Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінфін заплянаваў правал задачы Лукашэнкі на рост эканомікі


Міністэрства фінансаў Беларусі апублікавала дакумэнт (PDF) аб асноўных напрамках бюджэтна-фінансавай і падатковай палітыкі Беларусі на 2020–2022 год. У ім ёсьць і прагноз на вынікі 2019-га.

Па выніках 2019 году Мінфін чакае росту аб’ёмаў рэальнага валавага ўнутранага прадукту на 2,9% да мінулага году.

Гэта істотна менш, чым задача, якую ставіў на 2019 год Аляксандар Лукашэнка — плянаваўся рост ВУП на «ня менш за 4%» у суадносных цэнах.

Бюджэт краіны на бягучы год фармавалі зыходзячы з кансэрватыўнага сцэнару росту эканомікі на ўзроўні 2,1%.

МВФ і Ўсясьветны банк чакаюць, што ў 2019 годзе беларуская эканоміка вырасьце на 1,5%. Паводле ацэнак Эўразійскага банка разьвіцьця, ВУП Беларусі ў 2019 годзе вырасьце на 1,2%.

За студзень — верасень 2019 году рэальны ВУП вырас усяго на 1% да студзеня — верасьня 2018-га.

За 2018 год ВУП Беларусі вырас на 3% да 2017-га пры афіцыйным прагнозе росту на 3,5%. На мінулую «пяцігодку» (2011–2015 гады) былі праваленыя абсалютна ўсе прагнозныя паказьнікі.

Прагнозы па ВУП на 2020 год — на любы густ

30 ліпеня ўрад Беларусі вызначыў эканамічныя задачы на 2020 год, у ліку якіх быў рост ВУП на 2,5%. Лукашэнка «палічыў пляны ўрада недастаткова напружанымі» — урад перапісаў прагноз. Рост ВУП цяпер плянуюць на 2,8%.

Бюджэт Беларусі на 2020 год пакуль разьлічваюць з прагнозу на рост ВУП на 1,9%.

Міжнародны валютны фонд прагназуе, што ў 2020 годзе ВУП Беларусі вырасьце ўсяго на 0,3%. Усясьветны банк пакуль больш аптымістычны: чакае росту ВУП Беларусі на 1,3% у 2020 годзе.

З інфляцыяй пакуль атрымліваецца

Рост цэнаў тым часам пакуль укладваецца ў прагнозы: паводле Мінфіну, у першым паўгодзьдзі чакалі 3,5% — выйшла 2,9%. На ўвесь 2019 год Лукашэнка ставіў задачу ўтрымаць індэкс спажывецкіх цэнаў у межах 5%.

З канца 2018 году да верасьня цэны вырасьлі на 3,4%.

І тры гады дэфіцыту бюджэту

Бюджэт Беларусі на 2020 год пакуль плянуюць з дэфіцытам (паводле Мінфіну, ён складзе 1,4 млрд рублёў) і ўлікам стратаў ад расейскага падатковага манэўру і спыненьня перамытненьня нафты.

Але Мінфін чакае, што і ў 2021, і ў 2022 гадах будзе дэфіцыт бюджэту. Ды не такі вялікі: 0,2 млрд і 0,1 млрд рублёў адпаведна.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG