Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад палепшыў эканамічны прагноз на загад Лукашэнкі. Што зьмянілася

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота

Савет міністраў Беларусі апублікаваў апісаньне новых прагнозаў адносна беларускай эканомікі ў 2020 годзе. Урад наўпрост прызнаецца: прагназаваныя тэмпы росту эканомікі павялічаныя «з улікам даручэньня кіраўніка дзяржавы».

Раней урад прапаноўваў вызначыць у ліку ключавых паказьнікаў эфэктыўнасьці сваёй працы на 2020 год рост валавага ўнутранага прадукту на 2,5%. Але ў верасьні Аляксандар Лукашэнка ​адправіў на дапрацоўку ўвесь пакет прагнозных дакумэнтаў ураду, хоць і насьцярожыўся, што рост эканомікі «ня толькі сьціплы, але і вельмі няўстойлівы».

Прэм’ер-міністар Сяргей Румас тады тлумачыў: Лукашэнка «палічыў пляны ўрада недастаткова напружанымі». Цяпер пляны на 2020 год такія:

  • рост ВУП на 2,8% (было 2,5%);
  • рост экспарту тавараў і паслугаў на 3,6% (было на 3,3%);
  • дадатнае сальда зьнешняга гандлю на ўзроўні 1% ВУП (столькі і было);
  • рост рэальных заробкаў на 2,5% (было 2,1%);
  • дэфіцыт рэспубліканскага бюджэту — 995,1 млн рублёў або менш за 1% ВУП (было 1,3% ВУП).

Абноўлена. Лукашэнка зацьвердзіў гэты прагноз 1 лістапада.

Атрымаецца?

Замежныя экспэрты так ня лічаць. Напрыклад, Міжнародны валютны фонд прагназуе, што ў 2020 годзе ВУП Беларусі вырасьце ўсяго на 0,3%. Усясьветны банк пакуль больш аптымістычны: чакае росту ВУП Беларусі на 1,3% у 2020 годзе.

Таксама пакуль ня ўсё ідзе паводле пляну ў 2019 годзе. ​На сёлета Лукашэнка ставіў задачу росту ВУП на 4%, бюджэт краіны сфармаваны зыходзячы з кансэрватыўнага сцэнару росту эканомікі на ўзроўні 2,1%. А за першыя дзевяць месяцаў году ВУП вырас толькі на 1% да аналягічнага мінулага пэрыяду.

Акрамя таго, на мінулую «пяцігодку» (2011–2015 гады) былі праваленыя абсалютна ўсе прагнозныя паказьнікі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG