Лінкі ўнівэрсальнага доступу

13 прызнаных правалаў і 8 з паловай дасягненьняў «чацьвёртай пяцігодкі»


Дзяржаўныя СМІ распаўсюдзілі 17 чэрвеня «Асноўныя палажэньні праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады», якая будзе прынятая (у гэтым дзяржаўныя СМІ не сумняваюцца) на пятым Усебеларускім народным сходзе. Тэрмін праграмы пазначаецца савецкім азначэньнем «пятая пяцігодка».

Чытайце таксама: 22 абяцаньні ў праграме разьвіцьця Беларусі на «пятую пяцігодку»

У праекце праграмы акрамя плянаў на наступную пяцігодку падводзяцца і вынікі мінулай.

8 з паловай дасягненьняў «чацьвёртай пяцігодкі»

— Уваходжаньне Беларусі ў 50 краінаў з высокім узроўнем чалавечага разьвіцьця (у 2000 годзе краіна была на 68 месцы).

— Рост валавога ўнутранага прадукту на душу насельніцтва на 15% за 5 год, да 17,7 тысяч даляраў.

— Зьніжэньне долі малазабясьпечанага насельніцтва за пяць год з 7,3% да 5,1%.

— Паляпшэньне дэмаграфіі, пачатак росту насельніцтва ўпершыню за 20 год, рост колькасьці народжаных дзяцей за год на 0,4%.

— Рост забясьпечанасьці насельніцтва жытлом за пяць год з 24,6 м² да 26,5 м² на чалавека.

— Укладаньне ў «мадэрнізацыю» прамысловасьці і сельскай гаспадаркі больш за $40 млрд. «Абнаўленьне» галіны дрэваапрацоўкі, засваеньне сэрыйнай вытворчасьці легкавых аўто, будаўніцтва заводу па вытворчасьці электрацягнікоў, увядзеньне ў эксплюатацыю 1184 малочных комплексаў.

— Выхад мэдыцыны «на ўсясьветны ўзровень». Канкрэтныя лічбы і пазыцыі ў рэйтынгах не прыводзяцца.

— Курс на «паскораную інфарматызацыю», выхад за пяць год з 50 на 36 месца ва ўсясьветным рэйтынгу разьвіцьця інфармацыйна-камунікацыйных паслугаў.

— Пачатак будоўлі Беларускай АЭС у Астраўцы. Гэты пункт чамусьці згадваецца толькі адным сказам у разьдзеле пра «мадэрнізацыю», таму будзем лічыць гэта паловай пункта.

Што не згадалі: замарожваньне і зьняцьце большасьці замежных санкцыяў, пэўная лібэралізацыя ў палітычнай сфэры, падрыхтоўка да дэнамінацыі беларускага рубля.

13 прызнаных правалаў

— Падзеньне экспарту па ўсіх напрамках, прыбыткаў прадпрыемстваў і бюджэту. Гэта тлумачыцца крызісам у Расеі і ва Ўкраіне, бо «дабрабыт залежыць ад зьнешніх фактараў, найперш пакупніцкай здольнасьці гандлёвых партнэраў». І гэтым тлумачыцца тое, што «шэраг намечаных задачаў» на мінулую пяцігодку ня быў вырашаны: зьнешнія абставіны, як сьцьвярджаецца, былі «не адзінай прычынай» эканамічных цяжкасьцей, а толькі «абвастрылі» праблемы беларускай эканомікі.

— Запавольваньне тэмпаў росту эканомікі. Ніжэйшыя за заплянаваныя рост ВУП, экспарту, рэальных прыбыткаў насельніцтва.

— Рост інфляцыі, дэвальвацыя. Пра тое, што за 2011-2015 гады беларускі рубель упаў да даляра больш чым у 6 разоў і працягнуў падзеньне ў 2016-м, гаворыцца: «Не атрымалася забясьпечыць стабільнасьць беларускага рубля».

— Рост зьнешняй запазычанасьці на траціну за пяць год, з $28,4 млрд да $38,256 млрд.

— Адсутнасьць маштабных прамых замежных інвэстыцыяў у эканоміку. «У аснову бярэцца крэдытаваньне, то бок жыцьцё ў доўг», — гаворыцца ў дакумэнце.

— «Напружанасьць» з выплатай заробкаў «ў асобных выпадках», «некаторыя» прадпрыемствы аказаліся ў «цяжкім фінансавым становішчы».

— Ня вырашаная праблема нізкай прадукцыйнасьці працы і высокіх выдаткаў на вытворчасьць.

— Падзеньне якасьці прадукцыі і канкурэнтаздольнасьці, тармажэньне інавацыяў.

— Тэхналёгіі кіраваньня вытворчасьцю «адстаюць ад патрабаваньняў часу».

— Захаваньне невысокай долі малога і сярэдняга бізнэсу.

«Праблемы сур’ёзныя, але не катастрафічныя, — рэзюмуецца ў дакумэнце. — Іх пераадоленьне стане адной з ключавых задач бягучай пяцігодкі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG