долямі цягам трох гадоў.
  • Магчымы паўторны крэдыт пасьля вяртаньня першага.
  • Празь ня менш як паўгода мае зьявіцца сьпіс курсаў і арганізацыяў, што ўдзельнічаюць у праекце, і дакладныя ўмовы крэдыту.
  • Кандыдаты на атрыманьне крэдыту праходзяць адбор, пасьля з дамовай на навучаньне ідуць у банк, а банк пасьля ўхваленьня крэдыту вяртаецца ў фонд ПВТ па кампэнсацыю крэдыту — і ўрэшце выдае грошы будучаму навучэнцу.
  • Такім чынам хочуць крэдытаваць звыш 30 тысяч чалавек на год.
  • Платнае навучаньне патрэбнае як «фільтар», каб «вызначыць матываваных на вынік».

Што з IT-унівэрсытэтам?

Дзяржаўныя СМІ паведамлялі, што Лукашэнка падтрымаў ідэю стварэньня новага ІТ-унівэрсытэту. Пракапеня раскрыў некаторыя новыя дэталі:

  • Унівэрсытэт ствараецца «для экспэрымэнтальных падыходаў да навучаньня».
  • Некаторым школам дазволяць далучыцца да ПВТ, каб праверыць розныя экспэрымэнтальныя праграмы — калі будзе пазытыўны вынік, такія праграмы пашыраць на ўсю краіну.
  • Лукашэнка, адзначае Пракапеня, падкрэсьліў, што «ў адукацыі бардак», і калі гэта ня будзе выпраўлена, у краіне будзе новы міністар адукацыі.

Пракапеня мае пляны на нараду па адукацыі

Лукашэнка таксама плянуе правесьці яшчэ адну нараду па адукацыі. Пракапеня хацеў бы абмеркаваць на гэтай нарадзе перафарматаваньне назіральнай рады, пашырэньне спонсарскай дапамогі, дэбюракратызацыю, падвышэньне заробкаў настаўнікаў, раньняе прафіляваньне вучняў, дыстанцыйную адукацыю і іншае.

Ці запросяць Пракапеню на адукацыйную нараду да Лукашэнкі, афіцыйна не паведамлялася.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG